Заседание комиссии по призыву

img_1745 На чарговым пасяджэнні камісіі па прызыве былі ўручаны копіі рашэнняў новым прызыўнікам. Хлопцы ў маі будуць накіраваны ў вайсковыя часці.

— Якія роды войскаў, вайсковыя часці найбольш прывабныя для лепельскіх прызыўнікоў? —пытаюся ў начальніка аддзела прызыву ваенкамата Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёра Дзмітрыя Заікіна.
— Прызыўнікі аддаюць перавагу вайсковым часцям і родам войскаў пасля службы ў якіх адкрываюцца перспектывы для кар’ернага і прафесійнага росту. Напрыклад, пагранічныя войскі. Вядома, служба там цяжкая, але яна з’яўляецца выдатнай жыццёвай школай. Плануем накіраваць на службу ў пагранічныя войскі, напрыклад, Рамана Крыкуна з Бароўкі, Вячаслава Жарнасека з Лепеля. Яшчэ дваіх лепяльчан, Уладзіслава Тухту і Андрэя Красковіча, плануецца прызваць на службу ў Мінскую камендатуру, у роту ганаровай варты. Яны будуць прадстаўляць Лепельшчыну на высокіх прыёмах, афіцыйных мерапрыемствах.
— У мінулыя гады многія прызыўнікі выказвалі жаданне служыць бліжэй да малой радзімы. Ці ёсць такое жаданне ў прызыўнікоў цяперашніх?
— Такое жаданне ёсць. Аднак, пакуль мерапрыемствы прызыву не закончаны, таму цалкам карціну прадставіць не магу. Хаця, цяпер можна сказаць наступнае. Напрыклад, у 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён у бліжэйшы прызыў плануем накіраваць лепяльчаніна Аляксандра Васюка. Хаця службу ў гэтай вайсковай часці мясцовай можна назваць з пэўнай доляй умоўнасці, бо вайскоўцаў задзейнічаюць на раскопках аб’ектаў па ўсёй Беларусі.
— Як увогуле ацэньваеце стан прызыўнікоў, іх здароўе, матывацыю да службы?
— Так склалася, што ўвесну прызываюцца даволі шмат маладых людзей па заканчэнні вышэйшых навучальных устаноў. Сёлета, напрыклад, каля паловы прызыўнікоў маюць вышэйшую адукацыю. Яны, хаця і служаць нашмат менш, чым прызыўнікі з сярэдняй адукацыяй, але камандаванне некаторых часцей па сваіх крытэрыях аддае перавагу ім. А тыя хлопцы, якія пад час вучобы займаліся на ваеннай кафедры, увогуле маюць вайсковыя кваліфікацыі малодшых камандзіраў, званні сяржантаў запасу і прызываюцца толькі на шэсць месяцаў. Напрыклад, на такі тэрмін будзе прызваны жыхар вёскі Вялікі Поўсвіж Ілья Шкіндзер. Хлопец скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, вучыўся на ваеннай кафедры, цяпер прызываецца на паўгода.
Даволі актуальнай застаецца праблема ўхілення ад прызыву некаторымі несвядомымі грамадзянамі. Прыдумваюцца розныя хітрыя схемы, каб не выконваць вайсковы абавязак. Часта маладыя людзі з’язджаюць за мяжу, у Расію, спадзеючыся заадно папрацаваць там і зарабіць грошай. Аднак органы крымінальнага вышуку наладзілі ўзаемадзеянне, падобных грамадзян выяўляюць і караюць у судовым парадку. Так, у органах прымусовага выканання знаходзяцца справы траіх прызыўнікоў, па якіх ужо вынесены рашэнні. Астатнімі “ўхілістамі” займаюцца праваахоўныя органы.
Аднак такія выпадкі хутчэй выключэнне, хаця і вельмі прыкрае. Большасць хлопцаў выказваюць жаданне служыць. Што і дэманструюць мерапрыемствы апошняга прызыву. Большасць кандыдатаў своечасова прыбывалі па выкліках у ваенны камісарыят, праходзілі медыцынскі агляд.
У маі пачнуцца адпраўкі ў вайсковыя часці. Ужо зараз прадстаўнікі некаторых часцей прыязджаюць у ваенны камісарыят, гутараць з прызыўнікамі, праводзяць тэсціраванне, выяўляюць схільнасці да службы. Лепяльчане ўпэўнены ў сваіх хлопцах, яны не падвядуць.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.