Извилистая тропинка педагога

img_7799Асабіста для мяне словазлучэнне “малады спецыяліст” падаецца крыху аксюмаранам. Калі ты малады, да станаўлення спецыялістам яшчэ вельмі далёка. Пройдзе не адзін год. Добра, калі ты сустрэнеш на сваім прафесійным шляху больш вопытных калег, якія падкажуць, дапамогуць і выслухаюць. Малады спецыяліст Валянціна Лавейка лічыць, што ў гэтым плане ёй пашанцавала.
Вельмі часта ад рашэння, якое мы прымаем на пэўным этапе свайго жыцця, залежыць наш далейшы лёс. Хто ведае, дзе зараз лячыла б жывёл Валянціна, калі б выбрала прафесію ветэрынара. Да якой, дарэчы, раней і схілялася. Цягнула да гэтага выбару любоў да братоў нашых меншых, якая ў Валянціны з’явілася з дзяцінства. Аднак, ураджэнка аграгарадка Чарневічы Глыбоцкага раёна вырашыла пакрочыць па педагагічнай сцяжынцы. Пасля заканчэння дзевяці класаў Чарневіцкай сярэдняй школы паступіла ў Полацкі дзяржаўны педагагічны каледж імя П. М. Машэрава. Маці спачатку спрабавала адгаварыць, ведала, які цяжкі настаўніцкі хлеб. Але потым змірылася з выбарам дачкі.
Пачуцці Валянціны, пэўна, знаёмыя кожнаму студэнту. Сум па дому і блізкіх людзях, хваляванні пра далейшую вучобу, адносіны з будучымі аднагрупнікамі… Часам хацелася нават вярнуцца. Спыняла адно: даказаць усім, і ў першую чаргу сабе, што зможа справіцца. Зразумела, потым стала прасцей. Пазнаёмілася з сяброўкамі, з’явіліся любімыя прадметы: педагогіка і псіхалогія. І зноў жа, сваю ролю адыграла і майстэрства выкладчыкаў Ірыны Шкрэбы і Ірыны Лабёнак.
Студэнцкія будні… Мала таго, што гэта адны з самых запамінальных момантаў твайго жыцця, да таго ж і пралятаюць яны вельмі хутка. Неўзабаве Валянціна здала экзамены і атрымала размеркаванне. Аднак загадкавасці ў першым працоўным месцы не было — быў запыт з аддзела па адукацыі Лепельскага райвыканкама.
З пятнаццатага жніўня бягучага года Валянціна Лавейка займае пасаду педагога-арганізатара ў сярэдняй школе №3. Цудоўна разумею разгубленасць маладога педагога. Мала таго, што трэба наладзіць стасункі з дзецьмі, дакументацыі неабходна яшчэ шмат пісаць. Што зробіш, вечная праблема настаўнікаў, калі з-за паперкі часта няма часу на вучняў…
Валянціне прыйшлі на дапамогу сацыяльны педагог Юлія Мастаўнікова, музычны кіраўнік Алеся Пячкоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Драбышэўская, кіраўнік школьнага музея Аліна Корсак і іншыя.
Неўпрыкмет закружыла дзяўчыну ў вірлівым школьным жыцці. Збор піянерскай дружыны імя Ю. Смірнова, конкурс “Асенні блюз”, для якога рабілі з непатрэбнага матэрыялу шыкоўнае адзенне…
На пытанне, які горад больш падабаецца, Глыбокае альбо Лепель, Валянціна адказала, як мне падалося, шчыра.
— Так, спачатку мне было не вельмі ўтульна. Аднак з цягам часу Лепель стаў бліжэй. І зараз я магу сказаць, што літаральна закахалася ў лепельскія краявіды.
Яўген МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.