Zala-TV на Лепельшчыне

kak_vibrat_televisor1Калі пачынаеш у гутарцы расказваць пра трансляцыю тэлевізійных праграм праз тэлефонную сетку, суразмоўца спачатку наўрад ці зразумее, пра што яму кажуць. Затое, як толькі скажаш Zala, адразу ўсё становіцца ясным. Zala-TV стала своеасаблівым брэндам, маркай, знакам якасці. І ўсё ж, пры значнай распаўсюджанасці і зручнасці часцяком узні­каюць некаторыя пытанні. Напрыклад, як будзе трансліравацца тэлебачанне Zala ў аддаленых вёсках раёна, дзе няма нават тэлефонных ліній? Як жыхарам гэтых раёнаў правільна аформць заказ? Да каго звяртацца?
Для пачатку дадзім слова самім вяскоўцам. Жыхар вёскі Малое Жэжліна Фёдар Пшонка:
— Ужо некалькі гадоў на пенсіі. Жыву адзін, гаспадаркі няма. У якасці сувязі са светам — толькі газеты ды стары тэлевізар, які паказваў некалькі праграм, ды і тыя з перашкодамі. Захацеў падключыць тэлебачанне Zala. Паколькі ў мяне тэлефона няма, з суседняй вёскі патэлефанаваў у раённы вузел электрычнай сувязі, заказаў у іх падключэнне. Прыехала рамонтная брыгада. Хлопцы папрацавалі пару гадзін, паставілі антэну, падключылі да тэлевізара прыстаўку. Мне далі пульт, даходліва растлумачылі, як правільна карыстацца. Цяпер маю 26 каналаў з праграмамі на любы густ: навіны, серыялы, пазнавальныя перадачы. Абаненцкую плату і плату за падключэнне будуць вылічваць з пенсіі.
* * *
— Вельмі прыемна чуць словы ўдзячнасці з боку нашых абанентаў. Менавіта для іх мы і працуем, — кажа начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Анатоль Купрэвіч. — Сапраўды, адным са спосабаў павышэння эфектыўнасці працы, павелічэння колькасці абанентаў сталі непасрэдныя звароты. Гэтым выконваецца яшчэ адна функцыя — дапамога пры планаванні падключэнняў. Напрыклад, ёсць з вёскі, скажам, Слабада тры заказы на падключэнне Zala-TV. Патэлефануем яшчэ некалькім патэнцыйным заказчыкам, каб за адзін прыезд брыгады падключыць максімальную колькасць жадаючых.
— Аднак жа якім чынам транслюецца тэлебачанне Zala да абанентаў, якія не маюць тэлефонных ліній?
— З нядаўняга часу Zala-TV транслюецца ў эфірным лічбавым фармаце, што дазваляе падключаць гэту паслугу абанентам, якія не маюць тэлефонных ліній. Лічбавы тэлевізійны сігнал падаецца з рэтранслятараў ва Ушачах і Бягомлі, такім чынам пакрываючы амаль усю тэрыторыю Лепельскага раёна. Неахопленымі сігналам застаюцца некалькі вёсак — Валосавічы, Грыгаравічы і прылеглыя да іх, але там амаль паўсюдна праведзена Zala-TV па кабелях. Каб падключыць эфірнае Zala-TV, як і звычайнае тэлебачанне Zala, трэба заключыць дагавор. Літаральна праз некалькі дзён прыедзе брыгада і ўсё зробіць.
Для зручнасці вяскоўцаў крыху змянілі парадак працы: цяпер ім не трэба самім ехаць у Лепель, дастаткова патэлефанаваць нам. Брыгада выязджае па тэлефоннай заяўцы.
— Часта людзі пажылога веку не жадаюць карыстацца складанай тэхнікай, “баючыся зламіць што-небудзь”…
— Сутыкнуўся з апісанай вамі сітуацыяй літаральна на днях. Цешча жыве ў Чарнаруччы, перыядычна ездзім да яе ў госці. У адзін з прыездаў, было гэта напрыканцы зімы, яна паведаміла, што трое яе суседак-пенсіянерак хацелі б падключыць Zala-TV. Праблем няма. Пагаварыў з імі, яны пацвердзілі жаданне, толькі ў гутарцы выказалі боязь “зламіць”. У хуткім часе спецыялісты падключылі тэлебачанне. Праз месяц зноў былі ў гасцях. Пытаю: “Як там жанчыны, ці разабраліся?” “Ды яшчэ як, — адказвае, — пультамі карыстаюцца лоўка, кнопкі націскаюць хутка і ўпэўнена, як дзеці на джойстыках гульнёвых прыставак!” Боязі не будзе, калі смела і ўмела карыстацца апаратурай.
* * *
— Цана падключэння эфір­нага Zala-TV?
— Абаненту трэба заплаціць за антэну, калі яго антэна не падыходзіць для прыёму сігналу ў дэцыметровым дыяпазоне. Антэна каштуе каля 280 тысяч рублёў. Таксама трэба аплаціць кошт кабеляў. ТБ-цюнар, так званая прыстаўка, і пульт выдаюцца абаненту бясплатна на час дзеяння дагавора. Само падключэнне каштуе 36 тысяч рублёў. Пасля гэтага карыстальнік уносіць толькі штомесячную абаненцкую плату. Мінімальна каштуе пакет “Стандарт-TV”, у які ўключаны восем сацыяльных тэлевізійных каналаў, канал радыё і 18 камерцыйных тэлеканалаў — 34050 рублёў на месяц. Пры жаданні можна падключыць дадатковыя тэматычныя пакеты. Усяго можна глядзець 42 каналы за 57 тысяч рублёў у месяц. Вычарпальную інфармацыю можна атрымаць, наведаўшы інтэрнэт-старонку zala.by або па тэлефоне 130 бясплатна.
— Растлумачце, у чым адрозненне Zala-TV ад звычайнага эфірнага лічбавага тэлебачання?
— Так, спачатку можа скласціся ўражанне, што гэта адно і тое ж. Аднак ёсць некалькі прынцыповых адрозненняў. Эфірнае лічбавае ТБ можна прымаць з дапамогай любога лічбавага цюнара, а ў апошнія гады нават выпускаюцца тэлевізары з ужо ўманціраваным цюнарам. Такім спосабам на тэрыторыі Лепельскага раёна прымаецца толькі сацыяльны бясплатны пакет з васьмі тэлеканалаў і аднаго канала беларускага радыё. Тэлебачанне Zala прымаецца толькі пры дапамозе абсталявання РУП “Белтэлекам” і дазваляе акрамя сацыяльнага бясплатнага пакета прымаць яшчэ дадаткова да 34 тэлеканалаў. Праўда, паколькі гэтыя каналы камерцыйныя, за іх трэба ўносіць абаненцкую плату.
— Колькі на сёння ў раёне абанентаў Zala-TV і якія бліжэйшыя перспектывы?
— Пастаянна трымаем руку на пульсе, таму маем самыя апошнія звесткі. Так, паводле нашых даных, у раёне налічваецца больш за 5400 абанентаў Zala-TV, якія атрымліваюць сігнал праз правадную сетку, і больш за 300 абанентаў Zalа эфірнай. Абаненцкая кропка — гэта дом, кватэра, дзе пражывае сям’я, скажам, з чатырох чалавек. Такім чынам, за лічбай у шэсць тысяч абанентаў стаіць не менш за 24 тысячы гледачоў. Для параў­нання: у раёне на сёння, паводле статыстычных даных, пражывае крыху больш за 33 тысячы чалавек. Змяншэннем колькасці патэнцыйных абанентаў тлумачыцца некаторае змяншэнне колькасці новых падключэнняў. Так, калі год таму мы выконвалі да 200 заявак штомесяц, то цяпер прымаем у сярэднім па 110 — 140.
Для далейшай работы, між іншым, Лепельшчына мае вялікія тэхнічныя магчымасці. Мы першымі ў Віцебскай вобласці падвялі оптыка-валаконны кабель да кожнай з 21 аўтаматычных тэлефонных станцый, замянілі на іх абсталяванне. Оптыка-валаконны кабель закладваецца ва ўсе кватэры лепельскіх новабудоўляў, што дазваляе падключаць абанентам Zala-TV высокай дакладнасці, глядзець каналы ў HD-якасці.
Васіль
МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.