Нужно уметь переубеждать

img_7281 Сучасная і, як цяпер кажуць, рэспектыўная прафесія ў Юліі Лях. Адны прафесію банкаўскага работніка называюць “рэспектыўнай”, а іншыя — “крутой”. Апошняе больш характэрна для моладзі. Сказаў “для моладзі”, а сам падумаў: “Якога ж узросту мая суразмоўца?” Ведаеце, узрост жанчыны няпроста вызначыць, бо яна ж заўсёды маладая. І чым болей за плячыма ў яе вопыту, тым маладзей выглядае.

Падобна, у Юліі той узрост, калі яшчэ касметыка не надта і патрэбная. Характэрным жэстам — кіўком галавы, “асвяжыла” прычоску — і вось яна ўжо гатова для фотаздымка. Маладосць ёсць маладосць. І не трэба выслухоўваць, як ад некаторых жанчын “бальзакаўскага ўзросту”, какетлівыя высновы пра тое, што яны, нібыта, не фотагенічныя, і “сёння не гатовыя” для здымка.
А Юлі, мяркуючы па ўзросце яе дачок, яшчэ далёка-далёка да старасці. Ды і прафесія вымагае заўсёды быць у форме. Яна працуе вядучым спецыялістам па продажы рознічных банкаўскіх прадуктаў у Цэнтры банкаўскіх паслуг №211 філіяла №216 ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Выглядае прывабна таму, што афіцыйная назва ўстановы так і падштурхоўвае да сур’ёзнай дысцыплінаванасці і дысцыплінаванай сур’ёзнасці. Яно і сапраўды так. Працаваць банкаўскім работнікам — не семечкі лускаць. Яно так было заўсёды, а ўжо зараз, калі банк фактычна з’яўляецца флагманам розных крэатыўных навінак, і тым болей трэба адпавядаць.
Ужо некалькі гадоў, як у “Беларусбанку” ўведзена новая форма працы з кліентамі — аперацыйная служба на адкрытым працоўным месцы. У дадзеным выпадку — на зале. Вось заўважце: за шклом вітрын знаходзяцца касіры-аператары, якія выконваюць аперацыі непасрэдна з наяўнымі грашыма. А тым часам у зале стаяць столікі. І да кліента, які прыйшоў аформіць крэдыт, зрабіць уклад, выканаць пэўныя аперацыі з плацёжнымі картамі, непрыкметна падыдзе ветлівая дзяўчына з біркаю на лацкане і ненадакучліва прапануе дапамогу.
Кліенты розныя. Адны ўжо да пластыкавых картак прызвычаіліся, з інфакіёскам знаёмыя. З такімі прасцей — нешта падказаць, пэўны нюанс фінансавай аперацыі растлумачыць — і ўсё, справа пайшла, далей кліент дзейнічае самастойна. Аднак бываюць і такія наведвальнікі, часцей сярод старэйшага пакалення, хто на картку глядзіць недаверліва, да інфакіёска ўвогуле баіцца падысці. У такім выпадку банкаўскаму работніку трэба ўсё рабіць самастойна, а ў дадатак яшчэ і працаваць псіхолагам — угаворваць, пераконваць…
А ёсць увогуле канфліктныя кліенты. Юлія прызнаецца, што часам даводзіцца прыкласці немалыя намаганні, каб захаваць спакой. Аднак нельга ні ў якім разе павышаць тон, бо гэта ўжо абсалютны непрафесіяналізм. З неўраўнаважаным характарам банкаўскаму работніку не месца на працы. Як вядома, кліент заўсёды мае рацыю, а калі памыляецца, трэба ўмець яго пераканаць.
Новыя павевы часу: увесь працоўны дзень — пад вокам відэакамеры. З аднаго боку, пры фінансавых аперацыях гэта цалкам апраўдана, бо ў выпадку непаразуменняў ці ў спрэчных момантах камеры — добрыя памочнікі. А з другога боку, гэта сучасны сродак кантролю за працоўнай дысцыплінай. А як жа адчувае сябе чалавек пад каўпаком відэакамеры ўвесь працоўны дзень? Самі разумееце. Усе ж мы — жывыя людзі.
Калі я запытаўся ў Юліі, ці стамляе праца, тая шчыра кіўнула галавою:
— Прыходзіш дадому — і ўжо нічога не хочацца, хочацца цішыні.
— І вашы маленькія дачушкі — Саша-першакласніца, і Крысціна, якой споўнілася пяць гадкоў, тут жа вам гэтую цішыню і забяспечваюць…
Заўсміхалася:
— А ведаеце, зараз ужо лягчэй. Цяплее, дзеці дома не затрымліваюцца, бегаюць на двары, прыбягуць, нешта ўхопяць — і зноў на вуліцу.
— Ухопяць, можа, мамін салодкі піражок хатняй выпечкі?
— Каб жа! Піражкамі ўлагоджваю па выхадных мужа, ён вельмі любіць. А дзеці — ні за што! Ім патрэбны макароны, амлет ці яечня-“глазунья”.
— Добра, што хаця не патрабуюць экзатычных страў. Паважаюць цяжкую працу маці? У вас ёсць захапленні?
— Ёсць. А калі іх рэалізоўваць? Яшчэ не так даўно вязала кручком. Добрыя сукенкі для дачушак атрымліваліся. Рукадзельнічаю яшчэ са школы. У СШ №1, дзе вучылася, наведвала гурток. Часам падарожнічаем. То пабываем у гасцях у сясцёр у Пінску, у Віцебску. Зараз вось збіраемся ў Бярэзінскі запаведнік. Ужо вясна. Звяры, напэўна, прачнуліся, ажылі, трэба дзецям паказаць. У бабулі ля хаты агарод. Там мы, уласна, летам і жывём, на свежым паветры, як на лецішчы.
Малая радзіма Юліі — невялічкая, на той час было сем хат, вёска Рачыца. Гэта ля Ізабеліны. Ці ёсць яна зараз, тая вёсачка? Адтуль родам бацька, а маці — з Пінска. Сустрэліся ў Віцебску, дзе мама вучылася на бухгалтара, а тата працаваў вадзіцелем. Сястра Юліі — юрыст. Сама ж яна спасцігала прафесію бухгалтара ў МФЭКу — Мінскім фінансава-эканамічным каледжы, а пасля ўжо, калі працавала ў банку, паступіла на завочнае навучанне ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Фінансы і крэдыт”. Спачатку працавала ў ашчаднай касе, у раёне тагачаснага завода шасцерань. Муж — дрэваапрацоўшчык. Яны розныя. У мужа прафесія працоўная і цалкам “зямная”. Ён працуе рукамі, яна — галавою. Яны розныя, але ж супрацьлегласці прыцягваюцца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Юлія Лях.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.