К счастью это был только гром

sam_6998

Нашы на турзлеце на Ведрыцы.

Яшчэ не адаспаліся як след. Яшчэ свежыя ўспаміны і ўражанні. Як кажуць па гарачых слядах сустрэўся я з Яўгенам Скакуном і Кірылам Арцёмавым, навучэнцамі 271 групы каледжа, якія былі ў камандзе, што днямі вярнулася з турыстычнага злёту.

Турызм як для Жэні, так і для Кірыла — справа звычайная, і турзлётамі іх не здзівіш. Гэта ў іх яшчэ са школы. Не дарэмна трапілі ў каманду валанцёрамі. Хлопцы добрыя душою, шчырыя, адкрытыя. Хоць і ў розных раёнах жывуць, хоць і ў розных школах вучыліся, ды аб’яднаў турызм. Ён — і хоббі, ён — і спорт. Жэня — з Чашнікаў. Вырас на вялікіх азёрах, у вёсцы Вяцера, у бабулі з дзядулем. Заўзяты рыбак, любіць тэхніку. Хоча стаць зваршчыкам. Кірыл, у адрозненне ад сябра, ціхі, негаваркі. Крышачку філосаф. Жыве ў Віцебску. Гуляе ў футбол, баскетбол.
Каледж пазнаёміў іх, турызм аб’яднаў, а зараз вось выконвае турызм і яшчэ адну высакародную місію — міласэрнасці. Ну, ды пра ўсё па парадку.
Справа ў тым, што рэспубліканскі турыстычны злёт, на які ездзілі нашы хлопцы, а разам з імі і яшчэ двое першакурснікаў з 269-й групы Мікіта Матыка і Раман Салавей, а таксама педагог-арганізатар Святлана Стэльмах, быў не зусім звычайны. Гэта была своеасаблівая акцыя міласэрнасці. На возеры Ведрыца ў Чэрвеньскім раёне на Міншчыне вырашылі пазмагацца турысты. Ды якія! Многія з іх — альбо зусім сляпыя, альбо са слабым зрокам. Вядома, змагацца ім давялося б не на паласе перашкод, а дома, са сваімі хваробамі, калі б не валанцёры, якія раптам расквецілі шэрыя будні інвалідаў па зроку і падарылі ім спартыўнае свята.
Вось у віцебскую каманду ў якасці валанцёраў і трапілі навучэнцы нашага каледжа.
Пра сам злёт можна расказваць коратка, а можна доўга і вобразна — як каму па душы. Зірнём жа на яго вачыма Жэні з Арцёмам.
Дарога. Аўтобус з Віцебска падабраў лепельскіх юнакоў на месцы. І пакуль ехалі, паспелі крыху перазнаёміцца. Весела гукалі, смяяліся, любаваліся краявідамі з акна. Адным словам, адпачывалі.
А калі прыбылі на месца, было ўжо не да адпачынку. Трэба было за лічаныя гадзіны ў прыгожым сасновым лесе на беразе маляўнічага возера ўстанавіць намёты і раскласціся лагерам. Крыху спазніліся, больш прыдатныя месцы былі ўжо занятыя. Давялося браць у рукі сякеры і літаральна расчышчаць сабе месца пад сонцам. Зрэшты, дужым і спрытным спартыўным хлопцам было гэта не ў цяжар. Заадно і ў лесе парадак навялі. Хоць і давялося папрацаваць “за себя и за того парня”, бо не ўсе ж у камандзе былі такімі дужымі і спрытнымі. Ды праз гадзіну-другую ўжо стаялі палаткі. І каманда “Сябар”, узброеная дэвізам “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, была гатова для далейшых дзеянняў.
А далей — урачыстае адкрыццё злёту. Прывітальныя словы, падняцце сцягоў, агульнага і каманднага. Апошні даручылі ўстанавіць Жэньку, чым ён вельмі ганарыўся.
Пятнаццаць каманд, па трынаццаць чалавек кожная, з розных канцоў Беларусі мелі намер пазмагацца ў турыстычных спаборніцтвах. Віцебскія выступалі адзінаццатымі. Так што ў гарадок вярнуліся пад вечар. Паспрабавалі рэпеціраваць нумар для конкурсу “песні ля вогнішча”. А паколькі музыкаў у камандзе не аказалася, то песню брэменскіх музыкантаў вырашылі праспяваць пад акампанемент… бразготак, зробленых з пустых бляшанак з-пад кавы і солі. Нічога сабе атрымалася.
Наступны дзень быў спякотным і ў пераносным і ў літаральным сэнсе. А таму пачаўся з фіззарадкі, прабежкі да возера і – купання! І хоць прыстань аказалася зусім неглыбокай, не параўнаеш, напрыклад, з азёрамі на Чашніччыне, на якіх Жэнька плавае і на лодцы і так, ну ды ўсё роўна вялікае атрымалі задавальненне. Смачна паснедалі і адправіліся на спаборніцтвы. Скакалі, падцягваліся. Жэня сігануў у даўжыню на два трыццаць, пару дзясяткаў сантыметраў не дабраў да рэкорднай адзнакі, Кірылу пашанцавала меней, падцягнуўся на турніку мо разоў дзесяць. Балела рука. Ды галоўнае чакала на паласе перашколаў. Там у адной звязцы з валанцёрамі былі інваліды. І не важна, як справішся ты сам, галоўнае, як дапаможаш гэта зрабіць іншаму, слабейшаму. Разбіліся па тройках. Жэня і Мікіта выступалі разам са сляпой Сафі з Міёраў. Гэта быў “момант ісціны” для кожнага з іх. Хлопцы літаральна перадавалі з рук у рукі дзяўчыну, якая на паласе перашкодаў адчула сябе роўнай сярод іншых. А потым яшчэ і вучылі яе завязваць вузлы – таксама важны элемент спаборніцтваў. Гэта быў вялікі момант шчасця і для самой Сафі.
Адчуць сябе роўным на спаборніцтвах, як і ўсе — хіба ж не шчасце для чалавека з абмежаванымі фізічнымі мажлівасцямі!
А напрыканцы паласы чакалі строгія суддзі-экзаменатары з білетамі па медыцынскай часці…
У прызёры не трапілі, ды хіба на тым злёце важна было месца ў дзясятцы лепшых? Не па перамогу, а з дапамогаю ехалі на злёт валанцёры.
Спякотны дзень завяршыўся песнямі ля вогнішча і вясёлаю дыскатэкаю, што грымела далёка за поўнач. А раніцай “двадцать второго июня ровно в четыре часа” раптам зноў грымнула. І, вядома ж, узніклі пэўныя грозныя гістарычныя асацыяцыі-паралелі. На шчасце, гэта быў толькі гром. Навальніца прыйшла з ліўнем пасля спякоты.
Збіраліся ў дарогу пад дажджом, які, зрэшты, падрабнеў. Абмыты сасновы лес дыхнуў свежасцю і прахалодаю. Дадому ехалі з чыстаю і свежаю, нібы абмытай ліўнем, душою. Было прыемна, што паўдзельнічалі ў добрай, высакароднай справе. Прыемна, калі ты камусьці дапамог.

Старонку падрыхтаваў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.