Сегодня мы расскажем про ученицу Лепельской гимназии им. Ерашова Алину Клавович и ее учительницу Елену Зинькевич

Сярод прызёраў абласнога этапу рэспубліканскай вучнёўскай алімпіяды пяцёра вучняў школ раёна. Сёння мы раскажам пра вучаніцу адзінаццатага класа гімназіі імя І. Ерашова Аліну Клавовіч і яе настаўніцу Алену Зінькевіч, якія ў творчай звязцы дасягнулі поспеху — дыплома трэцяй ступені на алімпіядзе па англійскай мове.
Ёсць людзі, што ўвесь час імкнуцца ўхапіць з неба зоркі. Імкнуцца яны, шчокі надзімаюць, пальцы растапырваюць, а зоркі далёка. Так за ўсё жыццё высокага і не ўхопяць, неабдымнага не абдымуць і, акрамя ўласнай пыхі, нічым чалавецтва не парадуюць. Бо не кожнаму дадзена. А ёсць іншыя. Адразу іх і не прыкмеціш. Нешта там сабе корпаюцца-капаюцца-капашацца, высокіх мэтаў не ставяць, далёкіх пражэктаў не будуюць. Ставяць надзённыя, дасягаюць маленькага, здавалася б, нязначнага. А потым глядзіш: маленькае да маленькага — і высокая вяршыня пакараецца, і шырокі прасцяг адкрываецца.

img_0259

Да знаёмства з Алінай чамусьці думаў, што сустрэну зорку першай велічыні — толькі ж пра яе і гаворкі было. Раптам прыйшло пагутарыць са мною сціплае такое дзяўчо. Адны акуляры. Твар прасветлены, разумны, добры. Гэткія не будуць ні малявацца, ні выстаўляцца. Гэткія, звычайна, сядзяць сабе ціхенька за кніжачкай у бібліятэцы ці дома, на канапе п’юць каву і паціху спасцігаюць тое, што не кожнаму простаму смяротнаму суджана спасцігнуць. Яны рупліўцы — да ўсяго, не шкадуючы часу, дойдуць сваім розумам, дакапаюцца. А размаўляеш з імі, як энцыклапедыю гартаеш.
— Аліна, раскажы, калі ласка, пра сябе.
— А што расказваць? Я ж нічога яшчэ не дасягнула.
Пакуль яна будзе няўпэўнена, з сумневам паціскаць плячыма, я буду думаць, з якога боку да гэтага цікавага ”клубочка” падступіцца, каб яго разматаць. Разумная. Нездарма кажуць: разумны заўсёды сумняваецца.
— У цябе ёсць сябры?
— Сябры? Мабыць, ёсць, ды якая розніца, — зноў паціскае плячыма.
— Ды ёсць у цябе сябры, — не вытрымлівае настаўніца англійскай мовы, якая сядзіць побач. — Успомні, Аліна, як сама казала, што дапамагала і гэтаму, і таму…
— Ну што вы, Алена Ігараўна! Хіба ўсё так проста? Сябры — гэта ж вельмі сур’ёзна, гэта ж адказнасць вунь якая.
— І вось так заўсёды, і вось так увесь час, — махае рукою настаўніца. — Для яе адказнасць вышэй за ўсё.
Праз колькі часу я ўжо буду добра ведаць, што сяброў у Аліны і сапраўды шмат — кніжкі, веласіпед. Гэтае хрупкае дзяўчо, як ні дзіўна, любіць падарожнічаць на веласіпедзе. Зрэшты, чаму дзіўна? На веліку сапраўды класна, можна ад’ехацца падалей ад людскога тлуму і адчуць сапраўдную свабоду. Што можа ў жыцці быць важней за свабоду! А лепшая яе сяброўка, мабыць, усё ж адзінота. Ведаю, што гэта такое. Сам у жыцці насябраваўся з адзінотаю ўдосталь, аж пацягнула зноўку да людзей — да шуму, да тлуму, да моладзі з іх тусоўкамі, тады, калі, здавалася, сядзець бы ўжо ў цішыні і радавацца.
— А як ты прыйшла да англійскай мовы?
І вось тут у яе, здавалася б, абыякавых вачах раптам загарэліся гарэзлівыя агеньчыкі, я іх заўважыў нават праз акуляры.
— Калі мне было гадоў дванаццаць-трынаццаць, сястра расказала пра адну амерыканскую групу “My Chemical Romance”.
— Гэта рок?
— Як вам сказаць! Альтэрнатыўны рок. І я пачала чытаць фанфікі — творы, напісаныя непрафесійнымі аўтарамі. А паколькі па-руску пра гэтую групу было напісана не так шмат, давялося асвойваць англійскую.
— І зацягнула пакрысе?
— Так, зацягнула. Затым пачала перакладаць, днямі сядзела са слоўнікамі. Якасць маёй працы была нізкая, але пачалося вывучэнне мовы. Урэшце група распалася. Праўда, я яе і зараз часам слухаю. Гэтым летам знайшла кніжку, якая мне падалася вельмі цікавай. Чытала запоем.
— Па-англійску, вядома?
— Ну так, натуральна.
— І як называецца кніжка? А галоўнае, як яе назва перакладаецца, бо не ўсе ж нашы чытачы ездзяць на абласныя алімпіяды, каб там перамагчы.
— “Captive Prince”. Тут дакладна не перакладзеш. Магчыма, “прынц зняволены, магчыма, схаваны”…
— Гэта ты так летам адпачываеш — у атачэнні кніг? Табе не хочацца ў вёску, на возера, на мора ўрэшце. Была на моры?
— У вёсцы бываю, але рэдка. Тут мне больш камфортна. Ездзілі сям’ёю ў Анапу, калі яшчэ маленькая была. Аднак купацца ў моры не люблю.
— Чаму? Плаваць не ўмееш ці купацца не любіш?
— І ўмею, і люблю. А не люблю мора. Там водарасці брыдкія такія, фу!
* * *
Пабачыўшы, што запісваю ўслед, усміхнулася:
— Ну, напэўна, стацейка цікавая будзе — з брыдкімі водарасцямі.
— Ну так, — парырую, — хлебам не кармі, дай мне смажаных водарасцяў.
Напэўна, хтосьці чакае ледзьве не навуковай справаздачы аб тым, як выдатніца з гімназіі пакарала алімпійскія вышыні. Дык вось яна і ёсць, тая навука Аліны Клавовіч — навука жыць “на сваёй хвалі”. А вяршыні скарае той, хто падымаецца без спешкі, але няўхільна. Толькі наперад і ні кроку назад.
— Ты чалавек самадастатковы і мэтаскіраваны. Скажы, навошта табе былі алімпіяды? Яны табе дапамогуць у тваіх планах?
— Ну так, збіраюся ж у лінгвістычны.
— І кім будзеш?
— Чакайце, яшчэ ж паступіць трэба.
І тут мы з настаўніцай дружна заўсміхаліся.
— А калі паступіш і закончыш. Кім усё ж будзеш?
— Думаю, што перакладчыкам. Мне гэта пакуль бліжэй. А там пабачым.
— Дарэчы, алімпіяды — гэта чыста яе выбар, свядомы, — заўважыла настаўніца.
Свядомы і… самаахвярны. Каб уявілі, якая напруга чакае, напрыклад, удзельніка абласной алімпіяды па англійскай мове, раскажам крыху пра гэтую “кухню”. Дапусцім, тое заданне, якое называецца аўдзіраваннем (успрыняцце мовы на слых). Даюцца пытанні. Зірнуў на іх, паклаў. Затым чытаюць тэкст адзін раз, ты слухаеш. І пасля гэтага адразу павінен адказаць на шэраг пытанняў. Зразумела, усё гэта па-англійску. Аліна на адзінаццаць працэнтаў палепшыла свой мінулагодні “алімпійскі рэкорд”. Напрыклад, лексіка-граматычнае заданне на алімпіядзе выканала на дзевяноста сем працэнтаў. Гэта фантастыка!
— А ты фантастыку любіш?
— Калі была маленькай, толькі яе і чытала…
— Скажы, а хто табе дапамагаў у жыцці авалодаць англійскай мовай, калі не лічыць сястры з яе амерыканскім альтэрнатыўным рокам?
— О, ды на пальцах не пералічыш. Гэта мае выкладчыкі, былыя і цяперашнія, і ў гэтай школе, і ў іншых. Гэта ўрэшце і мая маці з бабулямі, якія хоць англійскай і не ведаюць, але падтрымлівалі маральна.
Чакайце, магчыма, я мала сказаў пра педагогаў, якія вялі дзяўчынку да вышыняў дасканаласці, і, прынамсі, пра яе цяперашнюю настаўніцу Алену Зінькевіч. Што ж, выконваю запавет самой Алены Ігараўны:
— Вы не пра мяне, вы пра дзяцей лепей пішыце.
Самаахвярнасць — вось і ўся характарыстыка гэтага добрага чалавека і надзвычай здольнага педагога. Самаахвярнасць і прыроджаная сціпласць. З Алінай яны займаюцца на ўроках і пасля, фактычна проста ідуць па жыцці разам — together. Настаўніца ведае пра вучаніцу, мабыць, болей, чым сама яна пра сябе, а перажывае дык болей дакладна. Вядома ж, Алена Ігараўна не задавольваецца пры падрыхтоўцы межамі школьнай праграмы, выкарыстоўвае падручнікі ўніверсітэцкага ўзроўню і міжнародныя — для далейшага навучання ў англамоўных краінах — у Оксфардскім, Кембрыджскім універсітэтах. Што там казаць, у вялікіх гарадах, ды хоць бы і ў Віцебску, значна большыя магчымасці для тых, хто вывучае англійскую мову на пазашкольным ўзроўні. І тое, што яе вучаніца апынулася ў васьмёрцы лепшых алімпіяднікаў вобласці па гэтым прадмеце, набраўшы 87,7 працэнта ў агульным заліку, робіць ёй гонар.
Ну ды справа ў рэшце не ў лічбах і не ў дыпломах. Якімі б ні былі прыемнымі вынікі розных алімпіяд, галоўны вынік працы педагога — даць дзецям магчымасць рэалізавацца ў жыцці. І калі справа зроблена, тады… зноў наперад. Бо яшчэ не час спачываць на лаўрах.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Алена Ігараўна Зінькевіч са сваёй вучаніцай Алінай Клавовіч.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.