«Путь Цмока»

img_0070“Шляхам Цмока” прайшлі шматлікія
наведвальнікі аднайменнага фестывалю
ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.

img_0080…Балотнік, Валасень, Хатнік, Трасца… Што прымусіла гэтых міфалагічных істотаў пакінуць абжытыя месцы? Як прызналася адна з гераінь фэсту, Зазоўка, прыйшлі міфалагічныя персанажы “на Цмока паглядзець і сябе паказаць”. Аднак прывабнай дзяўчыне Зазоўцы давяраць моцна нельга. Як правіла, яна заманьвала чалавека ў лясны гушчар, і не ўсе вярталіся дадому. А калі вярталіся, так сумавалі па Зазоўцы, што зноў ішлі ў лес, каб знікнуць там назаўсёды. Адным словам, Русалка на паверхні.
Зрэшты, не трэба лічыць, што беларускія міфалагічныя персанажы збольшага благія. Як лічылі продкі, яны проста абаранялі тэрыторыю, дзе жылі. Калі чалавек паводзіў сябе дрэнна ў лесе, балоце альбо полі, натуральна, маглі і пакараць.
Пасля параду-дэфіле герояў беларускай міфалогіі на сцэну выйшаў бярэзінскі Цмок. У параўнанні з лепельскім выгляд меў куды больш суровы. Аднак дзеці зразумелі, што знешнасць падманлівая, за ёй хаваецца лагоднасць. Таму і не баяліся Цмока, абступілі яго з усіх бакоў і з задавальненнем рабілі “сэлфі”. Будзе чым пахваліцца перад сябрамі ў сацыяльных сетках! А на фудкорце не толькі дзеці, але і дарослыя мелі магчымасць паспытаць шашлык з аляніны.
На пляцоўцы нямецкай кампаніі “Штыль” непасрэдна ў працы дэманстраваліся бензакосы і бензапілы маркі. Побач з ёй мінскі скульптар Павел Хацілоўскі з кавалка дрэва выразаў свайго Цмока.
— Займаюся разьбой па дрэве з дзяцінства, — прызнаўся майстар. Працаваў у розных тэатрах, рабіў скульптурныя кампазіцыі. Па роду сваёй дзейнасці наведаў даволі шмат краін: Расію, Злучаныя Штаты Амерыкі, Германію, Непал, Ісландыю… У апошняй краіне працаваў над скульптурнай тэмай — стварэнне міфалагічнага персанажа па старажытнай ісландскай сазе з дрыфтвуду (плывуну). Як правіла, гэта дрэвы, якія выкарыстоўваюцца толькі ў якасці ацяплення. Такім чынам мы надаём ім яшчэ адно жыццё.
Пасля знаёмства з Цмокам гасцей свята чакала выступленне творчых музычных і тэатральных калектываў. Гурты “Хуткі Смоўж”, “Фэнтэзі Оркестра” і хэдланер фестывалю “НаГуаль” гучнымі гітарнымі рыфамі адагналі ўсіх благіх пачвар ад фэсту. Начная экскурсія па адзінай у Беларусі міфалагічнай сцяжыне паставіла не кропку, а шматкроп’е ў першым “Шляху Цмока” ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Яўген МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.