На мехдворе лепельского ОАО «Черейщина» с утра было многолюдно

img_0931На мехдвары ААТ “Чарэйшчына” з раніцы было шматлюдна. Як заўсёды, аднымі з першых прыйшлі камбайнеры, за гадзіну-паўтары зрабілі рэгламентныя работы і паехалі на поле жаць збажыну. Следам за імі накіраваліся і вадзіцелі на машынах. Затрымаўся механізатар Васіль Аўтух.
Трактарыст раскручваў кола на плугу. Як аказалася, падшыпнікі вынасіліся. У прынцыпе, на два-тры дні працы павінна яшчэ хапіць, але ў бліжэйшы час, каб не здарылася аварыі, варта іх памяняць.
— У мяне аднойчы быў недарэчны выпадак, — успамінае Васіль Аўтух. — Як і цяпер, адпрацаваў на полі. Бачыў, што кола ўжо значна віхляецца, але спадзяваўся, што да канца працоўнага дня яно вытрывае, даару, а назаўтра з раніцы можна будзе заняцца рамонтам. Даараў, еду на мехдвор. Раптам у нейкі момант адчуваю, што нешта не тое творыцца. Аглянуўся — так і ёсць, кола плуга адвалілася. Доўга яго потым шукаў па кюветах і кустах.
Мужчына ўжо даў заяўку, каб набылі патрэбныя падшыпнікі, іх у складзе гаспадаркі пакуль што няма. Увогуле, рамонт сельгастэхнікі — дарагая справа. Перад пачаткам ворыва пад сяўбу азімых спатрэбілася капітальна адрамантаваць плугі, амаль на ўсіх 14 карпусах давялося мяняць цалкам усё жалеза: лемяшы, долаты, грудкі, адвалы, палявыя дошкі — на некаторых са старога засталіся толькі стойкі. Яно і не дзіва — землі ў “Чарэйшчыне” камяністыя, бывае, што і рысорныя амартызатары не надта ратуюць. Ды і ўвогуле нагрузка вялікая, сотні гектараў і больш даводзіцца перавярнуць за сезон.
— Перад пачаткам рамонту на складзе атрымліваў неабходныя запчасткі, распісаўся. Аказалася, што выдалі мне камплектуючых на 984 рублі! А яшчэ ж трэба будзе падшыпнікі мяняць, — кажа механізатар.
Каб зберагчы і прадоўжыць жыццё тэхнікі, на палявыя дошкі навараны кавалкі арматуры. Такі няхітры прыём дазваляе больш як удвая павялічыць тэрмін эксплуатацыі.
Нарэшце апошнія гайкі і балты закручаны, можна выпраўляцца ў поле.
— Паеду зараз на ўчастак за Усавікамі. Там рос азімы рапс, яго ўжо даўно зжалі, адным з першых. Буду рыхтаваць глебу для сяўбы азімых збожжавых, — з гэтымі словамі Васіль Аўтух сабраў ключы, вымыў рукі і запусціў рухавік трактара.
Тэкст і фота
В. МАТЫРКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.