Паўстанцы Кастуся Каліноўскага ваявалі на Лепельшчыне

Изображение456456456 001У Мінску ў выдавецтве “Медысонт” выйшла кніжка “Гісторыя Друцка-Бярэзінскага Краю”, якая мае падзагаловак “Малое Палессе”. У зборніку змешчаны матэрыялы Першых грамадскіх навукова-краязнаўчых чытанняў, якія праходзілі ў мінулым годзе. Публікуюцца даклады навукоўцаў і краязнаўцаў, прысвечаныя гісторыі і культуры рэгіёна Малога Палесся.

 

Што ж такое “Малое Палессе” і дзе яго межы? У гэты рэгіён уваходзяць землі паміж дзвюма рэчкамі – Друццю і Бярэзінай: акрамя Крупскага, часткова Барысаўскі, Лепельскі, Сенненскі, Чашніцкі, Талачынскі, Круглянскі, Бялыніцкі і Бярэзінскі раёны.

Кніга змяшчае навукова-краязнаўчыя матэрыялы трыццаці аўтараў. Жыхароў нашага раёна, магчыма, зацікавіць матэрыял краязнаўцы Валерыя Тухты “Свядская Пушча – гістарычны рэгіён Лепельшчыны”. З яго мы даведаемся, што Свяда (Слабада) – адно з самых старажытных паселішчаў раёна. У пісьмовых крыніцах яна ўзгадваецца ў 1443 годзе. У ХV стагоддзі ўваходзіла ў склад Лукомльскай воласці, паселішчам валодала ўдава аднаго з князёў Лукомскіх княгіня Марына, пасля яе смерці – вялікі князь Казімір. На картах ХVI стагоддзя вёска пазначана як шляхецкая ўласнасць Аршанскага павета.

Паняцце “Свядская пушча”, як абазначэнне вёскі Свяда і навакольных тэрыторый, упершыню ўзгадваецца ў 1558 годзе, “калі домжарыцкі ўраднік незаконна ўехаў у сумежную Свядскую Пушчу і пабіў там звяроў, за што тагачасныя ўласнікі Свяды Станіслаў Петкавіч і княгіня Лукомская-Шчыдуцкая судзіліся з яго панам Васілём Тышкевічам”. Межы Свядскай пушчы ляжалі ад Окана на поўначы і Валосавічаў на поўдні, да Домжарыцаў на захадзе і Поўсвіжа на ўсходзе.

Прыватныя ўладанні шляхецкіх родаў Жабаў і Плятараў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя налічвалі восем вёсак і дзесяць засценкаў з насельніцтвам 1422 чалавекі, а напрыканцы стагоддзя – 354 двары ў дваццаці двух населеных пунктах, дзе жылі 2860 чалавек. У гэты час маёнткам завалодаў расійскі памешчык Канстанцін Іваноў, а з 1914 года ўладальнікам стаў Карл Гетленгер.

Не страціла сваёй сацыяльнай значнасці Свяда і ў наш час. У сярэдзіне мінулага стагоддзя яна – цэнтр сельсавета. На мяжы 70-80-х гадоў перайменавана ў Слабаду. Тэрыторыя цяперашняга Слабадскога сельсавета амаль цалкам супадае з  межамі колішняй Свядскай пушчы. А гістарычная сама назва рэгіёна падкрэслівае яго самабытнасць.

Будзе цікава чытачам Лепельшчыны пазнаёміцца і з працай краязнаўцы з Мінска Дзмітрыя Матвейчыка “Стварэнне і дзейнасць паўстанцкіх атрадаў на памежжы Барысаўскага, Сенненскага і Лепельскага паветаў у 1863 годзе”, дзе аўтар распавядае пра паўстанцкія фарміраванні на ўказаных тэрыторыях, якія затым у раёне Старых Валосавічаў злучыліся ў адзін  атрад. Да іх імкнуліся далучыцца і магілёўскія атрады, аднак не дайшлі. Шостага мая 1863 года атрад накіраваўся ў бок Халопенічаў. Сёмага мая між Шчаўрамі і Падбярэззем паўстанцы былі разбіты… Большая частка трапіла ў палон. Дзякуючы даследаванню Дзмітрыя Матвейчыка сталі вядомымі прозвішчы ста сарака трох удзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Гэта былі дваране і сяляне Лепельскага, Барысаўскага і Сенненскага паветаў.

Зборнік выйшаў накладам 299 паасобнікаў і прызначаецца для даследчыкаў, настаўнікаў гісторыі, а таксама ўсіх, хто цікавіцца родным краем, яго мінуўшчынай і днём сённяшнім.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: зборнік “Гісторыя Друцка-Бярэзінскага Краю”.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.