Ирина Соколовская — пример для многих работников культуры

Кожны раз, сустракаючыся з гэтай мілай жанчынай, я не перастаю захапляцца яе бясконцай творчай энергіяй, уменнем усюды паспяваць і жаданнем дарыць людзям радасць. Ірына Сакалоўская аддала рабоце ў галіне культуры больш за 20 год. З імем гэтай жанчыны звязана дзейнасць вакальнай групы “Кампанэла”, паколькі менавіта яна зяўляецца яе заснавальнікам. Цудоўныя выступленні ўдзельнікаў ансамбля становяцца ўпрыгажэннем многіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў раёне, і кожны раз яны па-асабліваму ўражваюць гледачоў. Вядома, што паспяховая дзейнасць калектыву — гэта заслуга яго кіраўніка, які ў сваю работу ўкладвае часцінку сэрца.
— Прызнаюся шчыра: маю любімая работа, песня, сцэна — гэта ўсё маё жыццё, мае радасць і задавальненне. Я не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі і ўпэўнена ў галоўным: калі ў сваю справу ўкладваеш часцінку душы, гледачы гэта абавязкова ацэняць.
Ірына расказвае мне пра свае яркія творчыя будні, работу з адоранымі дзецьмі, а я на некаторы момант вяртаюся на некалькі дзясяткаў год таму — той час, калі Ірына толькі пачала сваю прафесіную дзейнасць.
…Гады дзяцінства Ірыны прайшлі ў г.Наваполацку. Дзяўчынка з маленства захаплялася творчасцю, спевамі і паспяхова вучылася ў сярэдняй школе №3 з харавым ухілам. Тут жа яна спасцігала навыкі ігры на фартэпіяна. Скончыўшы 9 класаў школы, Ірына з лёгкасцю паступіла ў Наваполацкае музычнае вучылішча (зараз каледж) на спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне”. Ужо ў час вучобы ў вучылішчы Ірына зразумела, наколькі блізкая для яе абраная прафесія. Дзяўчына магла гадзіны праводзіць за музычным інструментам, цудоўна спявала, і за любімым заняткам час пралятаў непрыкметна. Атрымаўшы ў Наваполацкім музычным вучылішчы кваліфікацыю настаўніка па класе вакалу, харавых і тэарэтычных дысцыплін, Ірына па размеркаванні прыехала працаваць у Заслонаўскую музычную школу.
Дзяўчыне, якая прывыкла да вірлівага жыцця ў вялікім горадзе, спачатку было вельмі нялёгка прызвычаіцца да ціхіх, размераных будняў у ваенным гарадку. Аднак паступова гэты спакойны жывапісны куток стаў для маладога педагога другой радзімай. Пачалі ўражваць сваімі першымі поспехамі вучні. Сярод сваіх калег Ірына ўбачыла сапраўдных сяброў і аднадумцаў. Так у маладой творцы і ўзнікла ідэя заснаваць творчы калектыў — вакальную групу “Кампанэла”. Маладыя педагогі з задавальненнем сталі ўдзельнікамі адзінай творчай суполкі і свае яркія ідэі ажыццяўлялі на сцэне. З цягам часу выканаўчы ўзровень вакальнай групы толькі ўзрастаў, і ў “Кампанэлы” зявілася шмат прыхільнікаў не толькі ў раёне, вобласці, а і ва ўсёй рэспубліцы. У рэпертуар групы ўвайшлі песні мінулых гадоў, прысвечаныя вечным тэмам кахання, любові да радзімы, светламу пачуццю мацярынства, шлягеры 70-ых, 80-ых гадоў і сучасныя творы. І кожнае выступленне ўдзельнікаў групы закранае глыбокія струны душы. Па ініцыятыве Ірыны Сакалоўскай быў таксама створаны вакальны квінтэт, які ўвайшоў у склад вакальнай групы.
У цяперашні час “Кампанэлай” вядзецца цеснае супрацоўніцтва з шэрагам службаў раёна: упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі райвыканкама і, вядома, 19-й асобнай Гвардзейскай ордэна Суворава II ступені механізаванай брыгадай. Удзельнікі вакальнай групы шчыра адгукаюцца на запрашэнні работнікаў дзяржаўнай установы культуры “Лепельская ЦБС”, ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна”, раённага краязнаўчага музея, ДУ “Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”, дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” і многіх іншых устаноў. Частым госцем на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, зяўляецца і вакальны квінтэт.
Шчырай прыхільніцай вакальнай групы “Кампанэла” зяўляюся і я сама. Калі даведваюся пра тое, што ў бліжэйшы час запланаваны канцэрт “Кампанэлы”, пакідаю ўсе свае справы і разам з роднымі, сябрамі абавязкова наведваю цудоўныя выступленні. З задавальненнем слухаю пранікнёныя спевы — і ніколі не магу стрымаць слёз… Вядома, што шчырая, задушэўная песня заўсёды закранае струны душы.
Плённая праца Ірыны Сакалоўскай неаднаразова была адзначана шэрагам заслужаных узнагарод. Так, у 2015 годзе настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі “Заслонаўская дзіцячая школа мастацтваў” за шматгадовую творчую дзейнасць у галіне культурна-адукацыйнай дзейнасці і ў сувязі з Днём работнікаў культуры была ўзнагароджана Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Выдатны педагог і тонкі псіхолаг, Ірына Сакалоўская да кожнага са сваіх выхаванцаў умее знайсці індывідуальны падыход. Не дзіўна, што ў яе нямала здольных вучняў, якія дасягаюць значных вышынь. Так, Ірына Уладіміраўна паспяхова падрыхтавала да ўдзелу ў фестывалі-конкурсе маладых выканаўцаў імя М.Пятрэнкі ў г.Полацку Ганну Каляганаву і вакальную групу “Сузоре”. За плённую работу педагог і кіраўнік вакальнага калектыву дзяржаўнай установы адукацыі “Заслонаўская дзіцячая школа мастацтваў” узнагароджана Падзякай фестывалю маладых выканаўцаў імя М.Пятрэнкі. У час мерапрыемства Ганна Каляганава атрымала Дыплом II ступені маладых выканаўцаў імя М.Пятрэнкі і ўзнагароджана Падзякай за выкананне аўтарскай песні “Нашчадкі” на гэтым жа фестывалі. Ансамбль “Сузоре” на фестывалі быў узнагароджаны Дыпломам I ступені. У 2015 годзе Ганна Каляганава прыняла ўдзел у V адкрытым конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Новы рух” (г.Мінск), дзе была ўзнагароджана Дыпломам удзельніка. Дзяўчынка таксама выдатна выступіла ў абласным свяце-конкурсе юных вакалістаў “Мелодыі вясны”. І тут дзяўчынка была ўзнагароджана Дыпломам удзельніка. Адораная дзяўчынка стала пераможцай у шоу-праграме “Фестываль мастацтваў”, які праводзіўся ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, паспяхова прыняла ўдзел у Маладзёжным конкурсе-шоу “Нашы песні — роднаму краю”, дзе атрымала Дыпломы самадзейнага аўтара і ўдзельніка. Ігару Урбану, якія ў той час узначальваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, было выслана Падзячнае пісьмо, а аўтарская песня Ганны Каляганавай запісана на дыск і ўключана ў зборнік самадзейных песень аўтараў Віцебскай вобласці.
Нямала творчых перамог і на рахунку вакальнай групы “Кампанэла”. У ліпені 2015 года ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе харавога мастацтва “Пеўчае поле”, які праводзіўся ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, калектыў быў узнагароджаны Дыпломам “За дакладнае ўвасабленне традыцый народных спеваў”. У 2016 годзе “Кампанэла” стала ўладальніцай Дыплома ўдзельніка абласнога свята духоўнай музыкі ў г.Віцебску. У гэтым жа годзе Ірына Сакалоўская, як кіраўнік вакальнай групы і старшага хору, узнагароджана граматай дзяржаўнай установы адукацыі “Заслонаўская дзіцячая школа мастацтваў” за добрасумленную работу, творчасць і прафесійнае майстэрства. Дыпломам абласнога свята духоўнай музыкі, які праходзіў у г.Віцебску, вакальная група “Кампанэла” была ўзнагароджэана і ў студзені 2017 голда. І гэта далёка не ўвесь пералік перамог, якія ў свой час атрымаў калектыў “Кампанэлы”. У красавіку 2018 года вакальнай групе было прысвоена званне народнай.
— Вядома, што творчыя поспехі — гэта гадзіны нялёгкіх рэпетыцый, імкненне да пастаяннага самаўдасканалення. Што ж зяўляецца для вас крыніцай энергіі?
— Творчасць бярэ пачатак у душы, таму галоўнай крыніцай энергіі для мяне зяўляецца імкненне жыць у гармоніі з прыродай, людзьмі, якія знаходзяцца побач. Мая работа дорыць мне невыказную асалоду і сапраўднае шчасце. Удвая прыемна, калі ў час нашых выступленняў гледачы пражываюць гэтыя шчаслівыя хвіліны разам з намі, — шчыра прызнаецца суразмоўца.
Пасля размовы з Ірынай сэрца напоўнілася невыказнай цеплынёй і пяшчотай. Ад душы дзякую выдатнаму педагогу за размову, і ад сэрца ідуць пажаданні: “Няхай жа гэта прыгожая залатая восень падорыць Ірыне прыліў новай энергіі і сіл, а па жыцці будзе надзейнай спадарожніцай песня, якая заўсёды акрыляе і ўпрыгожвае нашы будні!
На фота: Ірыне Сакалоўскай дорыць новыя творчыя ідэі прыгажосць залатой восені.
Тэкст і фота: Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.