Какие цены сейчас установились на привычные нам товары на рынках других городов?

0_75fa5_fa3097ce_orig Ёсць такая народная мудрасць, што за морам цялушка каштуе палушку, ды рубель бяруць за перавоз. Вось і цікава стала, якія цэны зараз усталяваліся на прывычныя нам тавары на базарах іншых гарадоў? Тым больш, што ў мінулую нядзелю ў Лепелі не быў, а па сваіх патрэбах паехаў у Полацк. Там і наведаў цэнтральны базар.

Натуральна, што базарная плошча, асартымент тавараў у Полацку большы, чым у Лепелі. І людзей — прадаўцоў і пакупнікоў, — таксама. Аднак апошняе сцвярджэнне, па маіх уяўленнях, правільнае для гандлю рэчавымі таварамі: вопраткай, абуткам, парфумай і бытавой хіміяй. А вось прадаўцоў сельгаспрадукцыі — прыблізна пароўну.
На рынку ў Полацку не бачыў, каб прадавалі збожжа. Напэўна, мясцовыя жыхары не трымаюць жыўнасці. Лепяльчане ж часта трымаюць: калі не парася ці казу, то хаця б курэй.
Другі традыцыйны беларускі тавар, а можа і першы па значэнні, — бульба. Яе ў Полацку прадавалі чалавек сем, пяцёра ўнутры рынкавай плошчы і яшчэ двое — з машын каля ўваходу. Цана на бульбу ва ўсіх была аднолькавая — пяць рублёў за дзесяцілітровае вядро клубняў. Гандлявалі і меншымі аб’ёмамі: трох-, пяцілітровымі вядзерцамі. Натуральна, яны былі крыху танней. І амаль ва ўсіх быў указаны сорт бульбы: “адрэта”, “ласунак” і іншыя. Заўважыў, што няма яшчэ насеннай бульбы.
— Прыходзьце крыху пазней, пасля праваслаўнага Вялікадня, — параіла адна прадаўшчыца, — праўда, будзе каштаваць яна па рублю за кілаграм.
Крочу далей. Вось побач на прылаўку ляжаць морква, буракі, цыбуля — усё па рублю за кілаграм. Праўда, праходзячы далей па радах, знайшоў гэтыя тавары танней: моркву і буракі — па 50 капеек, цыбулю — па 60. Аднак прадаўцы распавялі, што гэта прывазная гародніна, не мясцовая.
Не заўважыў у Полацку і прыватных, вясковых прадаўцоў капусты. З гэтай гароднінай атрымаўся ўвогуле адметны эпізод. Самыя танныя качаны цёмна-фіялетавага колеру знайшоў у палатцы па 50 капеек за кілаграм. Побач ляжалі белыя качаны па 80 капеек. Іду далей. Капусты танней, як па 80 капеек, не бачу. Спыняюся перад прылаўкам з цэннікам, чытаю: “Капуста свежая, 2 рублі 50 капеек за кілаграм”.
— Чаму такая цана? — пытаюся ў прадаўшчыцы.
— Таму што гародніна свежая, нядаўна вырашчаная.
— Дзе паспелі вырасціць?
— У Македоніі.
Вось вам і цялушка з-за мора!
З прывазной гародніны звярнуў увагу на свежыя памідоры і агуркі, прапаноўваліся яны па 2.20 —2.90. Заўважу, што ў адным месцы на прылаўку асобна стаяла пластыкавая каробка з бракаванымі таматамі па 1 руб. 90 капеек за кілаграм, а насупраць была выстаўлена каробка з таварам вышэйшай якасці, ужо па 3,90.
І на завяршэнне вегетарыянскай тэматыкі распавяду пра цэны на яблыкі і грушы. У асноўным цана на яблыкі вагалася ад 2 рублёў 20 капеек да 2 рублёў 90 капеек за кг у залежнасці ад сорту і якасці. А грушы каштавалі па паўтара-два рублі даражэй. Хаця ў адным месцы знайшоў іх па 1,50 за кг. Былі яны дробнымі.
Рэгулярна ў Лепель прыязджае машына з жывой рыбай з пастаўскага рыбгаса “Навінкі”, сустрэў іх тавар і ў Полацку. Карпы адборныя прадаваліся па 4 рублі 80 капеек за кілаграм. Зазначу толькі, што продаж вёўся не з машыны. Тавар прадаваў прадпрымальнік, які гандлюе марожанай рыбай. Ён бярэ на рэалізацыю і прадукцыю з Паставаў. Верагодна, дадае і сваю нацэнку.
Даволі шмат у Полацку прадаецца і мяса. На прылаўках была выкладзена свініна. Рассечаныя кумпякі без костачак прапаноўваліся па 7 руб. 20 кап. за кілаграм, лапаткі з костачкамі — па 5,40, рассечаная паляндвіца з костачкай і салам — па 5,90, шыя і паляндвіца — па 9,50, смажонка — па 5,90. У адрозненне ад лепельскага базару, на полацкім рэалізоўвалі як свініну, так і ялавічыну, і цэны заўважна вышэйшыя. Напрыклад, рэбры з мясам каштавалі 7 руб. 50 кап. за кілаграм, лапаткі — 8,50, кумпякі — 11 рублёў. Пры гэтым не заўважыў, каб быў ажыятажны попыт.
Яйкі курыныя каштавалі 2 рублі 50 капеек за дзясятак, адзін прадавец прапаноўваў і па тры рублі.
А вось мёду і малака, малочнай прадукцыі не заўважыў, таму асартымент і цэны параўнаць не ўдалося.
На што яшчэ звярнуў увагу? Актыўна прапаноўваецца поліэтылен для парнікоў і цяпліц, хоць зямля яшчэ не вызвалілася ад снегу, глеба не адтала, скаваная маразамі. Плёнка шырынёй тры метры была па цане 2,40, 2,60, 2,80 за пагонны метр у залежнасці ад якасці і таўшчыні. Пры жаданні можна набыць поліэтылен шырынёй і чатыры, і шэсць метраў.
Прадаваліся таксама мяхі. Шэра-зялёныя, менш трывалыя, — па 70 капеек за штуку, белыя, з прашытым верхам, — па 90 капеек.
За прылаўкам мужчына прадаваў саджанцы вінаграду. Ён расклаў каталог з фотаздымкамі, дзе паказваліся расліны, гронкі пладоў, апісваліся сарты, асаблівасці іх вырошчвання. У расповедах прадавец дзяліўся багатым вопытам уласнага вырошчвання, даваў тэлефонны нумар, па якім мог даць і кансультацыю будучым аматарам вырошчвання вінаграду. Усе саджанцы ацэньваў па дзесяць рублёў, але сорту “прыгажуня” — па 15. І наведвальнікі даволі ахвотна набывалі, да адзінаццаці гадзін заставалася менш за палову тавару.
Не прамінуў заглянуць у “жалеза” — некалькі гандлёвых месцаў, дзе прадаюць усялякі самаробны, стары, а месцамі і рарытэтны тавар. Сякера, насаджаная і гатовая да выкарыстання, каштуе 15 — 17 рублёў. Асобна тапарышча — па пяць-шэсць. Вялікі малаток — шэсць рублёў.
Крыху далей жанчыны прадавалі вязаныя шкарпэткі. Не па сезоне тавар, але ж па інерцыі спытаў цану.
— Чыста ваўняныя — па 11 рублёў за пару, а з ніткі з утрыманнем нейлону — па восем рублёў.
На выхадзе пажылы мужчына прапаноўваў кошыкі ручнога вырабу, сплеценыя з лазы. Самыя маленькія каштавалі 12 рублёў, сярэднія — 18, большыя — 25. Аб’ёмны кошык з накрыўкай прадаваўся за 30 рублёў. Аднак за амаль гадзіну былі набытыя толькі два кошыкі.
— Нічога страшнага, — спакойна казаў майстар, — сёння проста не мой дзень. Затое на Вялікдзень амаль увесь тавар будзе распрададзены. Традыцыйна ў кошыках нясуць яйкі і булкі, каб асвяціць. Часу мала засталося, трэба будзе нарабіць яшчэ.
Вярнуўшыся дахаты, распавёў пра ўбачанае сябру, які перыядычна прадае на лепельскім базары бульбу, капусту, іншую гародніну.
— Паглядзі, у Полацку цэны на твой традыцыйны тавар крыху большыя, чым тут, табе будзе выгадней прывезці гародніну туды і там рэалізаваць.
— Я б, магчыма, так і зрабіў, — адказвае, — але ж няма ўпэўненасці. Уяві сабе: загружу я мікрааўтобус, вазьму мяхоў 15 бульбы, 10 — капусты, па тры мяхі буракоў, морквы ды цыбулі. А дзе гарантыя, што там здолею ўсё рэалізаваць за адзін базарны дзень? Затрачу грошы на паліва, аплату базарнага месца, а ці здолею іх акупіць? Там і без мяне прадаўцоў хапае. Так што лепей папрацую ў Лепелі.
Б. САНЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.