Паскарэнне з месца

imagesУ мінулую суботу паветра на аўтадроме вібравала ад грукату магутных матораў — горад прымаў другі этап адкрытага чэмпіянату Лепеля па дрэг-рэйсінгу “Лепель – 2014”.
Напомнім, дрэг-рэйсінг — гэта спаборніцтвы паміж гоначнымі аўтамабілямі на паскарэнне з месца. Класічныя гонкі праводзяцца на адлегласць у чвэрць мернай мілі — 402 метры, радзей — на палову мілі, на цэлую мілю ці на 1/8 мілі. Вымярэнне адлегласці ў мілях звязана з тым, што гэтыя гонкі зарадзіліся і набылі развіццё ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе адлегласці па традыцыі вымяраюцца ў мілях.
Траса аэрадрома прыдатная для гонак толькі на 1/8 мілі — 201 метр. Пры заездзе на большую дыстанцыю ва ўдзельнікаў можа не хапіць асфальту для гарантаванага тармажэння. Аднак наша траса мае адну неаспрэчную перавагу, якой няма ў большасці гоначных трас рэспублікі — другую паралельную паласу. Расказвае адзін з арганізатараў спаборніцтваў, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Фарсаж НіК” Анатоль Нікіцін:
— Шмат разоў бачыў гонкі ў іншых гарадах. Стартуе пара гоншчыкаў, праехалі дыстанцыю, а потым па ёй жа вяртаюцца назад. Гледачы і іншыя ўдзельнікі ў гэты час нічым не занятыя, губляецца інтарэс. У нас жа — крыху іншая схема. Пасля заезду пара па паралельнай паласе вяртаецца назад, а на старт у гэты час выязджае наступная пара. Усё праходзіць дынамічна, спаборніцтвы набіраюць адпаведны моманту рытм. У выніку задаволеныя ўсе — і ўдзельнікі, і гледачы.
Дрэг-рэйсінг — спаборніцтвы з вельмі ліберальнымі правіламі, дапускаецца выкарыстанне машын з практычна неабмежаванымі пераробкамі ў рухавіку. Дзеля таго, каб дадаць конскіх сіл, манціруюцца турбіны, сістэмы ўпрыску закісі азоту — усяго не пералічыць. Аднак дзеля справядлівасці і захавання роўных умоў усе ўдзельнікі на этапе былі падзелены на тры класы.
Першы клас Light Street — вулічны лёгкі — уключаў у сябе аўтамабілі з рухавікамі аб’ёмам да двух літраў уключна. Другі клас Street Pro — вулічны прафесійны — аб’яд­ноўваў аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка ад двух да трох літраў. Трэці клас Unlim — неабмежаваны — быў прадстаўлены аўтамабілямі з маторамі звыш за тры літры. Аб сваім жаданні паўдзельнічаць заявілі аўтамабілісты з Віцебска, Наваполацка, Мінска. На вялікі жаль, гаспадары не выказалі жадання паказаць ва­дзіцельскае майстэрства і тэхнічны стан сваіх жалезных коней. Усяго ў заездах прынялі ўдзел 14 гоншчыкаў.
Гледачам вельмі спадабаліся заезды карта, аднак яму не было з кім тут спаборнічаць, яго “аднакласнікаў” больш не было. “Прыз сімпатый гледачоў” па праве атрымала Ізольда Кахніяшвілі з Мінска на “Міцубісі”. Дзяўчына ганяла нароўні з хлопцамі.
Прыз ад арганізатара атрымаў Аляксандр Налівашка з Наваполацка як удзельнік, што выступаў на самым “зараджаным” аўтамабілі. Яго машына мела настолькі магутны рухавік, што на працягу ўсяго 201 метра ехала, шліфуючы асфальт, не маючы магчымасці зачапіцца пакрышкамі за пакрыццё. Патэнцыял гэтай машыны цалкам мог бы раскрыцца пры заездах на чвэрць мілі.
Вельмі ўразіў удзельнік дрэг-рэйсінгу на “Пежо-206”. У першым жа заездзе ў машыне адламілася цяга. Паколькі рэгламентам адводзілася толькі па пяць хвілін паміж заездамі на дробны рамонт, кіроўца паспяваў толькі змацаваць цягу пластыкавымі зацяжкамі — і зноў на старт.
У параўнанні з першым этапам, які праводзіўся другога жніўня, прыйшло даволі шмат гледачоў. Лепяльчане падтрымлівалі воклічамі і апладысментамі кожны заезд, бедавалі, што лепельскія аўтамабілісты не ўдзельнічалі.
Анатоль Нікіцін выказаў падзяку раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ за прадастаўленую для гонак пляцоўку, работнікам ДЭУ-37 за тое, што тыя абкасілі траву на прылеглай тэрыторыі. Выдатна дапамаглі і камунальнікі, якія выдзелілі трактар з мятлой, што вымеў смецце і пыл з гоначнай паласы, а таксама выдзелілі секцыі металічнай агароджы.
Свята ўдалося на славу. Трэці этап чэмпіянату адбудзецца 28 верасня. Ім плануецца завяршыць сезон 2014 года.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.