Эліта на палях

IMG_3730Перш чым трапіць у бункеры пасяўных агрэгатаў і сеялак, усё насенне абследуецца на кандыцыйнасць, усходлівасць, бяруцца пробы. Гэтым займаюцца спецыялісты раённай станцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін і, у прыватнасці, галоўны аграном па насенняводстве Наталля Фядзько.
— У асноўным гаспадаркі сёлетняй вясной выкарыстоў­валі ўласны пасяўны матэрыял, — кажа Наталля Віктараўна. — Летась многія набылі насенне ячменю, пшаніцы элітнага гатунку, сёлета ж маюць гэтыя культуры першай рэпрадукцыі. Напрыклад, ААТ “Лядна” летась вырошчвала ячмень “Дзівосны”, СВФ “Заазер’е” і КУВСГП “Лепельскае” — ячмень “Бацька”, ААТ “Лепельаграсэрвіс” — ячмень “Баранэса”. Шмат сеецца пшаніцы сорту “Дар’я” першай рэпрадукцыі ў “Заазер’і”, пшаніцы “Рассвет” — у аргасэрвісе і “Лепельскім”.
— Якім жа чынам кантралюецца пасяўны матэрыял?
— З кожнай партыі насення бяром пробы і выдаём пасведчанне аб кандыцыйнасці.
— Як сёлета адбывалася абнаўленне сартоў?
— Гаспадаркі набылі ў сортавыпрабавальнай станцыі насенне ячменю “Ладны”, пшаніцы “Рассвет” элітных рэпрадукцый. Атрымалася прыблізна па пяць тон на гаспадарку. Пяццю тонамі можна засеяць каля 22 — 24 гектараў. На наступны ж год атрымаецца нашмат больш насення першай рэпрадукцыі.
— Мы гаворым пра ячмень фуражны, аднак нашы гаспадаркі займаюцца і вырошчваннем ячменю піваварнага.
— У асноўным піваварны ячмень вырошчвае ААТ “Чарэйшчына”. Там некалькі гадоў сеялі сорт “Жазэфін” французскай селекцыі. Летась сеялі “Дачу”, таксама з французскімі каранямі, а сёлета — насенне першай рэпрадукцыі сорту “Себасцьян”, выведзенага ў Чэхіі. Гаспадарка атрымлівае пасяўны матэрыял з прадпрыемства “Белсолад”, якое спецыялізуецца на пастаўках насення і іншых матэрыялаў для піваварнай вытворчасці.
— А як наконт рапсу?
— У сяўбе рапсу наш удзел мінімальны. Найперш таму, што большую частку насення гаспадаркі атрымліваюць з Віцебскага алеяэкстракцыйнага завода (АЭЗ). Завод наўпрост зацікаўлены ў атрыманні якаснага зерня рапсу — сыравіны для сваёй вытворчасці, таму аказвае сельгасарганізацыям вялікую дапамогу, у тым ліку і кандыцыйным насенным матэрыялам. Яшчэ ў канцы мінулага года ў раён было прывезена 11440 кілаграмаў насення, якое зараз і высяваецца.
— Адзінаццаць з паловай тон — ці не замала для пасяўных плошчаў раёна?
— Норма высеву рапсу складае шэсць — сем кілаграмаў на гектар, таму азначанага аб’ёму досыць. СВФ “Заазер’е”, акрамя гэтага, самастойна набыло насенне гібрыду рапсу сорту “Сальса” ў фірме “Сельгаспаслугі”. Гэты матэрыял таксама паступіў з усімі неабходнымі пасведчаннямі.
Наступны этап сельгасработ — абарона раслін ад хвароб і шкоднікаў. Апрацавалі 1830 тон насення розных культур. Такім чынам засцерагаліся ад такіх захворванняў, як карэневая гніль, цвёрдая і пыльная галаўня, плесень.
Для барацьбы супраць шкоднікаў, хвароб, пустазелля ёсць мноства прэпаратаў як айчыннай, так і замежнай распрацоўкі, вытворчасці. Галоўнае, каб у гаспадарках хапіла грошай на іх. Некаторыя фірмы ідуць насустрач сельгасвытворцам, прадастаўляючы адтэрміноўку плацяжу.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.