Лепельчанин с каким-то малопонятным инструментом хлопотал около трактора

img_9361 З чарговым рэйдам наведваў дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №37. Праходзіў па тэрыторыі, звярнуў увагу на непрывычны гук, нібыта хтосьці малатком лёгка стукаў па метале. Клац, клац, клац – з інтэрвалам у дзве-тры секунды. Здаецца і не гучна, і натуральна ў рамонтнай майстэрні, але ўвагу да сябе прыцягвае. Павярнуў галаву туды-сюды – знайшоў крыніцу гуку, мужчына з нейкім малазразумелым інструментам завіхаўся каля трактара.

Падыходжу бліжэй, разглядаю. На ступіцу задняга кола прымацавана нейкая металічная канструкцыя, зверху тырчыць ручка. Мужчына бярэ яе і круціць, як колаваротам, ад гэтага і ідзе клацанне.
Заводзжу размову:
— Добры дзень. Як вас зваць?
— Аляксандр Крыцкі. Працую трактарыстам.
— Што за інструментам карыстаецеся? Упершыню такі бачу.
— Як ён па-навуковаму называецца, не ведаю, мы яго проста называем мясарубкай, за тое, што трэба ручкай круціць. Адкручваем застарэлыя і туга зацягнутыя балты і гайкі. Унутры корпуса зманціраваны спецыяльны рэдуктар. Два-тры абароты пераўтвараюцца ў пяць-сем градусаў паварота балта. У выніку лёгка адціскаюцца самыя закарэлыя балтавыя злучэнні. Галоўнае зрушыць з месца, адціснуць, каб лёгка пайшло, а далей можна і звычайным ключом адкручваць.
— Пастойце-пастойце, я нядаўна чуў пра падобны інструмент, а цяпер пабачыў яго на свае вочы.
— Так, ім актыўна, наколькі ведаю, карыстаюцца вадзіцелі-дальнябойшчыкі, каб адкручваць колы на сваіх машынах. Там гайкі настолькі моцна прыстаюць, што з-за адсутнасці такой мясарубкі даводзіцца выкарыстоўваць двухметровай даўжыні рычагі.
— Але ж мясарубкай можна не толькі адкручваць, а і надзейна заціскаць балты і гайкі?
— Можна. Хаця трэба ведаць і адчуваць меру, бо тут лёгка можна пераціснуць і ў рэшце рэшт зламаць болт або шпільку.
Ступіца задняга кола трактара МТЗ-82 мацуецца да восі на чатыры тоўстыя балты. Звычайна за гады эксплуатацыі яны настолькі закісаюць, што ў выпадку патрэбы вельмі цяжка адкручваюцца. Аляксандр Крыцкі за лічаныя хвіліны без асаблівых намаганняў справіўся з задачай і прадоўжыў рамонт трактара.
На здымку: Аляксандр Крыцкі адкручвае чарговы болт з дапамогай мясарубкі.
Тэкст і фота
В. МАТЫРКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.