Лепельскі святар адслужыў малебен і акрапіў лепельскія трактары святою вадой

174 З мехдвара адкрытага акцыянернага таварыства “Лядна” пачаўся сёлета штогадовы дзяржаўны тэх­агляд сельскагаспадарчай тэхнікі. Трактары, пагрузчыкі, самаходныя машыны сустракалі роўнымі шэрагамі. Відаць было, што працаўнікі “Лядна” адказна падышлі да працэдуры, якую некаторыя памылкова лічаць пустой фармальнасцю. Акрамя начальніка раённага дзяржтэхагляду Станіслава Кажана на мерапрыемстве прысутнічалі галоўны спецыяліст абласной інспекцыі дзяржтэхагляду Пётр Смычкоў і намеснік начальніка АДАІ РАУС маёр міліцыі Валерый Лешчанок. У памяшканні дыспетчарскай сабраліся старшыня ААТ “Лядна” Іван Бабовіч, галоўны інжынер Павел Бурак і механізатары.
У сельгасарганізацыях зараз вельмі няпростае фінансавае становішча, кіраўніцтва стараецца зэканоміць усюды, але ж скупы ў канчатковым выніку плаціць двойчы. Напрыклад, замена масла ў маторы з поўнай заменай усіх фільтраў каштуе ад двух да пяці мільёнаў рублёў у залежнасці ад мадэлі. Вядома, гэта дорага. Аднак калі з-за выпрацаванага масла выйдзе са строю рухавік, зусім іншыя грошы давя­дзецца выкласці на яго рамонт.
Не менш важна, каб трактар быў належным чынам укамплектаваны. Медыцынская аптэчка з наборам лекаў першай неабходнасці павінна быць абавязкова, як і вогнетушыцель. Не так даўно ў адной з гаспадарак раёна адбылося загаранне электраправодкі ў трактары МТЗ-3022, а побач стаяў яшчэ такі ж. Адзін трактарыст у экстрэмальнай сітуацыі разгубіўся, мітусліва бегаў вакол, другі праявіў вытрымку, з вогнетушыцеля загасіў агонь. Калі б не ён, два трактары згарэлі б, а кожны каштуе не менш за два мільярды рублёў. У пашкоджаным трактары варта толькі памяняць электраправодку, і ён бу­дзе гатовы да працы. А цяпер параўнаем цану трактара і цану запраўкі вогнетушыцеля…
Пасля кароткай гутаркі рушылі на аглядную пляцоўку.
Спачатку падышлі да магутнага МТЗ-3022, трактарыст — Сяргей Маліноўскі. Фары пярэднія і заднія, габарытныя агні, указальнікі паваротаў, шклоачышчальнікі, гукавы сігнал — усё электраабсталяванне працуе бездакорна. Усе засцерагальнікі стандартныя, ні аднаго “жучка”, што таксама дае гарантыю. Дарэчы, на поў­нае тэхабслугоўванне гэтага трактара з заменай усіх тэхналагічных вадкасцяў і фільтраў было патрачана 13 мільёнаў рублёў.
Побач стаіць пагрузчык “Амкадор” механізатара Сяргея Арынахіна. Даецца каманда на запуск рухавіка — магутная машына загула-заракатала. Фары, павароты, ачышчальнікі — усё працуе нармальна. Просяць прадэманстраваць спраўнасць тармазной сістэмы. Механізатар вырульвае з шэрага, праязджае некалькі метраў, рэзка націскае на педаль тормаза — машына паслухмяна спынілася.
Далей стаіць цэлы рад трактароў МТЗ-1221 і МТЗ-82 прывычнай сіняй расфарбоўкі. Інспектары пільна аглядаюць кожны, каб ён адпавядаў заяўленым патрабаванням. Далейшы шлях — да сельгасмашын. Іх на балансе ў гаспадарцы дзве — падмятальная машына МЧ-320 на базе міні-трактара МТЗ-320.4 і агрэгат “Дзвіна”. Яны таксама запускаліся, праязджалі, уключалі фары і мігалкі.
Крыху пазней пад’ехалі яшчэ два МТЗ-82, якія да гэтага выконвалі тэрміновыя работы на фермах. Вядома, гэта тэхніка на выгляд значна адрознівалася ад той, што стаяла ў раду. Тыя былі вымытыя, блішчэлі, на гэтых жа закарэлі плямы гною і бруду, аднак і яны адпавядалі заяўленым тэхнічным патрабаванням.
Камісія, агледзеўшы тэхні­ку, прынялася за агляд дакументаў. Правяраліся тэхнічныя пашпарты, страхоўкі, дакументы механізатараў.
Святар правёў службу і акрапіў трактары святой вадой, каб тэхніка не падво­дзіла ў час земляробскай працы.
Удзельнікі камісіі аднагалосна адзначылі высокі арганізацыйны ўзровень падрыхтоўкі і правядзення дзяржтэхагляду ў ААТ “Лядна”. З наяўных 13 трактароў былі прадстаўлены дзесяць, тры былі на рамонце. Усе дзесяць атрымалі допуск да працы. Допуск атрымалі і абодва пагрузчыкі, і дзве самаходныя машыны. А вось з прычэпамі яшчэ трэба папрацаваць. З шасці адзінак на тэхагляд былі прадстаўлены толькі дзве, абедзве і прайшлі. У астатніх чатырох прычэпах няспраўная электраправодка, не працуюць габарытныя агні і ўказальнікі паваротаў.
Кіраўніцтва гаспадаркі своечасова аформіла страхоўкі на тэхніку, аплаціла пошліны за тэхагляд. Усе механізатары маюць адпаведныя катэгорыі ў пасведчаннях трактарыстаў-машыністаў, медыцынскія даведкі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: ідзе агляд трактара Сяргея Маліноўскага.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.