И в Беларуси много чудесных мест

img_4973Пра аграэкатурызм, яго перспектывы развіцця на Лепельшчыне на старонках раённай газеты неаднаразова расказвалася. У цяперашні час у раёне працуюць 24 аграэкасядзібы. Гэта шмат ці не? Вядома, гэту колькасць немагчыма параўнаць са мноствам сядзіб ля браслаўскіх азёр, якіх налічваецца больш за дзвесце, але не так і мала ў параўнанні з астатнімі раёнамі вобласці. Акрамя таго, заўважаецца станоўчая тэндэнцыя — па словах загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Алены Скорбы, да канца года будуць аформлены належныя дакументы на яшчэ тры аграсядзібы, якія хутка пачнуць сваю дзейнасць.
Якія ж фактары стрымліваюць развіццё такога віду бізнесу, рост колькасці аграсядзіб у Беларусі і на Лепельшчыне ў прыватнасці? Самы галоўны фактар, па словах уладальнікаў аграэкасядзіб з многіх рэгіёнаў рэспублікі, заключаецца ў тым, што прыём гасцей — гэта не бізнес-праект, а праект сацыяльны, культурны, накіраваны найперш на павышэнне самазанятасці жыхароў у сельскай мясцовасці, папулярызацыю беларускай народнай культуры, а таксама знаёмства наведвальнікаў з багаццем нашай прыроды, гістарычнай і архітэктурнай спадчынай. Аграсядзібы — гэта не рэстаранны бізнес, дзе магчымыя вялікая плынь кліентаў, хуткі абарот значных сум грошай і высокая рэнтабельнасць пры правільнай бізнес-мадэлі. Тыповая аграсядзіба Лепельшчыны можа прыняць адначасова да сямі-дзесяці гасцей, якія заплацяць па дзесяць-трыццаць рублёў за суткі. Аднак гэта ў лепшым выпадку. У мінулыя выхадныя аўтар гэтых радкоў праехаў па бліжэйшых аб’ектах агратурызму. Толькі ў адным, на сядзібе “У Гаўрылавіча” ў вёсцы Двор Парэчча, гасцявалі трое рыбаловаў-аматараў з Мінска. Астатнія пуставалі, толькі гаспадары на іх працавалі, наводзілі парадак, прыгажосць і рыхтавалі да зімовага перыяду.
Другая прычына малой папулярнасці аграсядзіб стала зразумелай у нядаўняй размове. Аднойчы ў кампаніі з дзевяці чалавек я задаў пытанне: “Ці ездзіў хто-небудзь з вас сёлета ў турыстычныя паездкі, экскурсіі па Беларусі і куды?”. Як аказалася, толькі двое суразмоўцаў у водпусках не знаходзіліся дома, а ездзілі, але не па Беларусі, а за мяжу: адзін — у Турцыю, другі — у Егіпет. Большасць лепяльчан і вяскоўцаў не маюць дастаткова сродкаў, каб, не задумваючыся, выдзеліць выхадныя і з’ездзіць у Гродна, Брэст або Гомель, пабачыць мясцовыя прыгожыя мясціны, прыродныя і культурныя помнікі. А калі і збіраюцца ехаць, то спачатку паглядзяць не на сайт аградзіб ці гасцініц, а ў свае тэлефонныя запісныя кніжкі, каб вызначыць, ці ёсць там родныя, сябры і знаёмыя. Матывацыя простая — пераначаваць у іх, а не засяляцца ў гасцініцу ці аграэкасядзібу. Так і атрымліваецца, што беларусы, і лепяльчане ў тым ліку, працуюць год, каб потым на дзесяць дзён выехаць у далёкую краіну, дзе ёсць сонца, мора і “ўсё ўключана”.
— Турызм знешні, калі да нас будуць прыязджаць з-за мяжы, спыняцца на беларускіх, у тым ліку і лепельскіх, аграэкасядзібах, пачынаецца з турызму ўнутранага, калі нашы людзі стануць часцей ездзіць па Беларусі, захапляцца яе прыгажосцю і гэтае захапленне будуць перадаваць у сацыяльных сетках, на інтэрнэт-старонках у выглядзе фотаздымкаў, пастоў, відэаролікаў, — пераканана Вольга Маханенка, актывіст аграсядзібнага руху, уладальніца аграсядзібы ў Старым Лепелі.
І ўсё ж не варта думаць, што справы ідуць дрэнна. Многія аграсядзібы Лепельшчыны летам, у самы турыстычны сезон, былі запоўнены на ўсе выхадныя, а часта і ў буднія дні.
Як жа апісаць тыповага беларускага турыста? Хто часцей наведвае лепельскія аграсядзібы? Што турыстам цікава? Чаго яны шукаюць, якіх уражанняў?
Умоўна турыстаў можна падзяліць на некалькі катэгорый. На сядзібу “У Гаўрылавіча” да Аляксея Часнакова на мінулых выхадных прыязджалі аматары рыбнай лоўлі. Мужчыны прыехалі са сваім надзіманым чоўнам і рыбалоўнымі прыладамі. Занялі дом, адпачывалі культурна, спакойна, больш сядзелі на возеры, а ў апошні дзень папрасілі гаспадара напаліць лазню. Такіх гасцей найперш за ўсё цікавіць рыбная лоўля, каб вярнуцца дахаты з адметным трафеем.
Другая катэгорыя — кампаніі, якія выбіраюцца з горада, каб адпачыць на прыродзе, у далечыні ад свайго месца жылля або працы, засмажыць і паесці шашлыку. Аграсядзібу яны выбіраюць таму, што не жадаюць або не могуць па розных прычынах утрымліваць сваю дачу. Праўда, лепельскія ўладары аграсядзіб такіх гасцей у апошнія гады не ахвотна запрашаюць. За час працы многія ўжо маюць сваіх кліентаў і аддаюць перавагу трэцяй катэгорыі гасцей — сем’ям з дзецьмі. Зноў жа жыхары гарадоў, якія па розных прычынах не маюць дач, прыязджаюць на сядзібы, каб дзеці летам выехалі на прыроду, пагулялі па лесе і пакупаліся ў азёрах.
— Якая дапамога, на ваш погляд, патрэбна аграсядзібнаму руху, каб ён атрымаў імпульс і пачаў актыўна развівацца? — задаваў я неаднаразова пытанні ўладальнікам аграсядзіб.
Яны ж амаль усе адказвалі, што заканадаўчыя ўмовы, сістэма падаткаабкладання, патрабаванні да афармлення дакументацыі іх у асноўным задавальняюць, асабліва нічога радыкальна мяняць не трэба. З іншага боку, не ўсе людзі могуць быць прадпрымальнікамі, весці сваю справу і праяўляць дзелавую ініцыятыву.
Да некаторых аграаб’ектаў варта было б падвесці інжынерныя сеткі: наладзіць дарогу і электраэнергію. Самае галоўнае, чаго просяць уладальнікі аграсядзіб, гэта каб грошай у беларусаў было больш і каб яны часцей выязджалі на адпачынак па сваёй краіне, бо ў нас сапраўды ёсць шмат цудоўных мясцін.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.