Мабільнае звяно

376Перад выездам на ўборачныя работы ў ААТ “Лепельрайаграсэрвіс” звязаўся з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксандрам Нікітчанкам, спытаў, дзе зараз знаходзяцца камбайны. Той даў арыенцір на вёску Баравенскія Хутары, маўляў, за ёй зараз дажынаецца поле, а потым уборачныя работы будуць перанесены на палетак бліжэй да вёскі Міхалова.
Прыехаўшы за Баравенскія Хутары, заспеў там толькі агранома з раздатчыцай абедаў Наталляй Жалейка, якраз закончылі абедаць два трактарысты, занятыя на корманарыхтоўчых работах.
— А дзе камбайнеры?
— Яны ўжо паабедалі і паехалі на поле, бліжэй да Міхалова.
— Што гэта за палетак, як да яго пад’ехаць?
— Вось па гэтай палявой дарозе — каля кіламетра, апошні адрэзак, метраў 200, трэба будзе прайсці пешшу, легкавік яго не пераадолее, а вось грузавая і трактарная тэхніка — лёгка. На гэтым полі пасеяны 14 гектараў азімай пшаніцы.
— А колькі ўсяго плошчаў трэба сёлета ўбраць?
— У мяне зараз пад рукой запісаў няма, пералі­чу па памяці. Азімы рапс сёлетняй зімой увесь загінуў, таму ўборачную кампанію пачалі зерневымі культурамі. У гаспадарцы сёлета трэба ўбіраць 350 гектараў азі­май пшаніцы, 200 га жыта. Яравы клін нашмат большы. Так, яравой пшаніцы было пасеяна 180 гектараў, ячменю — 876 га (самыя вялікія плошчы). 36 га зернебабовых — сумесі пшаніцы з гарохам — на гэтым фоне глядзяцца сціпла, але і іх забываць не варта. Акрамя таго, яравога рапсу сёлета трэба будзе ўбіраць 180 га. Усяго атрымліваецца больш як паўтары тысячы гектараў. Нагрузка на камбайнераў сёлета атрымліваецца важкая.
— Міхалоўскае поле для іх?..
— Не больш, як на дзве гадзіны працы, а то і менш, таму раю паспяшацца.
Падзякаваўшы Аляксандру Васільевічу, рушылі ў дарогу. Вось і поле. На ўскрайку яго стаяць тры грузавыя МАЗы: два з аграсэрвісу, а трэці — з ДЭУ-37, кіруе ім Сяргей Іваноў. Тэхніка прыслана ў дапамогу аграрыям. Тут жа дзяжурыць пажарны аўтамабіль з разлікам з РАНС. Мужчыны кажуць, што, на шчасце, за апошнія гады іх дзяжурствы на палях былі толькі прафілактычныя. Пажадалі, каб такімі засталіся і надалей. Апошнім у звяне аказаўся пагрузчык “Амкадор”. На пытанне аўтара, навошта ён тут, камбайнер Сяргей Кулачонак адказаў наступнае: “Вельмі патрэбная тэхніка на палетках аграсэрвіса. Так склалася, што гаспадарцы аддадзена шмат зямель пасля меліярацыі, на якіх багата вымачак, балацявін. Камбайны, МАЗы часам буксуюць, а “Амкадор” выцягвае іх тросам. З пачатку жніва ўсе камбайны ўжо пасядзелі ў гразі, а некаторыя і не аднойчы.”
Чатыры камбайны між тым ужо адолелі палову поля. Адразу зазначыў, што стан пасеваў на ім не лепшы. Каласы рэдкія, шмат травы, багата ў пшаніцы і парасткаў жыта. Ураджайнасць палетка наўрад ці дасягне 20 цэнтнераў з гектара, аднак і яго трэба ўбраць — і ў думках няма пакінуць нават соткі нязжатымі.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: кіпіць работа на жніве.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.