Новый год прошел, отзвенели Колядки, однако марафон благотворительности не кончается

img_6451Новы год прайшоў, адзвінелі Калядкі, аднак марафон дабрачыннасці не заканчваецца. Супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Юлія Жарнасек, Марыя Юшчанка і Антон Кароткіх наведалі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Варта зазначыць, што следчыя ўжо неўпершыню прыязджаюць туды ў госці. І кожны раз выхаванцы цэнтра сустракаюць гасцей са шчырай удзячнасцю, з непрыхаванай цікавасцю.
І на гэты раз дзеці, як заўсёды, у першыя хвіліны трошкі прыціхлі, сядзелі на крэслах і канапах. Госці прадставіліся. Юлія Жарнасек прамовіла:
— Дарагія дзеці, віншуем вас са святамі, Новым годам і Калядкамі, жадаем вам моцнага здароўя, аптымізму. Няхай спраўдзяцца ўсе вашы пажаданні! А мы прывезлі вам падарункі.
Пасля гэтых слоў дзеці асмялелі, а праз хвілінку ўжо дружна асвойвалі падарункі. Госці да выбару падарункаў падышлі грунтоўна, загадзя пацікавіліся ў выхавальнікаў, што было б дарэчы ў іх установе. Цукерак і прысмакаў у святочныя дні на сталах хапае, нават зашмат, значыць патрэбен такі падарунак, які б быў актуальны не толькі ў святы. І такая рэч была знойдзена — гульня, якую называюць “чароўны пясок”. Летам многія дзеці ў пясочніцах лепяць розныя фігуркі, у тым ліку і з выкарыстаннем формаў. Гэтая забава вельмі карысная тым, што развівае фантазію і трэніруе дробную маторыку пальцаў рук.
А як жа быць зімой? Вытворцы знайшлі выйсце і прапануюць спецыяльны пясок для дзіцячых гульняў. Ён не рассыпаецца, добра ўтрымлівае форму, але разам з тым не застаецца ў выглядзе смецця на паверхні стала і руках.
Юлія Жарнасек і Марыя Юшчанка ў акружэнні дзяцей эксперыментавалі, паказвалі, як правільна карыстацца формамі і пяском, як можна зрабіць рознакаляровых крабаў і матылькоў. Дзеці так захапіліся новымі цацкамі і гасцямі, што некторы час не хацелі адпускаць апошніх.
Пазней госці пагутарылі з выхавальнікамі. Дырэктар цэнтра Валянціна Яфіменка падзякавала:
— Дзякуй вам вялікі, што прыехалі, парадавалі дзетак. Вы бачылі, як адразу некаторыя пайшлі да вас. А іншыя далучыліся следам, крыху пазней. І разам займаліся лепкай. Дарэчы, як вам новыя вашы знаёмцы?
— Дзеці як дзеці, — адказвае Юлія Жарнасек, — толькі ім патрэбна нашмат больш увагі, цеплыні, любові, догляду.

Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Юлія Жарнасек (першая злева) і Марыя Юшчанка (трэцяя злева) разам з выхавацелямі і дзецьмі цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі займаюцца лепкай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.