На суседскай сенажаці

295Паводле зводкі райсельгасхарчу, лідарам у нарыхтоўцы кармоў з’яўляецца дзяржаўная сельскагаспадарчая ўстанова “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Галоўным крытэрыем лічыцца наяўнасць кармоў на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. У сартастанцыі гэты паказчык даўно перасягнуў за 25 цэнтнераў, у той час як у бліжэйшых канкурэнтаў, СВФ “З’аазер’е”, толькі набрана сем. Сакрэт у дадзеным выпадку вельмі просты – у гаспадарцы ўтрымліваецца адносна няшмат жывёлы, ад 200 да 300 галоў бычкоў на дарошчванні і адкорме. Таму для іх ёсць магчымасць хутка назапасіць кармы. Для параўнання: пагалоўе СВФ “Заазер’е” налічвае больш за дзве з паловай тысячы.
У той час, калі некаторыя гаспадаркі толькі набіралі абароты, корманарыхтоўка на палетках вакол Адамаўкі ішла поўнай хадой.
Вельмі добрай дапамогай стала новая касілка. Стары агрэгат за гады эксплуатацыі выпрацаваў свой рэсурс некалькі разоў. Таму пры першай жа магчымасці кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася абнавіць тэхнічны парк. Новая касілка прыбыла толькі ўвосень, а ў актыўную працу ўключылася сёлета. Працуе з ёй адзін з самых вопытных трактарыстаў Віктар Семянько. Метадычна, дзень за днём выязджаў на сенажаці, пакуль не скасіў усё запланаванае.
Травастой на палетках неблагі атрымаўся. Гэтаму найперш паспрыяў выбар траў. Аграномы Вольга Петухова і Міхаіл Кульба зрабілі асноўную стаўку на люцэрну і канюшыну, засеялі імі палі. А вось такія травы, як яжа, цімафееўка, праігнаравалі. І не прайгралі. Сухая і спякотная вясна адмоўна адбілася на пасевах ранніх траў у іншых гаспадарках, травастой атрымаўся збяднелы. Затое, калі надышла пара актыўнага росту, паспявання люцэрны і канюшыны, палілі дажджы, якія напаілі культуры, налілі іх масай.
Анатоль Жылінскі на агрэгаце КВК-800 ледзьве паспяваў здрабняць траву. У хуткім часе ў траншэі было закладзена больш за тысячу тон высакаякаснага сенажу. Хаця, зноў жа абмовімся, пра якасць корму з поўным правам можна будзе меркаваць толькі зімой, калі яго пачнуць скармліваць жывёле.
Убраўшы травы са сваіх сенажацяў, працаўнікі сартастанцыі сталі аказваць пасільную дапамогу іншым гаспадаркам. Напрыклад, Анатоль Жылінскі на КВК-800 здрабняў зялёную масу на палетках “Заазер’я”, Васіль Камісараў граблямі падварушваў траву ў аграсэрвісе, там жа адвозам здробненай зялёнай масы займаліся Ігар Старынскі і Віктар Міснік.
А потым ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” прапанавала сартастанцыі скасіць траву на адным з палёў і забраць яе сабе. Поле даволі шырокае, гектараў пад 40. Разнатраўе бычкі з’ядуць з апетытам, калі нарыхтаваць па тэхналогіі. Ды і недалёка ад Адамаўкі, каля трох кіламетраў.
На тую бяду, поле аказалася моцна засеяна не толькі травой, а і каменнем. Калі з палеткаў сартастанцыі каменне рэгулярна прыбіраецца і вывозіцца, то аграсэрвіс гэтым пахваліцца не можа. Літаральна праз некалькі дзён новай касілцы спатрэбіўся рамонт. На дзень візіту карэспандэнта Віктар Семянько якраз ім і займаўся, а дапамагалі яму слесар Генадзь Радчанка і калега, трактарыст Віталь Свістуноў. Замене падлягалі некалькі нажоў.
Пасля рамонту трактарыст збіраўся ехаць зноў на тое ж поле, заставалася дакасіць каля дзесяці гектараў. Гэту траву вырашылі высушыць на сена. Тым больш, што з нарыхтоўкай гэтага віду кармоў справы ідуць не лепшым чынам, у наяўнасці — не больш за дзесяць тон. Як і ў іншых гаспадарках, галоўным тормазам з’яўляюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я, а, дакладней, амаль штодзённыя дажджы. У наступныя пару дзён было скошана і гэта поле, нарыхтавана больш за 20 тон сена.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: апошняя даводка — і на сенажаць.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.