Лепельчанин Илья Полонский — тренер на малой родине и действующий спортсмен РБ

polonskij-2Лепельшчына па праве ганарыцца сваімі землякамі, імёны якіх вядомыя на міжнародным узроўні. Сярод іх і Ілья Палонскі, пераможца Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе ў каноэ, пераможца Ⅴ Еўрапейскіх студэнцкіх гульняў у Партугаліі, удзельнік Чэмпіянату свету па веславанні на каноэ. У 2018 годзе атрымаў званне Майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа.

У гэтым годзе на чэмпіянаце Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ ў заездах на 5000 метраў ён заваяваў серабро. 24 мінуты 04,544 секунды — выдатны вынік. Спіс дасягненняў спартсмена можна працягваць і далей, адно застаецца нязменным — яго заезды заўсёды відовішчныя і з высокімі вынікамі.

Звычайна пра гэтага вядомага лепяльчаніна пішам як удзельніка і пераможцу спаборніцтваў, які праслаўляе наш край. А нядаўна даведалася, што ён не толькі дзеючы спартсмен Рэспублікі Беларусь, а ўжо і трэнер у  Віцебскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ “Альбатрос”.

Спяшаюся пагутарыць з Ільёй пра будні трэнера і пра тое, як ён сябе адчувае ў новым статусе.

— Працуеш з пачаткоўцамі ці ўжо падрыхтаванымі выхаванцамі школы? І як трэніруеце дзяцей зімой?

— З пачаткоўцамі. Гэты від спорту сезонны, таму ўсім здаецца, што хлопцам і дзяўчатам, якія займаюцца веславаннем, зімой няма чаго рабіць. Аднак гэта не так. Пачынаецца падрыхтоўчы сезон ужо з першага кастрычніка. Спачатку закладваецца база. Агульнафізічная падрыхтоўка, трэнажорная зала, гульнявыя віды спорту, цяжкая атлетыка, лыжная падрыхтоўка — цэлы комплекс заняткаў. А ўжо з першага красавіка адкрываем водны сезон. Каб быць у добрай форме і правільна падысці да спаборніцтваў, весляру неабходна накатаць у агульнай складанасці не менш за семсот кіламетраў. Трэніруемся ў асноўным на Уле і Лепельскім возеры.

Байдаркі і каноэ — вельмі няўстойлівыя, і спачатку ў іх няпроста нават сядзець. Пачатковец-вясляр павінен валодаць «адчуванне вады». Сюды ўваходзяць такія складнікі, як размяшчэнне весляра ў лодцы, рытмічнасць, тэхніка, тактычнае майстэрства і іншыя.

Як усё пачыналася…

Як прыйшоў у 2008 годзе Ілья, цяпер ужо Ілья Алегавіч, на базу веславання, так і не пакідае яе да цяперашняга часу. А пачынаў з іншых захапленняў. Спачатку наведваў некалькі гадоў секцыю па боксе, а сюды запісацца прапанавалі сябры. Шасцікласнікам СШ №1 першы раз сеў у каноэ. Але, як кажа мой суразмоўца, першы год быў як гульня, хацелася проста пакатацца на цікавым спартыўным сродку.

Трапіў адразу ў вопытныя рукі Дзмітрыя Пятровіча Юшкевіча, які з першых гадоў заняткаў Ільі заўважыў вялікі патэнцыял у хлопца. Разам і пачалі працаваць плённа на высокія вынікі, якіх у рэшце і дасягнулі.

Нават цяжка вызначыць, чыя тут больш заслуга — трэнера ці самога спартсмена. Абодва прыкладалі вялікія намаганні, працавалі, як кажуць, “звышурочна”. Ніхто не шкадаваў свайго часу на дадатковыя заняткі. У дождж і снег, калі яшчэ большая палова юных лепяльчан знаходзіліся ў ложках, у хлопца была прабежка. Тое ж самае можна сказаць і пра вячэрні час. Так і Дзмітрыю Пятровічу даводзілася распрацоўваць індывідуальную праграму заняткаў, за свае ўласныя сродкі купляць вясло ці іншыя спартыўныя рэчы, каб яго выхаванец на спаборніцтвах меў больш шанцаў стаць лідарам.

Як аказалася, Дзмітрый Пятровіч і зараз асабісты трэнер Ільі. Толькі ўжо трэніроўкі адбываюцца па іншым “сцэнарыі”. Разам мужчыны абмяркоўваюць, што новага ўключыць у праграму заняткаў.

— Мы і раней з маім трэнерам абмяркоўвалі ўсё разам. Я штосьці прапаноўваў, ён карэктаваў. Добрыя адносіны неабходныя для выніковасці і прагрэсу. Каб яны былі эфектыўнымі, павінен быць высокі ўзровень разумення, падтрымкі, павагі адзін да аднаго. Спартсмен і трэнер павінны быць «на адной хвалі». У нас менавіта так і атрымліваецца, — кажа Ілья Алегавіч.

Пасля заканчэння СШ №1 Ілья паступіў на завочную форму ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, дзе атрымаў спецыяльнасць трэнера па вяслярных відах спорту і выкладчыка фізічнай культуры і здароўя.

Паспеў за гэты час і тэрміновую службу прайсці мой суразмоўца ў Спартыўным камітэце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы … Калі прыйшоў час служыць, Ілья быў гатовы да армейскага жыцця. Спартсмены з дзяцінства прывыкаюць да розных рэжымаў, бо без гэтага немагчыма дамагчыся высокіх вынікаў.

— Якія ўражанні ад службы?

— У спартыўнай роце ўсе саслужыўцы — спартсмены, захопленыя якімсьці відам спорту. Зручна тое, што ў размяшчэнні ёсць трэнажорная зала, дзе можна падтрымліваць сябе ў добрай форме. Час праляцеў незаўважна і карысна.

***

10 юных лепяльчан займаюцца ў Ільі Алегавіча, да кожнага трэнер знаходзіць індывідуальны падыход, што вельмі важна ў гэтым відзе спорту. У групе пачатковай падрыхтоўкі трэніроўкі праводзяцца ў форме гульні, каб матываваць і зацікавіць дзяцей да заняткаў. А ўжо наступныя гады, у вучэбна-трэніровачнай групе, трэніроўкі носяць насычаную праграму.

На момант майго прыходу дзяўчаты хадзілі на лыжах, а Ілья паказваў ім, як правільна трымаць лыжныя палкі, адштурхоўвацца, рухацца.

— Чым карасныя такія прагулкі?

— Пры катанні на лыжах працуе 95 працэнтаў мышцаў, усё гарманічна ўмацоўваецца: спіна, рукі, ногі.

— Дзеці праводзяць свой вольны ад вучобы час на секцыях і гуртках. Як адпачываеш ты?

— Калі я не стаміўся ад трэніровак, трэніруюся, — смяецца мой суразмоўца. Спорт для мяне

А калі ўсе ж Ілья вырашыць паглядзець фільм, то ён будзе абавязкова біяграфічны ці навукова-фантастычны, накшталт “Інтерстеллар”. Настольнымі кнігамі ў маладога трэнера зараз з’яўляюцца “Фізіялогія”, “Анатомія”, “Псіхалогія спорту” і іншыя. Здараецца, што ў вёсцы пасядзіць на рыбалцы ці ў гаражы пакапаецца ў аўто.

Вельмі радуе тое, што нашы землякі вяртаюцца на радзіму, каб трэніраваць падрастючае пакаленне Лепельшчыны. Магчыма, у будучым выхаванцы Ільі Алегавіча таксама праславяць наш край сваімі дасягненнямі.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.