Китайской стеной в Лепеле называют дом на разветвлении улиц…

img_9421 Кітайскай сцяной у Лепелі называюць дом на разгалінаванні вуліц Чуйкова, Партызанскай і Інтэрнацыянальнай. “Дзе жывеш?” – “У Кітайскай сцяне,” – і адразу ўсё зразумела. А нядаўна ў горадзе з’явіўся новы аб’ект з кітайскімі каранямі.

Гісторыя яго ўзнікнення даволі цікавая. Гадоў пяць таму ў Беларусі пачалі рэалізоўваць значны энергетычны сумесны праект – будаўніцтва каскаду гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне. Да супрацоўніцтва былі прыцягнуты кітайскія кампаніі. Адной з умоваў удзелу ў праекце стала абавязковае выкананне пэўнай сацыяльнай нагрузкі – будаўніцтва жылых дамоў. У ліку першых такіх аб’ектаў стала будаўнічая пляцоўка ў Лепелі на скрыжаванні вуліц Калініна і Чуйкова.
Прыбыў на пляцоўку ў ясны сонечны дзень. Ужо ўзведзены два паверхі, работы актыўна вядуцца на трэцім. Атрымаўшы “дабро” і будаўнічы шлём, падымаюся на рыштаванні.
Першым сустрэў старога знаёмага Андрэя Пшанко, ён пенапластам уцяпляў цагляныя сцены. 12-сантыметровай таўшчыні лісты мацаваліся і адразу замазваліся спецыяльным тынковачным растворам. Калісьці мужчына працаваў у ПМК-75, быў перадавіком, асвоіў не адну будаўнічую спецыяльнасць, яму давяралі самыя адказныя аперацыі і віды работ.
— Што прывяло сюды?
— Жаданне зарабіць. Я ўжо даволі працяглы час не працую ў ПМК-75. Займаўся выкананнем прыватных заказаў, працаваў, так бы мовіць, на сябе. А з месяц таму прыйшоў сюды. Абяцалі неблагія заробкі, але, паколькі адпрацаваў менш за месяц, заработную аплату яшчэ не атрымліваў.
— Шмат тут былых работнікаў ПМК?
— Не. Па-мойму, толькі я адзін.
img_9409На трэцім паверсе муляры рад за радам выкладваюць цагляныя сцены, дапаможныя рабочыя хуценька падаюць цэментны раствор, цагліны – усе працуюць як адзіны адладжаны механізм. Ні за кім не трэба асабліва наглядаць, нікога не трэба падганяць – такое склалася ўражанне. Па крайняй меры, за тыя паўгадзіны, што правёў на пляцоўцы, пабачыў толькі як адзін раз прараб з майстрам прайшлі, паглядзелі, штосьці адзначылі ў сваіх паперах, заўваг не зрабілі нікому.
Муляр Уладзімір Барысевіч за 15 гадоў асвоіў шмат відаў работ, распавядае:
— За гэтыя часы навучыўся і цэглу класці, і бетон заліваць, і з дрэвам працаваць. Навучыўся і печкі класці, але гэтай справай па заказах не займаюся, складваў толькі ў сябе. Пакуль што не лічу, што ў гэтай справе добры майстар, а зганіць рэпутацыю можна і адным няўдалым вырабам.
— Як даўно тут працуеце, якія заробкі, калі не сакрэт?
— На гэтай будоўлі працую з самага катлавана. Рабілі падмурак, цяпер вось сцены ўзводзім. Заробак неблагі, каля тысячы рублёў за месяц атрымліваем, але за іх і папрацаваць трэба. Не з васьмі да пяці, а значна больш.
Тэму развіў дапаможны рабочы Віктар Харлёнак:
— Працую непасрэдна з кітайскімі будаўнікамі. Мая задача падаць цэглу, раствор, арматурную сетку. Кітайцы працуюць па дзесяць гадзін у суткі, без выхадных, без перакураў. Захацеў пакурыць – не сядае, кладзе цэглу з цыгарэтай у зубах. Перапынак толькі адзін – на абед. Для пражывання ў Лепелі зняты дом. Кітайцы ўсё робяць разам, пад кіраўніцтвам старэйшага ходзяць на працу і з працы, тут шчыруюць. Ну, адпаведна, і мы падладжваемся пад іх графік. Я, напрыклад, жыву ў Поўсвіжы, для мяне не праблема затрымацца на працы, прыйсці ў выхадныя. З іншага боку, і заробак адпаведны, больш за тысячу рублёў.
— Вы не ведаеце кітайскую мову, кітайцы не размаўляюць па-руску, тым больш не ведаюць мовы беларускай. Як прыходзіце да паразумення?
img_9435— Паступова вучымся разумець адзін аднаго. Паказваем, што трэба, жэстамі, указваем на прадметы. Ды і ўвогуле, будаўнікі ўмеюць знаходзіць агульную мову. Самае першае слова, якое вывучылі і актыўна ўжываюць нашы новыя калегі, гучыць так: “Халасо!”. Я думаю, вы зразумелі.
Усе суразмоўцы адзначалі такія рысы кітайскіх рабочых, як працавітасць, арганізаванасць, дысцыплінаванасць. Распавядалі, што тыя нізашто не пакінуць месца працы, пакуль не зробяць даведзены аб’ём работ. Не лянуюцца, махаюць кельмамі ад першай да апошняй хвіліны. Ім не патрэбен якісьці наглядчык, які б кантраляваў працу, якасць работ.
Зараз на будоўлі працуюць дзевяць чалавек з Кітая – сямёра будаўнікоў, прараб і перакладчык — і трыццаць беларусаў. Будуюць разам, выводзяць сцены, уцяпляюць іх, кладуць бетонныя пліты і лесвічныя пралёты. Звярнуў увагу і на непрывычныя інструменты, якімі карысталіся кітайскія будаўнікі. Наш будаўнік звычайна для выкладання раствору карыстаецца кельмай са звілістай ручкай, а, калі трэба адбіць кавалак цагліны, бярэ малаток. Кітайскі карыстаецца адной кельмай з прамой доўгай ручкай, якая робіцца з тоўстага, трывалага металу. Калі трэба разбіць цагліну, б’е па ёй рабром кельмы. А для падачы раствору выкарыстоўваюць невялікія вёдры, аб’ёмам каля васьмі літраў, выкананыя ў выглядзе шырокага ўсечанага конуса, зробленыя з каўчука. Яны лёгкія і разам з тым трывалыя. З такіх зручна чэрпаць раствор.
Падрад на будаўніцтва дома атрымала прыватнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Цзэцзя”. Работамі кіруе прараб Віктар Кірэчка, кітайскімі работнікамі прараб Сэй Чжэнвэй, паразумецца дапамагае перакладчык Сун Чжыцян. Праект – беларускі, тыпавы, распрацаваны інстытутам “Віцебскжылпраект”, заказчыкам выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва аблвыканкама. Мяркуецца, што 40 кватэр будуць уключаны ў сацыяльны жыллёвы фонд.
Чым адрозніваюцца тэхналогіі будавання ў Кітаі і Беларусі? Сэй Чжэнвэй расказаў, што ў Кітаі аддаюць перавагу вышынным будынкам, па 30-40 паверхаў, і больш. Натуральна, там прымяняюць тэхналогіі маналітнага бетоннага ліцця. Выкладанне сцен цэглай тэхналагічна і фінансава мэтазгодна пры ўзвядзенні дамоў вышынёй да пяці паверхаў. Свае словы кітайскі спецыяліст пацвердзіў фотаздымкамі на смартфоне, у рад стаялі тры вышынныя дамы, бетонныя канструкцыі іх былі ясна відаць. А вось будаўніцтва з цэглы ў Кітаі амаль не прымяняецца.
Работы на будоўлі ідуць, згодна з намечаным графікам, і да канца года інтэрнацыянальны працоўны атрад плануе здаць аб’ект.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.