Начался сев овса в Лепельском районе

img_6878Паведамленню пра першы пробны выезд на веснавую сяўбу, скажу шчыра, крыху здзівіўся. Я, канечне, разумеў, што пасля
сёлетняй бясснежнай, анамальна цёплай зімы веснавыя палявыя работы пачнуцца раней звычайных тэрмінаў, але ж не спадзяваўся, што ўжо ў сярэдзіне сакавіка.
Бачыў сюжэты ў выпусках навін, дзе паведамлялася пра сяўбу яравых збожжавых на беларускім Палессі. З іншага боку, прагноз на бліжэйшыя дні прадказваў часовае пахаладанне. Сіноптыкі прагназавалі апусканне слупкоў тэрмометраў па начах да чатырох градусаў марозу і выпадзенне снегу.
— Не баіцеся сеяць пры такім рызыкоўным прагнозе? — задаю пытанне галоўнаму аграному КУВСГП “Лепельскае” Аляксандру Нікітчанку.
— Ні ў якім выпадку, — адказвае спецыяліст. — Яшчэ з савецкіх часоў мы сеялі рана, здараліся і выпадкі, калі закінутае ў глебу зерне на некалькі дзён накрывала снегам. Пакуль парасткі не паказаліся з зямлі, ім нічога не страшна, яны вытрымаюць непагадзь і прарастуць на некалькі дзён пазней. Найбольшая ж небяспека можа пагражаць пасевам, якія ўжо прараслі, хіба што ад моцных перападаў тэмператур, калі слупок тэрмометра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус пяці да плюс дзесяці градусаў, або калі па парастках увогуле ўдарыць моцны замаразак, да дзесяці градусаў марозу. Аднак, думаю, такіх анамалій не варта чакаць.
Што ж так прыспешвае працаўнікоў КУВСГП “Лепельскае”? Мяркую, у першую чаргу вялікія плошчы, якія сёлета трэба засеяць, — сотні гектараў. Аб’ём працы перад імі вялікі, а сілы і сродкі — абмежаваныя. Насення для сяўбы хапае, заверыў галоўны аграном, яшчэ з восені быў закладзены ў дастатковай колькасці насенны фонд, нават з некаторым запасам. Аднак ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з недахопам мінеральных угнаенняў, асабліва азотных. Самая ж галоўная праблема — стан тэхнікі. Даводзіцца прызнаваць, што большая частка трактароў, глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў выпрацавала свой рэсурс або падыходзіць да гэтай мяжы. Каб паднавіць іх і забяспечыць бесперабойную працу, патрабуецца значнае ўкладанне грошай. Напрыклад, капітальны рамонт або замена рухавіка маркі Deutz на энерганасычаным трактары МТЗ-3022 па кошце параўнальныя з бюджэтнай іншамаркай. Вось і спадзяюцца вяскоўцы на дапамогу з бюджэту.
Для пробнага выезду было выбрана поле на беразе возера Доўгае ля вёскі Казлы. Глеба там пясчаная, таму падсыхае хутка.
Калі мы пад’ехалі на рэдакцыйным аўтамабілі, на ўскрайку прыпыніліся два трактары: МТЗ-3022 з чызельным культыватарам і МТЗ-920.2 з загрузчыкам. З процілеглага краю чуўся гул яшчэ аднаго трактара з пасяўным агрэгатам, зводдаль хадзіў галоўны аграном.
img_6884Знаёмлюся з трактарыстамі.
— Аляксандр Кажэка, працую на МТЗ-3022, чызеляваў гэтае поле.
— Колькі часу спатрэбілася для правядзення работ?
— Учора ў другой палове дня пачаў, сёння ж да сярэдзіны дня скончыў, якраз і сеяльшчыкі прыехалі.
— Як глеба, не вельмі падмерзлая, не сырая?
— Пясок, як бачыце, рассыпаецца. Ёсць, праўда, некалькі сыраватых месцаў, але гэта некрытычна. Іншая бяда — камяні, аб адзін толькі што стойку чызеля зламаў.
Сапраўды, каменнем багатая лепельская зямля.
У загрузчыку Дзмітрый Шайтар прывёз насенне.
— Што за культура, сорт? — пытаюся ў Аляксандра Нікітчанкі.
— Авёс сорту “факс” другой рэпрадукцыі, — чую ў адказ.
Сапраўды, авёс ці не самым першым паступае ў глебу. Нават прымаўка калісьці існавала: “Сей авёс у гразь — будзеш князь!”. Гэтай культуры патрэбна вільгаць і вытрымлівае перапады тэмпературы.
А хто ж сее? Пад’ехаў трактар — і з яго кабіны выйшаў стары знаёмы — Мікалай Канашкоў, перадавік сельгасвытворчасці, вызначаецца стараннасцю і акуратнасцю ў працы. Свой МТЗ-3022 мужчына атрымліваў адным з першых у раёне, больш за адзінаццаць гадоў таму. На трактары працуе толькі сам, не давярае тэхніку іншым механізатарам, нават калі ідзе ў водпуск. У выніку аўтамабіль — адзін з лепшых у гаспадарцы, з першага разу прайшоў тэхагляд. І толькі нядаўна яму спатрэбіўся капітальны рамонт рухавіка, што нядзіўна, улічваючы пастаянны напружаны рэжым працы.
Поле на беразе возера Доўгае — тыповае для Лепельшчыны. Здаецца, вялікае, больш за сем гектараў, аднак пагорыстае, адзначанае астраўкамі высачэзнага кустоўя і алешніку, са звілістай лініяй межаў. На такім вельмі нязручна працаваць з шыроказахопным пасяўным агрэгатам.
— Я тэлефанаваў дырэктару, — кажа Аляксандр Васільевіч. — Той запэўніў, што ў бліжэйшы час павінен прыбыць меншы трактар з трохмятровай сеялкай, ён і возьме на сябе невялікія куточкі, дзе Мікалаю з яго тэхнікай разварочвацца нязручна.
У той дзень земляробы планавалі засеяць першае поле і распачаць наступнае.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.