Местная прописка

img_3109Не стану папракаць тых, хто шукае шчасця ўдалечыні ад таго куточка, які даў ім жыццё. Як кажуць, рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей. Аднак і зайздросціць такім людзям таксама не стану. Па-першае, ёсць і другое народнае выслоўе на гэту тэму:
“Усюды добра, дзе нас няма”. А, па-другое, і сам я ў свой час, пакінуўшы сталіцу, вярнуўся на малую радзіму і ніколі пра гэта не шкадаваў, бо, прывяду, урэшце, і трэцюю прыказку: “Дома і сцены
дапамагаюць”.
Многія мае землякі, мяркую, гэта разумеюць. Вось, напрыклад, Таццяна Шарапава. На Лепельшчыне нарадзілася, тут жа жыве і працуе. Родам Таццяна з вёскі Грыгаравічы. У гэтай жа вёсцы прайшло яе дзяцінства. Тут яна скончыла дзесяць класаў мясцовай сярэдняй школы, а затым вырашыла пайсці ў Домжарыцкі экалагічны ліцэй. Дзяўчынка марыла пра прафесію хіміка. Паспрабавала пасля ліцэя паступіць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, але туды быў вялікі наплыў абітурыентаў — і Таццяна не прайшла па конкурсе. Можна было вучыцца на платнай аснове, але ж не для кожнага такая вучоба магчымая.
Таццяна не стала перакладваць свае праблемы на плечы маці — і падала дакументы ў Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж. Асвоіла спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, стала тэхнікам-будаўніком. Такім чынам, самастойнае жыццё аказалася некалькі іншым, чым марылася ў юнацтве. Абставіны не далі дзяўчыне рэалізаваць даўнюю светлую мару, але пра тое Таццяна, думаю, не вельмі шкадуе. Увогуле ж добра складваецца яе лёс. На апошнім курсе навучання выйшла замуж. Аднак затым трэба было ехаць па накіраванні на сваё першае месца працы. Два гады шчыравала на Пастаўшчыне, затым пайшла ў водпуск па доглядзе дзіцяці — і вярнулася на радзіму.
Спачатку жылі ў вёсцы Пышна, на бацькаўшчыне мужа. Калі ж Таццяне прапанавалі працу ў каледжы, яна, вядома ж, пагадзілася. Чаму ж не працаваць у роднай альма-матэр, дзе ўсё добра знаёмае і блізкае? Праўда, спачатку было нязручна дабірацца на працу з далёкай вёскі, ды яшчэ і дачку вазіць у гарадскі дзіцячы сад. Асабліва стамлялася ад такога распарадку дня маленькая Кіра. Прыязджаюць дадому ўвечары — амаль тут жа і засынае.
І зноў Таццяне дапамог каледж. Маладая сям’я атрымала інтэрнат. Жывуць у сямейным блоку. Гэта, канечне, не ўласная кватэра, але і там жыць дастаткова камфортна. А галоўнае — танна, не параўнаеш з тым, колькі б каштавала здымнае жыллё. Тым болей, што маладой сям’і трэба ж і для кватэры штосьці набыць, у мужа заробкі часовыя. Тым не меней — стараюцца, набылі мэблю.
Жыць у Лепелі? А чаму б і не? Таццяне падабаецца. І дачцэ спрытней. Кіра пайшла ўжо ў першы клас, вучыцца ў сярэдняй школе №1.
Працаваць у Лепелі? Зноў жа, нядрэнна. Праца, вядома, адказная, бо трэба ўвесь час знаходзіцца з падлеткамі, у іх асяродку. А падлеткі заўсёды цікаўныя і непрадказальныя. Трэба быць патрабавальным, нават і строгім, але заўсёды — справядлівым. Гэту якасць хлопцы і дзяўчаты заўсёды заўважаюць і цэняць. А яшчэ — іх трэба зацікавіць і заняць справаю. Тады не застанецца часу на гарэзы і свавольства. Вось такія педагагічныя прынцыпы ў майстра Таццяны Шарапавай. Быць майстрам вытворчага навучання ў Таццяны Аляксандраўны атрымліваецца. Прынамсі, так лічыць і кіраўніцтва. Ёсць у дзяўчыны тая “педагагічная хватка”, якая дазваляе трымаць дысцыпліну. Хапае дзелавых якасцяў, каб наладзіць справу і на невялікай вучэбнай вытворчасці.
Летась Таццяна Аляксандраўна вяла тэарэтычныя заняткі — спецтэхналогію ў муляраў. Сёлета ж занялася практычным навучаннем.
Праца займае амаль увесь тыдзень, тым болей, што каледж працуе і па суботах. Так што часу для ўласных спраў не заўсёды хапае. Летам, у выхадны маладая сям’я едзе або да маці Таццяны ў Грыгаравічы, або да свекрыві ў Пышна. Калі выдаецца свабодная хвілінка, любіць Таццяна пастаяць ля пліты — прыгатаваць смачныя стравы. Як лічыць гаспадыня, дома павінен быць пастаянны камфорт. Марыць Таццяна і далей вучыцца. Збіраецца паступаць у БНТУ на спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Так што перспектывы росту ў чалавека заўсёды ёсць і для самаўдасканалення няма межаў. Самае галоўнае — вялікае жаданне і імкненне да пастаўленай мэты.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.