Лепельскія аграномы правяраюць, як перазімавалі азімыя культуры?

403-10-12 На працягу зімы спецыялісты з раённай станцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін займаліся адрошчваннем маналітаў, каб выявіць, ці добра зімуюць азімыя культуры. Узоры глебы з парастакамі былі ўзяты з палёў СВФ “Заазер’е” і ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. У цёплых умовах яны былі прарошчаныя, каб потым спецыялісты падлічылі, колькі раслін выжылі, колькі загінулі.

Як паказалі адрошчванні, азімыя збожжавыя перазімоўваюць няблага. Напрыклад, у пробах пшаніцы, узятых у СВФ “Заазер’е”, загінулі не больш за 11 працэнтаў парастакаў. У азімым трыцікале загінулі 10,5 працэнта. Лепш за ўсё зімуе жыта, там працэнт гібелі – 8,6%. Усе пералічаныя паказчыкі ўкладваюцца ў норму паводле шматгадовых назіранняў.

Яшчэ лепей пачуваюць сябе зерневыя ў сартастанцыі, там у пробах не выжылі толькі шэсць працэнтаў парасткаў азімай пшаніцы.

Калі ў вырошчванні азімых зерневых культур справы ідуць больш-менш нармальна, то з рапсам сітуацыя дыяметральна процілеглая. У пробах з палёў СВФ “Заазер’е”, загінулі 27,5 працэнта парасткаў. З тых, што выжылі, многія аслабленыя, маюць патрэбу ў дадатковых падкормках. У маналітах з сартастанцыі гібель значна меншая, каля сямі працэнтаў, аднак адназначна шосьці пэўнае казаць рана, зазначае галоўны аграном-дзяржаўны інспектар па каранціне і абароне раслін Роза Ганчарова. Магчыма, непасрэднае месца, адкуль узяты маналіт, было пад уздзеяннем шэрагу спрыяльных фактараў, або, наадварот, неспрыяльных. Між тым плошчы палёў даходзяць да 50-80 гектараў. Акрамя гэтага, яшчэ невядома, якія сюрпрызы прынясе надвор’е ўвесну.

Добра памятаецца мінулы год, калі з-за метамарфозаў надвор’я зімой загінула большая частка пасеваў азімага рапсу. Напрыклад, у адрошчаных маналітах азімага рапсу у СВФ “Заазер’е” гібель была зафіксаваная ў 33 працэнтах парасткаў. У сартастанцыі паказчыкі летась былі яшчэ горшыя — у пробах першай дзялянкі 56%, у пробах другой – 80% гібелі. Прычынай маштабнай гібелі рапсу сталі неспрыяльныя з’явы надвор’я: доўгі час не было маразоў, тэмпература трымалася каля нуля, а потым рэзка пахаладала, да мінус 25, пры гэтым снегу выпада зусім мала, таўшчыня покрыва вагалася каля пяці сантыметраў.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.