Медаль «За трудовые заслуги»

bijn-uu0thc Мая Бародзіч узначальвае інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне з першага чэрвеня 2011 года. За сем год калектыў інспекцыі атрымаў шэраг дастойных узнагарод. Тройчы калектыў быў прызнаны лепшым у Віцебскай вобласці і ў апошнія гады займае толькі першае і другое месцы сярод інспекцый Віцебскай вобласці.

Па выніках апытання і даследавання работы падатковых органаў, праведзеных Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне мае самы высокі працэнт у рэспубліцы — 93, 8. Сёлета ж у прафесійным жыцці начальніка ўстановы Маі Бародзіч новая важная падзея — за выдатную працоўныя дасягненні, высокую арганізацыю дзейнасці калектыву Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №462 ад 26 лістапада бягучага года жанчына ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”. З нагоды гэтай значнай падзеі і адбылося наша інтэрв’ю.
— Мая Анатольеўна, безумоўна, поспех працоўнага калектыву ў многім залежыць ад прафесіяналізму, кампетэнтнасці кіраўніка. Вы дасягнулі значных працоўных вышынь. Вельмі цікава даведацца, як жа пачынаўся ваш шлях да прафесіі.
— Пасля заканчэння сярэдняй школы №2 (зараз гімназія імя І.М.Ерашова) скончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, затым — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Свой працоўны шлях пачала бухгалтарам на прыватным прадпрыемстве. Паколькі тут часта адпаведнымі службамі праводзіліся праверкі, мне нярэдка прыходзілася сустракацца з кіраўніком Лепельскага міжраённага аддзела падатковых расследаванняў Галінай Развадоўскай. Менавіта Галіна Пятроўна і заўважыла ў маёй асобе здольнага спецыяліста. З 1996-га па 1998 год я працавала на пасадзе галоўнага бухгалтара ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №14” у г. Лепелі, а затым працягвала працоўную дзейнасць у Лепельскім міжраённым аддзеле ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. У маі 2007 года я была прынята на пасаду начальніка аддзела падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне, а з першага чэрвеня 2011 года прызначана начальнікам інспекцыі.
— Раскажыце, калі ласка, аб структуры ўстановы.
— З першага верасня 2017 года, акрамя Лепельскага раёна, у зону абслугоўвання нашай інспекцыі ўваходзяць Чашніцкі і Ушацкі раёны. У Лепелі знаходзіцца кантрольнае ўпраўленне, якое складаецца з аддзелаў. Таксама ў Лепелі сфарміравна ўпраўленне ўліку падаткаў, сектар прававой і кадравай работы, аддзел падаткаабкладання фізічных асоб, упраўленне па рабоце з плацельшчыкамі па Чашніцкім раёне і аддзел па рабоце з плацельшчыкамі па Ушацкім раёне.
— Вядома, што ў полі зроку інспекцыі знаходзіцца своечасовае паступленне фінансавых сродкаў у бюджэт…
— Безумоўна. Работнікі інспекцыі робяць усё магчымае дзеля таго, каб фінансавая скарбонка нашага раёна своечасова папаўнялася. Дзеля гэтага вядзём актыўную работу з кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў раёна і фізічнымі асобамі. Як паказвае практыка, плацежная дысцыпліна сярод суб’ектаў гаспадарання Лепельшчыны нашмат вышэй, чым у суседніх раёнах. Сярод прадпрыемстваў Чашнікаў і Ушачаў нямала даўжнікоў, з якімі я і мае намеснікі вядзём планамерную работу.
— Падаткаабкладанне — нялёгкая справа, якая патрабуе асаблівай дакладнасці і сумленнасці…
— Так, і магу з упэўненасцю адзначыць, што менавіта такія людзі аб’яднаны ў калектыве інспекцыі. Адной дружнай і зладжанай камандай мы выконваем агульную важную справу. У нас працуюць як ужо даволі вопытныя спецыялісты, якія аддалі рабоце ў інспекцыі не адзін дзясятак год, так і маладыя работнікі, працай якіх я задаволена. Аднак мы не толькі выконваем свае асноўныя абавязкі, а і жывём яркімі творчымі буднямі. Так, у мінулым годзе мы разам са спецыялістамі Лепельскага эфірнага тэлебачання знялі відэаролік “Моладзь — супраць карупцыі”, асноўнай ідэяй якога з’яўляецца непадкупнасць работніка падатковых органаў. Сюжэт відэароліка наступны: прыгожай светлай раніцай маладая работніца інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах ідзе на працу, па традыцыі яе праводзіць і сустракае з работы муж. У працоўным калектыве жанчына заваявала аўтарытэт, ад начальніка інспекцыі атрымала ўзнагароду. Шчаслівыя маладыя бацькі разам з сынам і матуляй адпачываюць у выхадныя, наведваюць цікавыя экскурсіі. І вось аднойчы малады спецыяліст падатковых органаў атрымлівае прапанову ўзяць хабар. Усе сумненні раптам зніклі, калі жанчына ўбачыла сон: факт хабару выяўлены праваахоўнымі органамі, і ёй прыйшлося адказваць перад законам. Залу суда пакідаюць засмучаныя родныя, якіх яна не зможа ўбачыць працяглы час… На шчасце, гэта было толькі ў сне, а ў рэальным жыцці такое не павінна адбыцца. Ад хабару маладая работніца інспекцыі, вядома, адмовілася і тым самым выбрала далейшы шчаслівы шлях у жыцці. У свой час мы падрыхтавалі і плакат “Хабар у руках — тэрмін у гадах”. Прыемна адзначыць, што і відэаролік, і плакат прызнаны аднымі з лепшых у вобласці.
Да таго ж кожны год калектыў інспекцыі актыўна ўдзельнічае ў акцыі “Чысты лес”, нашы самадзейныя артысты ў ролі цыганак, іншых герояў разам з калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна ўдзельнічаюць у шэсці Дзедаў Марозаў і Снягурачак. Такім чынам мы паказваем сваю блізкасць да людзей, з якімі робім адну важную справу.
За высокімі паказчыкамі кіпіць штодзённая адказная праца спецыялістаў. Іх я настройваю толькі на станоўчы вынік, і вельмі прыемна, што ўсё ў нас атрымліваецца. Лічу, што падаткаплацельшчыкі раёна нас цэняць і паважаюць, выконваюць усе нашы патрабаванні. Дарэчы, большасць падаткаплацельшчыкаў актыўна выкарыстоўвае ў рабоце камп’ютарныя тэхналогіі, і гэта вельмі важна. 80 працэнтаў суб’ектаў гаспадарання вядуць узаемадзеянне з інспекцыяй у электронным выглядзе, што асабліва зручна ў рабоце.
Вельмі добра і аператыўна працуюць нашы маладыя спецыялісты, за імі — будучыня. Спадзяюся, што ўсе тыя напрацоўкі, якія назапасілі ў сваёй рабоце мае папярэднікі Фёдар Ермаловіч і Мікалай Палтавец, нам удасца павялічыць.
— Мая Анатольеўна, плённая праца інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь неаднаразова адзначалася як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні…
— Так. Прыемна паведаміць, што наш калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці за I месца сярод інспекцый II групы ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Віцебскай вобласці за 2013 год. На рэспубліканскім жа ўзроўні мы занялі трэцяе месца. Такую ж грамату мы атрымалі і па выніках абласнога агляду-конкурсу за 2016 год. Калектыў інспекцыі стаў таксама пераможцам абласнога агляду-конкурсу ў намінацыі “Лепшая інспекцыя МПЗ вобласці сярод інспекцый МПЗ III групы за 2017 год”. 25 красавіка бягучага года мы атрымалі два дыпломы інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці за другое месца ў конкурсе на лепшы плакат і лепшы відэаролік у рамках правядзення канферэнцыі “Мы супраць карупцыі”.
Шэраг значных узнагарод у свой час атрымала і я асабіста. 28 чэрвеня 2017 года я ўшанавана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу ў падатковых органах, значны асабісты ўклад ва ўдасканаленне падатковай сістэмы за подпісам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А. Кабякова. У мінулым годзе мне быў уручаны таксама медаль “25 год органам фінансавых расследаванняў”. 25 студзеня бягучага года атрымала Падзяку начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці за значны ўклад у стварэнне эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, эфектыўнае ўзаемадзеянне з органамі фінансавага расследавання Камітэта дзяржаўнага кантролю. У гэты ж дзень было ўручана пасведчанне аб занясенні на Дошку гонару інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці па выніках работы за 2017 год. Дзявятага лютага бягучага года я ўзнагароджана Ганаровай граматай Лепельскага райвыканкама за высокія паказчыкі ў рабоце, дасягнутыя ў 2017 годзе.
— Мая Анатольеўна, мяркую, што вашымі аднадумцамі з’яўляюцца і члены сям’і…
— Так. Менавіта ў дарагой і любімай сям’і пасля завяршэння працоўных будняў я знаходжу радасць і заспакаенне. Надзейнай апорай і падтрымкай для мяне стаў муж Андрэй Іванавіч Бародзіч, які працуе дырэктарам ДЛГУ “Лепельскі лясгас”. Рабоце ў лесагаспадарчай установе ён прысвяціў усё жыццё. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум, затым — Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Спачатку працаваў у лясгасе лесніком, затым — галоўным ляснічым і з 2011 года кіруе ўстановай. Любімай рабоце муж аддае шмат часу, энергіі і сіл. Пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых метадаў і тэхналогій у рабоце, для абмену працоўным вопытам часта наведвае Расію, Польшчу, Германію, Аўстрыю, бывае ў Прыбалтыйскіх краінах. У цяперашні час ён зноў у складзе дэлегацыі знаходзіцца ў Польшчы. Па яго ініцыятыве ў лесагаспадарчай установе адкрываюцца сартавальныя лініі і цэхі.
Па маім прыкладзе пажадала стаць эканамістам дачка Юнела. Яна скончыла з залатым медалём гімназію імя І.М. Ерашова, а сёлета стала выпускніцай факультэта “Фінансы і крэдыт у знешнегандлёвай дзейнасці” Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Зараз Юнела працягвае вучобу ў магістратуры ўніверсітэта і працуе ў “Тэхна-банку” г. Мінска. Дачка выдатна ведае англійскую мову і таму ў будучым жадае набыць прафесію з яе выкарыстаннем у эканамічнай галіне. Юнела ўжо стварыла і сваю сям’ю. Муж Ігар — інжынер-праграміст.
Мой сын Ілья вучыцца ў сёмым класе гімназіі імя І. М. Ерашова. Ён захапляецца прыродай, заўсёды актыўна ўдзельнічае ў пасадцы маладых дрэўцаў і з задавальненнем наведвае лес. Шмат увагі Ілья ўдзяляе хатняму любімцу — ягтэр’еру Дафу, набывае для яго неабходныя рэчы.
Па жыцці адчуваю асаблівыя клопат і цеплыню ад любімай матулі Людмілы Пятроўны. Паколькі шмат часу прыходзіцца аддаваць рабоце, мама дапамагае мне справіцца з хатнімі клопатамі. Але з задавальненнем займаюся імі і сама, калі з’яўляецца вольны час.
— Гледзячы на багацце прыгожых кветак у вашым кабінеце, няцяжка здагадацца, што з’яўляецца вашым захапленнем…
— Сапраўды, па жыцці захапляюся кветкамі, ля дома вырошчваю шмат руж, на вокнах радуюць сваёй квеценню прыгажуні-архідэі.
— Мая Анатольеўна, вашым працоўным запалам, энергіяй і мэтанакіраванасцю можна толькі захапляцца. У чым жа заключаецца сакрэт прафесіяналізму?
— Самае галоўнае — любіць сваю справу і заўсёды імкнуцца выканаць яе на высокім узроўні. Работнік падатковых органаў павінен быць сумленным, кампетэнтным і непадкупным. У большасці выпадкаў нам прыходзіцца працаваць і пасля завяршэння рабочага часу, і працоўныя абавязкі пастаянна павінны быць на першым плане. Аб гэтым я заўсёды кажу маладым спецыялістам.
—Мая Анатольеўна, вашы прафесійны вопыт, шматлікія напрацоўкі і ініцыятыва заслугоўваюць асаблівай пашаны, павагі і з’яўляюцца выдатным прыкладам для калег. Ад усёй душы віншуем вас з чарговай узнагародай! Няхай жа атрыманне медаля “За працоўныя заслугі” стане пачаткам да новых вышынь і перамог!
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Мая Бародзіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.