«У княстве Цмока Лепельскага» пабывалі майстры пэндзеля, а потым на выставу запрасілі лепяльчан

31Улетку гаспадар аграсядзібы Васіль Шкіндзер запрасіў да сябе мастакоў на пленэр “У княстве Цмока Лепельскага”. Тэмай пленэру была вызначана міфалогія Лепельскага краю, што дало вялікую прастору для палёту фантазіі. Беларуская міфалогія надзвычай багатая, але недастаткова даследаваная.
Некалькі дзён майстры пэндзляў малявалі, чэрпалі натхненне ад лепельскіх краяві­даў, потым у майстэрнях завяршалі пачатае. А зла­джаная на днях у выставачнай зале Цэнтра рамёстваў выстава стала своеасаблівай справаздачай, дзе былі прадстаўлены выніковыя работы. На ўрачытае адкрыццё выставы сабраліся амаль усе мастакі, якія ўдзельнічалі ў пленэры, а таксама вучні школы мастацтваў, іх бацькі.
Напярэдадні арганізатары выставы, мастак Аляксандр Саўчанка, дырэктар Цэнтра рамёстваў Алена Барадзейка, Васіль Шкіндзер развешвалі карціны. Іх сбралася столькі, што для ўсіх ледзьве хапі­ла месца. Вось лепельскія цмокі ў самых розных вобразах і ракурсах: ад злоснага ненажэрнага драпежніка да добрага п’янага дзядзькі. Была нават карціна з выявай возера ў форме цмока, ці цмока ў форме ляснога возера…
Асабіста мне больш спадабаўся твор лепяльчаніна Уладзіміра Крыцкага, які ён зрабіў больш за дзесяць гадоў таму, калі яшчэ ніякіх размоў пра Цмока Лепельскага і не было. Карціна “Паданне пра Змееў камень” напісана ў стылі маляванак Язэпа Драздовіча. На адным палатне паказана некалькі галоўных, ключавых эпізодаў падання. У карціне адчуваецца магутны народны каларыт, раскрываецца народны светапогляд.
Аднак не толькі цмокі сталі галоўнымі героямі карцін, хапіла месца ваўкалакам, лесавікам, дамавікам, русалкам і іншым насельнікам язычніцкага беларускага пантэону. Вельмі адметнай, каларытнай падалася праца “Ваўкалак” юнай мастачкі Насці Грыбанавай, вучані­цы лепельскага мастака Івана Будзіча (на здымку). Увогуле, Насці лепш удаюцца графічныя работы, чым жывапісныя. Адным стрыманым колерам яна можа распавесці больш, чым усёй палітрай фарбаў.
У дзень адкрыцця выставы прыехала і госця з Полацка — мастачка-дызайнер Кацярына Мяснікова:
— Рэгулярна праязджала праз Лепель, але ён прамільгаў паўз мяне, не пакі­даючы слядоў, застаючыся толькі кропкай на маршруце. Да пленэра. Прыехала па запрашэнні, памалявала некалькі дзён і, можна сказаць, закахалася ў лепельскія краявіды. Мой родны Полацк, вядома, старажытны горад, з багатай гісторыяй, але Лепель здолеў захаваць каларыт невялі­кага беларускага мястэчка. Ну а прырода — я не маю слоў! На плэнэры ж сустрэлася са старымі знаёмымі — лепельскімі мастакамі, здольнай моладдзю.
Акрамя Кацярыны на адкрыцці выступалі Аляксандр Саўчанка, дырэктар Цэнтра рамёстваў Алена Барадзейка, майстар разьбы па дрэве Леанід Саўчанка. Не абышлося і без песень. Уладзімір Крыцкі, Людміла Куракова і Васіль Шкіндзер выканалі некалькі народных песень, сабраных на Лепельшчыне.
Для дзяцей іх выкладчык Аляксандр Саўчанка наладзіў своеасаблівую экскурсію па выставе. Спыняючыся перад карцінай, ён расказваў не толькі пра твор, а і колькі шчырых слоў пра аўтара. Паколькі экспанатаў было вельмі шмат, то вялікія расповеды не рабіліся, хаця Аляксандр, адчувалася, можа гаварыць гадзінамі, і гэта было б цікава. На завяршэнне ўсе ўдзельнікі выказалі пажаданне, каб пленэры на Лепельшчыне атрымалі сталую прапіску, выставы праводзіліся рэгулярна, бо Лепельскі край багаты і на маляўнічыя краявіды, і на багатую гісторыю і міфалогію, і на здольных мастакоў і ўдзячных гледачоў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Іван Будзіч са сваёй вучаніцай Алесяй Грыбанавай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.