Падмятальна-ўборачная машына

146ЛКУВП ЖКГ “Лепель” набыло англійскую падмятальна-ўборачную машыну “Scarab Minor”, якая каштуе 150 тысяч долараў ЗША. Тэхнічная навінка ўжо працуе на вуліцах горада, ачышчае іх праезную частку ад пяску, разнастайнага смецця, што назапасіліся за зімовыя месяцы.

— Работа пакуль ідзе даволі марудна, паколькі гэты новы від тэхнікі яшчэ праходзіць звычайную абкатку. Паступова прыціраюцца паміж сабой асобныя дэталі, вузлы і механізмы, — паведаміў вадзіцель Сяргей Пшонка. – Як вядома, дарагая імпартная тэхніка патрабуе да сябе вельмі ўважлівых адносін, акуратнасці ў абыходжанні, асабліва ў самым пачатку яе эксплуатацыі, калі яшчэ толькі пачынаюць прымяняцца, асвойваюцца на практыцы яе магчымасці па выкананні разнастайных работ па добраўпарадкаванні. Дарэчы, зараз мне даводзіцца час ад часу дзесьці штосьці падпраўляць, у тым ліку нават лепш закручваць некаторыя гайкі, каб яны ў хо­дзе эксплуатацыі не пашкодзілі, не вывелі са строю асобныя прыстасаванні і механізмы. Напрыклад, сёння прыйшлося крыху падкруціць адну з такіх гаек на гідраразмеркавальніку, паколькі заўважыў, што з яго пачала выцякаць вадкасць. Наогул, кіраванне рабочымі аперацыямі ў машыны гідраўлічнае, з дапамогай камп’ютарнага дысплея — гэта робіц­ца шляхам простага націскання на кнопкі, без выкарыстання механічных рычагоў. У кабіне са звычайных тэхнічных сродкаў можна толькі пабачыць руль кіравання, нажныя рычагі тармазоў і рэгулявання падачы паліва ў рухавік.

— Які прынцып дзеяння падмятальна-ўборачнай машыны?
— Спераду з двух бакоў устаноўлены дзве круглыя шчоткі, якія зграбаюць пясок, іншае смецце ў цэнтр на цыліндрычную шчотку. Затым уся гэта сумесь з дапамогай яшчэ адной круглай шчоткі накіроў­ваецца ва ўсмоктвальнае сапло і далей трапляе ў накапляльны бункер аб’ёмам два кубічныя метры. Прытым у самым пачатку ўсёй гэтай тэхналагічнай аперацыі аўтаматычна робіцца змочванне выдаляемых кампанентаў звычайнай вадой з 450-літровага бака. І так у выніку атрымліваецца, што калі поў­насцю выкарыстоў­ваецца ўся вада з бака, адначасова ў асноўным запаўняецца і бункер, які пасля гэтага разгружаецца. Потым зноў бак запаўняецца вадой, працягваецца выкананне далейшых работ.
Акрамя таго, у камплект машыны ўваходзіць дадатковы пераносны гумавы бак ёмістасцю 550 літраў, у які заліваецца вада ў выпадку, калі ўзнікае неабходнасць памыць некаторыя аўтобусныя прыпынкі, помнікі, дарожныя знакі і г. д. Дарэчы, для гэтага прызначаны шматметровы гафрыраваны гумавы шланг дыяметрам каля дваццаці сантыметраў з магчымасцю асобнага падключэння яго ў спецыяльныя гнёзды, размешчаныя як ззаду, так і з боку машыны.
— Якія першыя вуліцы даводзілі да ладу?
— Інтэрнацыянальная і Максіма Горкага. На чарзе — іншыя цэнтральныя гарадскія транспартныя магістралі. Канечне, з самага пачатку, асабліва ў сувязі з наступствамі зімы, калі рэгулярна пасыпаецца праезная частка дарожнага пакрыцця пясчана-солевай сумессю для папярэджання галалёдных з’яў, прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў, трэба выканаць вялікі аб’ём работы. Потым жа, калі давядзецца проста падтрымліваць большасць вуліц горада ў належным стане, усё гэта можна будзе рабіць нашмат лягчэй і хутчэй.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Сяргей Пшонка працуе вадзіцелем на падмятальна-ўборачнай машыне імпартнай вытворчасці.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.