В тундру ходил на охоту и строил дома на Лепельщине

Аднойчы патэлефанаваў у рэдакцыю Віктар Аношка — сапраўдны патрыёт свайго краю, аматар рыбалкі і ціхага палявання па мясцовым лесе ды і проста цікавы субяседнік. На той момант Віктар Рыгоравіч звярнуўся з просьбай дапамагчы вырашыць праблему з неадпаведнасцю кошту на цэнніку і ў касавым чэку ў магазіне “Дыяніс”. Намі была падрыхтавана нататка і адпраўлена на рэагаванне кіраўніцтву гандлёвай кропкі.

Прыемна, што дзякуючы такім нераўнадушным грамадзянам мы даведваемся пра праблемы, з якімі сутыкаюцца шматлікія людзі.

Праз некаторы час мужчына завітаў у рэдакцыю, і мы пазнаёміліся асабіста. Угаварыла Віктара Рыгоравіча распавесці пра сябе падрабязней — адчувала, што жыццё яго вельмі насычанае і цікавае. Так і аказалася, не памылілася.

Маці Віктара Рыгоравіча родам з Талачына, бацька — з Чарнігаўскай вобласці Украіны, доўгі час быў ваенным: як апрануў форму ў 1939 годзе, так зняў яе толькі ў 1950-м.

Віктар Аношка нарадзіўся ў 1946-м — першым мірным годзе, калі краіна аднаўлялася пасля разрухі і бед, што прычыніла вайна.

Усё свядомае жыццё бацькоў майго суразмоўцы было звязана з сельскай гаспадаркай — зямлёй ды жывёлай. Як прыехалі на Лепельшчыну, бацька быў прызначаны кіраўніком базы “Заготскот”, якая знаходзілася ў раёне Пясчанкі. На той час такія існавалі ва ўсіх раёнах рэспублікі.

Каб было больш зразумела для чытачоў, асноўнай задачай гэтай арганізацыі была нарыхтоўка па дзяржпастаўках ад гаспадарак раёна і закуп ад насельніцтва буйной рагатай жывёлы і свіней. Жывёла пасля ператрымкі, адкорму і дагадоўвання да вызначаных кандыцый па вазе і ўкормленасці накіроўваўся для здачы на мясакамбінаты.

А каб было чым дакормваць, на замацаваных зямельных пляцоўках вырошчваліся збожжавыя культуры і бульба. У наяўнасці было каля 2 дзясяткаў коней, вялікія палеткі, засеяныя збожжам і пшаніцай. У сезон працавала каля 50 чалавек, у асноўным жанчыны.

Памятае мой суразмоўца, як падлеткам-школьнікам падпрацоўваў у бацькі. Жылі побач з базай, таму там быў частым госцем.

Падчас вучобы ў сярэдняй школе №1 хлопец захапляўся маляваннем, чытаў шмат кніг, сам навучыўся граць на музыкальным ударным інструменце, цікава пісаў мастацкія тэксты. Таксама не мог і дня пражыць без спорту. Футбол, валейбол — любімыя гульні ў летні перыяд, зімой, як толькі выпадаў першы снег, станавіўся на лыжы. Кіламетры лясной дарогі да возера Люсінец — паўсядзённы маршрут быў для школьніка. Такая падрыхтоўка прыводзіла да высокіх вынікаў не толькі на раённым узроўні, а і абласным.

Пасля заканчэння 11 класаў хлопец паступіў на завочнае аддзяленне ў Магілеўскі будаўнічы тэхнікум, аднак хутка быў прызваны на службу ў войска. Паўгода “таптаў” боты ў Нова-Барысаве ў вучэбнай роце радыёсувязі, пасля чаго ў складзе 6 такіх жа ваеннаслужачых штабам палка быў накіраваны ў Краснаярск.

— Навошта нас туды адпраўляюць, мы не ўяўлялі сабе, — кажа мужчына. — Да Масквы дабіраліся ўшасцёх, з Масквы да Краснаярска — утрох. Аднаго хлопца накіравалі ў Паўднёвы Емен, яшчэ двух — у В’етнам. Пазней даведаліся, што ўсе яны загінулі.

7 дзён ехалі ў плацкарце да месца прызначэння. Потым, пасля невялікага адпачынку, іх адправілі ў розныя кропкі. Віктара Рыгоравіча — у Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу пасёлак Гыда каля Карскага мора начальнікам радыёстанцыі.

— Якіх нацыянальнасцяў там толькі не было?! Аднак з усімі ладзілі, не сварыліся. Жылі ў вагончыках, — кажа з лёгкай настальгіяй мужчына.

Клімат гэтага месца характарызуецца працяглай, халоднай і суровай зімой з моцнымі бурамі, маразамі і частымі завеямі. А яшчэ там вельмі кароткае лета — усяго 50 дзён. Затое водныя рэсурсы рэгіёна адрозніваюцца багаццем і разнастайнасцю. Такой марской рыбы і ікры мой суразмоўца больш не спрабаваў у сваім жыцці.

— На ваенных цягачах ездзілі ў бліжэйшы пасёлак: у бібліятэку, на пошту, па справах, да дзяўчат. Аднойчы прыгажуні нас запрасілі ў госці і частавалі ікрой. І зараз перад вачамі карціна, як стаяць эмаляваныя вёдры з каштоўным таварам, а ў іх чарпакі. У такой колькасці чырвоны далікатэс у нас не трымаюць дома.

Узгадаў мой суразмоўца і яшчэ адну цікавую гісторыю. Аднойчы паехалі на ўзбярэжжа Карскага мора, а там звязанае бярвенне да берага прыбіла. Хутчэй за ўсё, карабель трапіў у буру. З гэтага матэрыялу ўсе разам пабудавалі дыхтоўную лазню, у якую нават геолагі прыязджалі памыцца.

Вельмі складана Віктар Рыгоравіч пераносіў палярныя ночы, якія доўжыліся большую палову каляндарнага года. Нават уявіць складана цемень паўгода ды яшчэ з завеямі і маразамі.

Там жа з’явіўся ў майго суразмоўцы чацвёраногі сябар Мухтар — сумесь ваўка і аўчаркі. Шкада, не аддалі на вялікую зямлю яго потым.

Давялося падчас службы і ў тундру на паляванне схадзіць. Алені там зграямі пасвіліся, нікога не баяліся.

— Ці наведваліся звяры да вашых вагончыкаў?

— Не, не наведваліся, бо кругласутачна свяцілі пражэктары, адпужвалі іх. Аднак гэта не азначае, што жылі спакойна. Калі ўзнімалася бура, перамяшчаліся, трымаючыся за канаты, якія былі нацягнуты ў розныя бакі. Без падтрымкі магло садзьмуць як пушынку ў тундру.

Амаль 3 гады адслужыў на поўначы мужчына. Па шляху да дому спыніўся на некалькі дзён у Маскве ў сябра: наведаў Чырвоную плошчу і Траццякоўскую галерэю. Можна сказаць, спраўдзіў свае мары.

Вярнуўшыся на радзіму, пачаў шукаць працу. Накіраваўся ў міжкалгасную будаўнічую арганізацыю: спачатку ў транспартны аддзел грузчыкам, пазней – у ПТА. Адразу ж узнавіўся на вучобу ў тэхнікум.

— Праз некалькі год вызываюць мяне ў райкам партыі і кажуць: “Трэба на павышэнне ісці. Будзеце старшынёй МБА”.

І пачалася плённая праца на карысць радзімы. Узводзіліся дамы і фермы, будаваліся дарогі і траншэі, рабілася шмат іншай работы. У арганізацыі рупіліся 300 чалавек. Каманда была прафесійна моцная і самаадданая агульнай справе. Пазней ПМК-35 і міжкалгасная будаўнічая арганізацыя зліліся ў адну арганізацыю — ПМК-75.

На некалькі гадоў Віктару Рыгоравічу давялося пакінуць гэтае месца і стаць сакратаром партыйнай арганізацыі і дырэктарам аўтабазы, якая на той час будавалася.

У 1986 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паехаў мой суразмоўца ў Захадную Украіну набіраць “калымшчыкаў” на будаўніцтва дамоў у Жлобінскім раёне для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны.

Менш чым за год зводным атрадам тут было пабудавана 100 адзінак жылляў вёсцы Кароткавічы. Працавалі вахтамі дзень і ноч. На працягу ўсяго перыяду адчуваўся патрыятызм і вялікае жаданне дапамагчы людзям.

У той год і наступныя шмат людзей з пацярпелых раёнаў гасцінна прыняла Жлобінская зямля. Тут здабылі сваю другую малую радзіму 1911 чалавек — жыхары Нараўлянскага, Хойніцкага, Чачэрскага і Кармянскага раёнаў.

Пасля вяртання на малую радзіму стаў працаваць начальнікам аддзела забеспячэння і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі роднага прадпрыемства.

З 2006 года мужчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вельмі любіць у вольны час летам наведаць лес у наваколлях вёскі Звязда, каб назбіраць грыбоў і ягад, а зімой, як толькі ўсталюецца лёд, спяшаецца на рыбалку.

Траіх унучак мае мой суразмоўца і адну праўнучку – на думку мужчыны, гэта самае вялікае яго багацце.

На заканчэнне хочацца адзначыць, што Віктар Рыгоравіч з’яўляецца пастаянным падпісчыкам раённай газеты, заўсёды знаходзіцца ў курсе падзей Лепельшчыны і падтрымлівае з даўніх часоў сувязь з рэдакцыяй.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.