Профсоюзная жизнь Лепельщины

img_1577 Для ўдзелу ў справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму было вылучана больш за 40 дэлегатаў. Галоўнымі пытаннямі павесткі мерапрыемства сталі выніковы даклад старшыні раённай арганізацыі Вольгі Казаковай, справаздачны даклад рэвізійнай камісіі і выбары новага старшыні, а таксама складу кіруючых органаў.

img_1586Раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму налічвае 324 члены, якія працуюць у дзевяці ўстановах. 94 працэнты работнікаў папаўняюць шэрагі прафсаюза, большасць калектываў уваходзяць сюды стопрацэнтна.
Так склалася, што ў галіновым прафсаюзе ад’ядналіся арганізацыі і ўстановы з нешматлікімі працоўнымі калектывамі. Напрыклад, у Домжарыцкай школе мастацтваў працуюць толькі восем чалавек, усе ў прафсаюзе. Самай вялікай лічыцца прафсаюзная арганізацыя раённага Дома культуры — 85 чалавек. Аднак у яе ўваходзяць работнікі сельскіх клубаў і дамоў культуры раёна.
Другой па колькасці членаў з’яўляецца арганізацыя дзіцячай школы мастацтваў — 82 работнікі, куды, акрамя лепельскіх, уваходзяць яшчэ настаўнікі-творцы з вёскі Бароўка і аграгарадка Стаі.
Так, малая колькасць членаў падразумявае і невялікі бюджэт. Напрыклад, за справаздачны перыяд членскіх узносаў было сабрана на 39 тысяч рублёў. Грошы накіроўваліся на аказанне матэрыяльнай дапамогі, набыццё падарункаў дзецям і правядзенне спартыўна-масавай работы.
Разам з тым у невялікіх працоўных калектывах ёсць добрая акалічнасць — крайне рэдка адбываюцца канфліктныя сітуацыі. Рознагалоссі, як правіла, вырашаюцца ў рабочым парадку, шляхам перамоў, часта за кубачкам гарбаты. З прысутных ніхто не прыпомніць выпадку, каб для вырашэння спрэчкі паміж работнікам і наймальнікам даводзілася звяртацца да працоўнай інспекцыі, а тым больш — у суд.
Так склалася, што работнікі культуры, а таксама спартсмены-фізкультурнікі прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне і вобласці, творчых конкурсах. Напрыклад, у апошняй “Лепельскай лыжні” члены раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму занялі два прызавыя месцы.
На канферэнцыі старшыня раённай арганізацыі Вольга Казакова абвясціла аб жаданні скласці свае паўнамоцтвы, а на пасаду наступнага старшыні раённай арганізацыі прапанавала кандыдатуру Алены Грук.
— Алена Вячаславаўна працуе спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, добра ведае нашу працу, валодае станоўчымі асабістымі якасцямі, — адзначыла Вольга Казакова.
Прапанова была прынята аднагалосна. Алена Грук абрана новай старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
У завяршэнні мерапрыемства прысутных чакаў прыемны сюрпрыз. Запрошаная ў якасці ганаровага госця старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава ўручыла Ганаровыя граматы прафсаюза лепшым работнікам. Былі адзначаны Людміла Шыпуля, Аляксандр Міхно і Ларыса Кіпарэнка. Вользе Казаковай госця ўручыла памятны падарунак.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.