Полевой конвейер в действии или как идёт подготовка техники к посевной?

Філіял “Баброва-Агра” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” з поўным правам лічыцца адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Яго працаўнікі першымі распачалі веснавыя палявыя работы. Падчас чарговага наведвання карэспандэнта на мехдвары “Баброва-Агра” кіпела работа. Механізатары разам са слесарамі аглядалі і рамантавалі тэхніку, працавала зварка, некаторыя трактары рыхтаваліся да выезду. Так, трактарыст Аляксандр Патоцкі пасля зімовага захоўвання падчэпліваў раскідвальнік мінеральных угнаенняў.

— Раскажыце пра сваю тэхніку, — звяртаюся да Аляксандра.

— Беларускі трактар МТЗ-1523 у агрэгаце з польскім раскідвальнікам Amazonе ZG-B 8200. Грузападымальнасць раскідвальніка дасягае 8,2 тоны, можа ўносіць розныя сыпучыя мінеральныя ўгнаенні: азотныя, калійныя і фосфарныя. Тэхніка новая, была набыта ў мінулым годзе. Я працаваў на ёй да завяршэння сезона, уносіў тукі пад азімую сяўбу, пад будучыя яравыя культуры амаль да наступлення новага года. Апошні выезд адбыўся 30 снежня.

— А дзе знаходзілася тэхніка потым?

— Раскідвальнік і трактар былі пастаўлены на сезоннае зімовае захоўванне, я ж быў у водпуску. Затым праводзіў рамонт. Спачатку давёў да ладу сваю тэхніку, затым дапамагаў сябрам. Зараз прыйшоў час вяртацца ў поле. Мяркую, сёлета зноў буду працаваць аж да зімы.

Далей перайшоў да зварачнага паста, на якім працуе Вячаслаў Савінаў. Ён расказваў:

— Зіма была для мяне самым напружаным перыядам. Кожны дзень заварваў сеялкі, культыватары, а таксама іншую тэхніку. Адным словам, да веснавой пасяўной мы рыхтаваліся актыўна. Аднак вясна і пачатак палявых работ усё роўна прынясуць сюрпрызы.

— Што вам даводзіцца рабіць, калі паломка ўзнікае на полі?

— Для гэтага на базе машыны ГАЗ-66 ёсць мабільная майстэрня. У яе кунгу ёсць усё неабходнае абсталяванне і інструменты.

На процілеглым участку мехдвара убачыў невядомы аўтамабіль, прызначэнне якога, праўда, вызначыў амаль адразу. Гэта самаходны апырсквальнік (на лепельскіх палетках часцей сустракаецца тэхніка беларускай вытворчасці: “Дзвіна” або “Раса”). Побач з агрэгатам завіхаўся стары знаёмы — механізатар Анатоль Петухоўскі, якому дапамагалі ў рамонце спецыялісты мінскай фірмы Валянцін Галдыцкі і Дзяніс Ляпешка.

— Анатоль, раскажыце, калі ласка, пра гэту тэхніку.

— Гэта самаходны апырсквальнік “Туман” вытворчасці расійскага ТАА “Пегас-Агра”. Шыльда на тэхніцы расійская, але ўсе камплектуючыя ў ёй імпартныя: рухавік — кітайскі, помпа на падачу раствору — італьянская, гідрапрывад на помпу — беларускай вытворчасці. Бак для раствору мае абём у 2 тысячы літраў, размах апырсквальніка складае 28 метраў.

— Не вельмі шырокі размах для нашых палеткаў?

— Вакол Баброва палі даволі шырокія, ёсць дзе развярнуцца. Ды і ў іншых раёнах таксама шырокія і адносна роўныя палеткі. Для працы на вузкіх палях з крутымі схіламі выкарыстоўваецца менш габарытная тэхніка.

— Якая паломка здарылася зараз?

— Пашкодзілася мембрана на адным з цыліндраў помпы. Устройства мае гарантыю, і таму для правядзення рамонтных работ прыехалі спецыялісты з Мінска. Выявілі пашкоджанне, зараз закажам запчасткі. Мяркую, у бліжэйшы час усё будзе адрамантавана, і мы зможам працаваць далей.

У КУВСГП “Баброва-Агра” ўжо даўно прыступілі да падкормкі азімых культур, Анатоль паспеў апрацаваць КАСам некалькі соцень гектараў, пакуль не здарылася паломка. А літаральна праз некалькі дзён у раённай зводцы яго імя было ў ліку лепшых у гэтым відзе работ.

З самага пачатку вясны, як толькі палеткі вызваліліся з-пад рэшткаў снегу, працаўнікі “Баброва-Агра” пачалі працаваць інтэнсіўна. Лік падкормленых палеткаў перасягнуў 1000 гектараў. Падрыхтаваны да сяўбы сотні гектараў. Першымі ж работнікі прадпрыемства выехалі ў палі і з пасяўнымі агрэгатамі. Усё гэта — вынік значнай падрыхтоўчай работы, якая бесперапынна і метадычна праводзілася на працягу ўсёй зімы.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымках: механізатар Аляксандр Патоцкі; зваршчык Вячаслаў Савінаў; рамонтам помпы ад апырсквальніка займаюцца Валянцін Галдыцкі, Дзяніс Ляпешка і Анатоль Петухоўскі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.