Насыщенная и красочная культурная палитра в агрогородке Большой Полсвиж

sdc15052  Насычаная і маляўнічая культурная палітра ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж. Віруе тут жыццё. Аб адной падзеі распавядзём падрабязна. Маем на ўвазе конкурсную шоу-праграму “Міс Вясна-2018”. На падмосткі сцэны тутэйшага Дома культуры выйшлі пяць дзяўчынак — Ірына Бадзяй,   Васіліна Сінькевіч, Анастасія Яўсеева, Валянціна Вараная і Валерыя Жук. Хваляваліся, бясспрэчна. Наўкола ж знаёмыя твары гледачоў. Аднавяскоўцы як-ніяк. І хочацца паказаць сябе з найлепшага боку.

А пазнаёміліся з канкурсанткамі гледачы па “Візітнай картцы”. Пазнаёмімся і мы.
— Добры дзень! — прывіталася І.Бадзяй. — Мяне завуць Ірына. Мне 11 гадоў. Вучуся ў гімназіі імя Ерашова ў 6 «А» класе. Добра запамінаю вершаваныя і празаічныя тэксты. Люблю маляваць. Назбіралася малюнкаў ужо столькі, што хопіць на персанальную выставу. Нават звычайны пластылін магу ператварыць у твор мастацтва. У будучым мару стаць мастаком-дызайнерам. У вольны час люблю слухаць музыку.
Аказваецца, Ірына яшчэ і добрая гаспадынька. Асабліва смачнымі выходзяць з-пад яе ўмелых ручак аладкі ды пірог «Шарлотка». І жаданнем запаветным падзялілася дзяўчынка — хоча асвоіць асновы кіравання аўтамабілем. Не адмаўляецца і ад прапановы таты сесці за руль мотаблока.
А вось Валянціна Вараная вучыцца ў сёмым класе Поўсвіжскай базавай школы. Адным з любімых прадметаў з’яўляецца фізкультура. Не цураецца ніякай працы. Пакуль яшчэ невялікую дапамогу аказвае бацькам па хаце: прыбрацца, памыць, падмесці, прапалоць, паліць, памыць бялізну, прыгатаваць. Але яе рукі робяць хатнюю справу дбайна.
Не менш актыўнымі і руплівымі паказалі са сцэны сябе іншыя ўдзельніцы імпрэзы — Васіліна Сінькевіч, Анастасія Яўсеева і Валерыя Жук. У кожнай свае прыярытэты і інтарэсы. Жыццё насычанае і зыркае. Адным з любімых захапленняў Анастасіі, напрыклад, з’яўляецца чытанне літаратуры. Атрымлівае дзяўчынка асалоду ад займальных прыгод, фантастычных раманаў і дэтэктываў. На гэтую ж тэматыку любіць глядзець добрыя мастацкія фільмы.
— Ля экрана тэлевізара і камп’ютара мяне прыварожваюць фантастычныя фільмы і сюжэтныя серыялы, якія гляджу разам са сваёй сяброўкай, — падзялілася думкамі пра сябе Васіліна. — Дома я памочніца на агародзе, кухні, па гаспадарцы. Сама нядрэнна гатую. Мае любімыя стравы — бліны і аладкі. Дапамагаю ўпраўляцца па хатняй гаспадарцы і любімай бабулі Валі.
-2-
Горача віталі гледачы і “візітную картку” Валерыі Жук:
— Наведваю факультатывы па матэматыцы і беларускай мове. Неаднаразова ўдзельнічала і працягваю прымаць удзел у алімпіядах па розных школьных прадметах. Хоць самы любімы ўрок — фізкультура. Асабліва люблю зімовы перыяд, калі заняткі праходзяць на лыжах. А яшчэ натхняюся лепкай з гліны ў гуртку «Кераміка». Са звычайнага кавалачка гліны атрымліваюцца разнастайныя вырабы. Многія радуюць маіх родных на палічцы маёй кніжнай шафы.
Праз сур’ёзныя конкурсы і іншыя творчыя выпрабаванні давялося прабівацца канкурсанткам да прызнання журы і гледачоў. У “Гаспадыньцы” з завязанымі вачыма навобмацак вызначалі тыя ці іншыя кухонныя прылады. У хатнім заданні “Мадэльер” разам з матулямі падрыхтавалі да імпрэзы касцюмы з падручных матэрыялаў. І вырабы атрымаліся даволі прывабнымі і арыгінальнымі. Пра тое красамоўна сведчаць кідкія назвы: “Лепелька” (І. Бадзяй), “Белая пралеска” (В. Сінькевіч), “Кветкі вясны” (А. Яўсеева), “Натхненне” (В. Вараная), “Казырная дама” (В. Жук). Кожная адзначана дыпломам і падарункам.
Не сумавалі прысутныя, а задорна прытупвалі нагамі пад час творчага конкурсу, калі ўдзельніцы ў народных строях выконвалі задорныя частушкі пад акампанемент вядомага музыкі Аляксандра Міхно.
-3-
sdc15035Ну а зараз раскрыем інтрыгу творчага саперніцтва. Удзельніцы сталі пераможцамі кожная ў пэўнай намінацыі. Па рашэнні журы Ірына Бадзяй атрымала тытул “Міс Зачараванне”, Васіліна Сінькевіч — “Міс Грацыя”, Анастасія Яўсеева — “Міс Абаянне”, Валянціна Вараная — “Міс Артыстычнасць”, Валерыя Жук — “Міс Арыгінальнасць”.
Гэта толькі адзін штрых з культурнага мерыдыяна аграгарадка. Сумаваць няма калі. Вясна імпэтна крочыць па вясковай вуліцы! Хоць і падмарожвае часам, але бялюткія галоўкі пралесак уладарна падштурхоўваюць знізу снегавыя шапкі. Вясновы настрой падарылі аднавяскоўцам у той веснавы дзянёк і ўдзельніцы шоу-праграмы.

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.
На здымках: яркія эпізоды шоу-праграмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.