“Музыка ліставею”. С первых строк стихи западают в душу

Нядаўна ў свет выйшла кніга вершаў Святланы Якубоўскай “Музыка ліставею”. З задавальненнем бяру ў рукі зборнік паэзіі гэтай знакамітай на Лепельшчыне і далёка за межамі нашага краю паэтэсы і пісьменніцы.
З творчасцю Святланы Віктараўны чытачы нашай газеты знаёмыя даўно. Яе трапнае слова немагчыма не палюбіць, а вялікая любоў да прыроды і роднага краю адчуваецца ў кожным радку вершаў.
Хоць па адукацыі жанчына — выхавацель, прысвяціла гэтай справе дзясяткі гадоў свайго жыцця, аднак усё сваё жыццё яна трымае пад рукой нататнік і ручку, каб паспець запісаць мілагучныя радкі, як толькі пачынаюць “плысці” ў думках.
Святлана Віктараўна друкавалася ў рэспубліканскіх газетах «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена». Вершы таксама змяшчаліся ў рэспубліканскіх часопісах «Полымя», «Маладосць», «Першацвет», абласных газетах «Народнае слова», «Витьбичи» і «Витебские вести», абласных літаратурных альманахах «Дзвіна» і «Ратуша».
У 2013 годзе ў Мінску выдадзены зборнік паэзіі «Вясёлкавыя сны», у 2015 годзе — кніга гумарыстычных апавяданняў і вершаў «Палітра лёсу», у 2017 годзе — зборнік паэзіі «Туманы над возерам».
У 2016 годзе галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і дзяржаўная ўстанова «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» ўзнагародзілі таленавітую лепяльчанку Дыпломам лаўрэата першай ступені ў дарослай узроставай катэгорыі абласнога творчага конкурсу «Мая зямля, мая Радзіма» ў намінацыі «Лепшы аўтарскі верш пра Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь». Акрамя гэтага, Святлана Віктараўна лаўрэат літаратурнай прэміі імя Пятруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама (2018 год), а ў студзені 2017-га прынята ў члены ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Чытаю яе творы з вялікім задавальненнем, бо ўсе яны напоўнены цеплынёй душы, прасякнуты шчырымі пачуццямі, якія ідуць ад самага сэрца.
Шмат гадоў жанчына з’яўляецца ўдзельніцай народнага літаратурна-музычнага клуба «Выток» пры Лепельскім раённым Доме культуры.
Калі паэтэса чытае свае вершы слухачам, заўсёды гучаць бурныя апладысменты ад аматараў паэтычнай творчасці. Усё гэта пацвярджае яе вялікі талент мастака слова.
***
У кнігу “Музыка ліставею” ўвайшлі выбраныя творы паэтэсы, у якіх адлюстраваны тонкі свет яе пачуццяў праз адносіны да Бога, Радзімы і суайчыннікаў. Свае вершы Святлана Віктараўна прысвяціла ўрачам-анколагам і іншым медыцынскім работнікам.
Складаецца зборнік з 8 раздзелаў: “У харастве ляснога краю”, “Кахання трапяткія ноты”, “Пад купалам вясёлкавых нябёс”, “Сцяжынкай памяці” і іншых.
Менавіта мяне асабліва кранаюць за душу вершы Святланы Якубоўскай пра прыроду. Так, напрыклад, глыбока ўражвае яркі вобраз васількоў у творы з аднайменнай назвай. “Аблашчаныя сонцам васількі…” — колькі любові ў гэтых радках да прыгожых кветак на беларускіх палях! Шмат тут і трапных эпітэтаў, параўнанняў. “Гарэзы-кветкі — нібы матылькі…” — у зімовую пару на душы становіцца цёпла і светла ад такіх слоў. І хочацца, каб хутчэй прыйшла вясна, а разам з ёй абудзілася прырода.
А калі вы прачытаеце верш “Лепелю”, то адразу палюбіце гэты горад на ўсё астатняе жыццё. “О, яснавокі Лепель мой! Ты кветкаю цвіцеш чароўнай”, “Блакітнавокі Лепель мой! Ты сонейкам надзей прашыты”.
Калі глыбей удумацца ў творы Святланы Якубоўскай, пачынаеш у іх знаходзіць шмат карыснага і выхаваўчага для сябе. Звычайна філасофская лірыка чытаецца складана для большасці аматараў вершаванага слова. Аднак гэта не пра паэзію Святланы Віктараўны. У кожным радку адчуваецца зварот да нашчадкаў, дзе аўтар прызывае любіць родны край, шанаваць сваю малую радзіму.
Не магу прамінуць верш “Вёсцы Аношкі”. Гэты населены пункт Святлана Віктараўна разам з мужам Мікалаем Гарбачовым наведваюць вельмі часта. Гэты край, размешчаны на беразе маляўнічага возера, немагчыма не любіць. Багаты на прыродныя дары, ён прыцягвае да сябе не толькі жыхароў нашага раёна, а і гасцей са сталіцы.
Адной з асаблівасцей творчасці паэтэсы з’яўляецца фатаграфічнасць. Амаль кожны верш уяўляе сабой карціну, якую можна ўвасобіць на палатне. Да такіх можна аднесці і твор пра Аношкі. Чытаючы яго, уяўляю сабе духмяныя травы на лугу, крыштальна-чыстае паветра, люстраную ваду ў возеры і, канечне, спевы птушак на ўсе лады.
Сама паэтэса бачыць у прыродзе кожны яе элемент, аналізуе яго. Яе вершы прадстаўляюць сабой невыказную прыгажосць, убачаную, здавалася б, у звыклых, банальных на першы погляд з’явах.
Не толькі летняя пара натхняе Святлану пісаць вершы. Не толькі багатая зеляніна на палях і лугах дапамагае ствараць вершы. Марозны вецер і зіма таксама выклікаюць у яе асаблівае замілаванне. І гэта цудоўна, бо я не вельмі люблю мароз і холад, а пасля прачытання верша “Вятрыска з зімою” па-іншаму стала адносіцца да белай пары года.
“Зіма апранула каптан серабрысты” — ужо з першых радкоў адчуваецца захапленне аўтара ад прыроды нават у лютую сцюжу. “У пары працуюць вятрыска з зімою, на шыбах малюючы кветкі настрою…” Здавалася б, штодзённасць. Аднак у Святланы Якубоўскай вобразы праходзяць праз чароўнае святло і набываюць зусім іншы сэнс. Зіма для яе штосьці незвычайнае, заварожвае сваёй прыгажосцю і шчодрасцю. Каб адчуць гэтую казачную атмасферу, хочацца выйсці на вуліцу.
Сапраўдная жыццёвая гісторыя апісана ў рыфмаванай форме ў вершы “Выпадак у лесе”. Прачытала яго на адным дыханні, каб хутчэй даведацца, які ж звер патрапіўся на шляху аўтара. Сэрца замірае, як уяўляеш сабе карціну: “А крокі чуюцца ўсё гучней, у такт іх моцна б’ецца маё сэрца…”
У творах, злучаных назвай “Музыка ліставею”, знайшлі адлюстраванне розныя жыццёвыя тэмы. Есць сярод іх і вельмі сумныя, але з глыбокім сэнсам. Да такіх хочацца аднесці верш “Калі жыццё, як знічка, дагарыць”, у якім ад пачатку да канца прасочваецца думка, што жыццё наша поўнае эмоцый і яго трэба пражыць годна. А калі пакрыўдзілі блізкіх, то трэба папрасіць прабачэння.
Вельмі карысна было б пачытаць вершы Святланы Якубоўскай падлеткам і дзецям, бо праз іх выхоўваецца пачуццё гармоніі, прыгажосці, патрыятызму. Акрамя гэтага, яе творы выхоўваюць мастацкі густ.
На завяршэнне хачу адзначыць, што творчасць лепяльчанкі кожнаму з нас дае парады, падказвае, як трэба правільна жыць.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.