Станцыя Лепель

Напярэдадні прафесійнага свята чыгунач­ні­каў мы пагутарылі з начальнікам чыгуначнай станцыі Лепель Максімам Быхам.
— Раскажыце, Максім Уладзіміравіч, пра станцыю і яе калектыў.
— Станцыя Лепель — гэта прамежкавая станцыя трэцяга класа. Клас вызначаецца па аб’ёму грузавой работы. Мы маем пяць прыёмаадправачных пуцей, а таксама пагрузачна-адправачны, пагрузачна-выгружальны і пуць для адстою лакаматываў. Да станцыі прымыкае дзевяць пад’язных пуцей. У штаце працуюць 18 чалавек: начальнік, шэсць дзяжурных, чатыры складальнікі, білетны касір, таварны касір, чатыры прыёмаздатчыкі, камерцыйны агент.
— У якім стане знахо­дзяцца наяўныя пуці?
— Пуці даволі старыя і патрабуюць замены ці рамонту, чым мы сёлета і займаемся. На першым — пятым пуцях памянялі драўляныя шпалы на жалезабетонныя, а рэйкі Р-50 — на больш масіўныя — Р-65 (лічба азначае масу аднаго пагоннага метра).
— Агучце паказчыкі па транспарціроўцы грузаў.
— За паўгоддзе пагружана 1164 вагоны, што складае 120 працэнтаў да мінулагодняга паказчыка (964 вагоны). Выгружана 982 вагоны (летась 1153).
— Якую прадукцыю грузіце і разгружаеце?
— Грузім у асноўным лесаматэрыялы з ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, ААТ “Віцебсклес”, Бярэзінскага біясфернага запавед­ніка, у ліпені пагрузілі два вагоны сухога малака. Выгружаем прадукцыю для філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебск­аграпрадукт” (камбікормавы завод), “Лепельаграсэрвіс”, ДКУБП “Лепельская ПМК-75”.
— Па якіх адрасах накіроўваецца прадукцыя і адкуль прыбывае?
— Возім у Літву, Латвію, Польшчу, нават Кітай. Прывозім з Літвы, Украіны. Вядома ж, ажыццяўляем транспартныя перавозкі па Беларусі.
— Лета. Ці добра білеты разыходзяцца?
— Горш, чым летась, у сувязі з вядомымі па­дзеямі ва Украіне. За суткі ў сярэднім прадаём да шасцідзесяці білетаў, пераважна на дызель да Оршы.
— Што зроблена і запланавана на станцыі па рамонце і мадэрнізацыі?
— З мэтай эканоміі сёлета плануем знесці астраўную платформу, да якой прыбывае цягнік, рамонт яе палічылі немэта­згодным. Зараз цягнік бу­дзе праз новую стрэлку пад’язджаць да берагавой платформы. У мэтах бяспекі пасажыраў запланавалі ўстанавіць на станцыі відэаназіранне. У кастрычніку плануем рамонт таварнай канторы — установім сценкі ПВХ, дзверы. Ідзе рамонт у доме адпачынку лакаматыўнай брыгады — дах, вокны ПВХ, мэблю мяняем на новую. Там адзінаццаць пакояў, дзевяць з якіх жылыя. Раней размяшчаўся музей, экспанаты якога перадалі ў Мінск.
— У пасажырскай зале надзвычай пуста, а некалі там працаваў магазін. Што зараз на яго плошчах? Можа, здаяце ў арэнду?
— Магазін там наўрад ці будзе рэнтабельны, здаваць у арэнду плошчы таксама не плануем. Туды пераселім рэлейнае памяшканне.
— Калектыў у вас невялікі. Назавіце лю­дзей, якія задаюць тон у працы.
— Дзяжурны па станцыі Наталля Нікіціна, складальнік цягнікоў Генадзь Булойчык, прыёмаздатчык грузу і багажу Лідзія Дубава, камерцыйны агент Святлана Ігнатовіч. Хацелася б назваць прозвішчы і некаторых ветэранаў, чыё працоўнае жыццё прайшло на чыгунцы: былыя начальнік станцыі Георгій Караў, складальнік цягнікоў Іван Баранаў, дзяжурная па станцыі Таццяна Быкава і іншыя.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.