Лепельчанка Маша Буракова делает мыло своими руками

masha-burakovaНаведваючы Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі для інвалідаў, заўсёды здзіўляюся,
наколькі яго наведвальнікі — творчыя і апантаныя людзі.
На гэты раз я сустрэлася з мілай і прыгожай дзяўчынай, якая захапляецца мылаварэннем. Раней чула, што гэтай справай можна займацца ў хатніх умовах. Але пра асаблівасці гэтага працэсу…
Марыя Буракова зусім нядаўна сама авалодала гэтымі навыкамі, але ў працоўнай майстэрні ўжо навучае наведвальнікаў гуртка па мыла- і свечкаварэнні.
Як кажуць, галоўнае “загарэцца” тым, што робіш, і тады спатрэбіцца менш часу, каб стаць сапраўдным прафесіяналам.
Марыі крыху больш за 20 гадоў, але што яна толькі ні ўмее рабіць сваімі майстэравітымі рукамі! З сямі год самастойна вышывае крыжыкам карціны, потым займалася бісера- і саломапляценнем. Акрамя гэтага, стварала сувеніры з гліны. Вялікая заслуга ў гэтым, канечне, яе маці Алены Шарапінскай. У мінулым годзе я пісала пра гэтую жанчыну і захаплялася яе ідэямі па абуладкаванні кватэры і балкона. Зараз маці і дачка вечарамі малююць карціны па лічбах і, трэба сказаць, у іх атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры.
Ужо даказана, што ў творчай сям’і і ў дзяцей з самага маленства абуджаюцца цікавасць да прыгожага і жаданне займацца творчасцю.
Аднойчы ўбачыла ў знаёмай мыла-скраб з молатай кавай, якое мне вельмі спадабалася. У той момант нават уявіць сабе не магла, што такое можна зрабіць у хатніх умовах.
Зайшоўшы ў працоўную майстэрню ў Цэнтры, бачу шмат цікавых рэчаў: мыльную аснову, пластыкавыя і сіліконавыя формачкі для мыла, аддушкі, харчовыя фарбавальнікі. Тут жа размешчаны касметычныя пігменты, асобны посуд для мыла, палачкі для перамешвання і пульверызатар са спіртам. Па паху адчуваю, што справа вельмі “духмяная” і творчая. Ці ўяўляеце вы сабе мыла, якое хочацца з’есці альбо разглядаць як элемент дэкору? Я ўпэўнена магу сказаць, што такое бачыла. Прадмет гігіены ў выглядзе пчаліных сотаў, ды яшчэ мае пах мёду…
Асабліва хочацца спыніцца на фарбавальніках, якія зусім бясшкодныя. Такі інгрэдыент гаспадыні дадаюць у кандытарскія вырабы. Ён дапамагае зрабіць мыла яркім, рознакаляровым і дамагчыся арыгінальнасці.
Папрасіла Марыю расказаць, як яна стварае такую прыгажосць. Аказваецца, мыла ў выглядзе розных фігурак робіцца з мыльнай асновы, пра якую раней нават не чула. Убачыла толькі вялікія кавалкі гэтага матэрыялу белага і празрыстага колеру. З першых хвілін знаходжання побач з дзяўчынай зразумела, што ў майстэрні можна зрабіць усё, што заўгодна, наколькі хопіць фантазіі. Сама майстрыха “гатуе” мыла сувенірнае і адначасова для догляду цела. Зефір, ружы, рамонкі, васілёк і шмат чаго іншага — усе віды мыла пералічыць проста немагчыма. Такую прыгажосць можна выкарыстоўваць не толькі як элемент дэкору, а і ў якасці прадмета гігіены. І майстрыха менавіта гатуе, бо стаіць яна ля пліты і памешвае штосьці ў чарпачку.
— Мыла з асновы робіцца даволі лёгка, — кажа мая суразмоўца. — Спачатку яе неабходна парэзаць нажом на дробныя кубікі, змясціць у адмысловую ёмістасць для вадзяной лазні і паставіць у большую пасудзіну з вадой, якая награваецца. У працэсе неабходна памешваць, каб маса была раўнамерная і без камячкоў. Потым трэба дадаць фарбавальнік або касметычны пігмент, аддушку касметычную або эфірны алей і заліць у формачку. Праз суткі мыла будзе гатова да выкарыстання! Колькі часу трэба, каб зрабіць адзін кавалачак? На выраб звычайнага аднакаляровага мыла затрачваецца 15 хвілін і на поўнае высыханне — суткі, на шматслаёвае — крыху больш. Усё залежыць ад колькасці слаёў, абранай тэхнікі і складанасці.
Марыя ў вольны час часта карыстаецца інтэрнэтам, каб даведацца, як гэтую справу робяць іншыя майстрыхі, пераймае вопыт і потым ажыццяўляе цуд.
svechkiНабыўшы мыла ў краме, мы ніколі не чытаем складнікі. Многія інгрэдыенты не зусім пажаданыя для нашай скуры. Большасць відаў і марак, даступных у крамах, уяўляюць сабой нават не мыла, а проста мыйнае рэчыва, якое лепш падыходзіць для мыцця рэчаў або посуду. Там шмат штучных пенаўтваральнікаў, дзякуючы якім фабрычнае мыла так добра пеніцца. У мыльнай аснове іх няма.
Мыла, зробленае ў хатніх умовах з натуральных кампанентаў, прыцягвае ўвагу шматлікіх пакупнікоў тым, што можа чысціць, лячыць скуру і добра ўплываць на агульны стан знешніх пакроваў. Яно не выклікае алергіі. Гэта, канечне, залежыць ад выкарыстаных кампанентаў, але, як правіла, падыходзіць для адчувальнай скуры. У апошнія часы такі тавар карыстаецца вялікім попытам.
Цікавую прадукцыю, якая вырабляецца ў Цэнтры сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі для інвалідаў, ужо ацанілі і лепяльчане. Асабліва яна карысталася попытам напярэдадні свята Восьмага сакавіка, калі многія шукалі ў падарунак для жанчын штосьці незвычайнае і карыснае.
Тут жа даведалася, што ў Цэнтры робяць не толькі прадмет гігіены, а і прыгожыя свечкі, якія зараз вельмі модныя ў дэкоры кватэры ці дома. Кожны з пакупнікоў зможа знайсці ў майстэрні свечку-сувенір на свой густ.
Пазней даведалася ў інтэрнэце, як захоўваць дома мыла ручной работы. Аказваецца, лепш яго пакідаць у плёнцы або ўпакоўцы, у цёмным і сухім месцы. Можна і ў шафе, бо рэчы потым выдатна пахнуць. Важна, каб на мыла не траплялі прамыя сонечныя промні. Вялікая вільготнасць і спякота таксама могуць нашкодзіць гэтаму прадмету гігіены.
Нават не думала, што ў юнай лепяльчанкі Марыі Бураковай змагу так шмат даведацца пра стварэнне такіх прыгожых і ў той жа час неабходных рэчаў.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.