На гэты раз на суд лепяльчан і гасцей нашага горада прадстаўлены карціны выхаванцаў Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў

Добраўпарадкаванае фае раённай бібліятэкі — вельмі зручнае месца для арганізацыі выстаў мастакоў. На гэты раз на суд лепяльчан і гасцей нашага горада прадстаўлены карціны выхаванцаў Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія аб’яднаны пад агульнай назвай “Палёт фантазіі”.
img_2739— У аддзяленні выяўленчага мастацтва зараз займаецца 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, — паведаміў выкладчык Анатоль Сімановіч. — Большасць з іх пажадалі прыняць удзел у гэтай выставе. Напрыклад, Дзмітрый Грыбоўскі намаляваў вельмі адметныя, своеасаблівыя карціны “Жар-птушка”, “Замак”, “Букет”, у якіх адлюстраваны багаты ўнутраны свет юнага мастака, поўны разнастайных пачуццяў і перажыванняў, удумлівага спазнання навакольнага свету, яго гісторыі і культуры.
Кірыл Бардуноў займаецца ўжо ў выпускным, пятым, класе нашай школы мастацтваў. Яго панарамная карціна адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета на Міжнародным конкурсе краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў была ўдастоена Дыплома першай ступені. Хацелася б, каб гэты поспех стаў для юнага майстра пэндзля чарговай прыступкай на доўгім і цярністым шляху да творчага сталення.
Яўген Астапенка летась закончыў наша аддзяленне, аднак ён па-ранейшаму не парывае сувязяў з выяўленчым мастацтвам, працягвае вучыцца ў восьмым класе мясцовай агульнаадукацыйнай школы. На выставе экспануюцца яго каларытныя партрэты, іншыя маляўнічыя работы, выкананыя акварэллю і алоўкам.
Чацвёрты год авалодвае ў нас ведамі і практычнымі навыкамі ў маляванні карцін дзесяцікласнік Заслонаўскай СШ Павел Валевіч. Захапленне выяўленчым мастацтвам робіць больш цікавым, разнастайным яго паўсядзённае жыццё, садзейнічае больш паспяховай вучобе ў агульнаадукацыйнай навучальнай установе.
Адкрыла выставу ўступным словам загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Ганна Васілеўская.
img_2741Аб дасягненнях і творчых планах педагагічнага калектыву Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў, прымаемых мерах па паляпшэнні якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу, умацаванні матэрыяльнай базы распавяла дырэктар навучальнай установы Наталля Максімава. Выкладчык Анатоль Сімановіч, іншыя педагагічныя работнікі, а таксама вучні пазнаёмілі прысутных з работамі, прадстаўленымі на выставе, расказалі аб іх адметнасцях, сваіх творчых задумах.
Дарэктар раённага цэнтра рамёстваў Алена Барадзейка паабяцала садзейнічаць Заслонаўскай дзіцячай школе мастацтваў у вырашэнні арганізацыйных і творчых праблем.
На адкрыццё выставы карцін вучняў Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў прыйшлі выхаванцы і выкладчыкі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў на чале з загадчыцай аддзялення выяўленчага мастацтва навучальнай установы Марынай Будрэвіч. У адрас калег па творчай дзейнасці і іх выхаванцаў прагучалі самыя сардэчныя пажаданні далейшых вялікіх здзяйсненняў на ніве выяўленчага мастацтва.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: выхаванец Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў Кірыл Бардуноў; разнастайныя па тэматыцы карціны юных мастакоў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.