«Амнистия» за самовольные подключения

novgorodskij-vodokanal-otlavlivaet-nezakonnykh-vrezchikov-v-setiНа першай старонцы газеты, якая выйшла 16 снежня мінулага года, у публікацыі “Амністыя» за самавольныя падключэнні” паведамлялася, што на працягу месяца, з 1 па 31 студзеня, КУВП “Бароўка” будзе праводзіць амністыю для незарэгістраваных падключэнняў да водаправода. Па выніках акцыі гутарым з начальнікам участка па кантролі і эксплуатацыі прыбораў уліку Яўгенам Шыдлоўскім і начальнікам водаканалізацыйнага ўчастка Дзмітрыем Ляховічам.
— Яўген Аляксандравіч, наколькі актуальным было пытанне аб амністыі?
— Мяркуйце самі: пэўная частка вады са свідравін сыходзіць без аплаты. На лічыльніках мы бачым пэўны аб’ём, а дзе астатняя? Невялікую частку спішам на страты ад працечак і іншых няштатных сітуацый. Аднак КУВП “Бароўка” паступова, год за годам, абнаўляе водаканалізацыйную гаспадарку, каб неспадзяваныя страты звесці да мінімуму. Частка вады разбіраецца калонкамі, на якіх няма прыбораў уліку. Аднак застаецца частка, якая натуральна крадзецца. А як яшчэ назваць сітуацыю, калі чалавек самавольна падключыўся да водаправода? Пры падворных, пакватэрных абыходах рэгулярна сутыкаемся з такімі сітуацыямі. Такім грамадзянам трэба прад’яўляць санкцыі, налічваць павышаныя плацяжы, у выніку атрымліваецца, што трэба плаціць ад 750 рублёў. Моцны ўдар па сямейным бюджэце. Таму і была абвешчана амністыя незарэгістраваным падключэнням. Грамадзяне, якія ў добраахвотным парадку заявяць аб сваіх падключэннях, вызваляюцца ад павышанай аплаты.
— А як утварыліся незарэгістраваныя падключэнні? Людзі самавольна падключыліся да водаправода, а потым “забыліся” паведаміць пра гэта ў ЖКГ?
— Сітуацыі і абставіны бываюць розныя. Бывалі і апісаныя вамі, але яны хутчэй выключэнне з правілаў. У савецкія часіны калгасы мелі права самастойна пракладваць водаправоды да сваіх вытворчых, жывёлагадоўчых аб’ектаў, па вёсках. Ставілі водаразборныя калонкі, падводзілі ваду ў дамы і кватэры. Пры гэтым пра прыборы ўліку расходу вады і гаворкі не было, як і пра аплату. Асноўным спажыўцом лічыліся вытворчыя аб’екты, жывёлагадоўчыя фермы і комплексы, а падача вады ў дамы і кватэры лічылася клопатам аб дабрабыце сваіх работнікаў.
У канцы 1990-х — пачатку 2000-х водаправоды паступова перадаюцца на баланс прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устанаўліваюцца індывідуальныя прыборы ўліку. Аднак некаторыя дагэтуль па розных прычынах не ўстанавілі індывідуальныя лічыльнікі і карысталіся вадой бясплатна. Магчыма, людзі баяліся, што калі прыйдуць у прадпрыемства ЖКГ з просьбай паставіць іх на ўлік, то з іх будуць спаганяць штраф. Каб гэтага пазбегнуць, праводзілася амністыя.
— І якія яе вынікі?
— За месяц да нас звярнуліся 12 чалавек: восем вяскоўцаў і чацвёра жыхароў Лепеля. Адносна іх, як і сказана ва ўмовах амністыі, не складваліся акты аб самавольным падключэнні да сістэм водазабеспячэння і не накладаліся штрафныя санкцыі.
— Што рабіць далей?
— Далейшы алгарытм дзеянняў максімальна просты, — падключыўся да гутаркі Дзмітрый Ляховіч. — У дамы і кватэры гэтых людзей будуць пастаўлены індывідуальныя прыборы ўліку і заключаны дагаворы на водазабеспячэнне.
— Якая цана ўстаноўкі лічыльніка?
— У кожным асобным выпадку цана індывідуальная. Як правіла, яна вагаецца ад 70 да 100 рублёў, рэдка вышэй. Усё залежыць ад стану труб, канфігурацыі памяшкання, магчыма, будзе патрабавацца ўстаноўка дадатковых кранаў, фільтраў. Ну і адлегласць ад райцэнтра таксама немалаважны фактар.
— Ці мяркуецца ў бліжэйшы час паўтарыць падобную акцыю?
Адказвае Яўген Шыдлоўскі:
— Упэўнены, што акцыя прынесла станоўчы вынік. Людзі маюць магчымасць пераканацца, што сумленным быць выгадна. Мы паказваем, што калі самі заяўляюць пра незарэгістраваныя падключэнні, то ніякіх фінансавых наступстваў няма. Ды і аплата па лічыльніку нашмат меншая, чым без яго. Прааналізаваўшы вынікі бягучай амністыі, кіраўніцтва КУВП “Бароўка” прыняло рашэнне прадоўжыць яе да 20 лютага. Пры гэтым зноў будзем рабіць падворныя і пакватэрныя абходы, правяраць лічыльнікі, падключэнні.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.