Спяваць Таццяна пачала даволі рана — ў пяць годзікаў

image1Непаўторны тэмбр голасу спявачкі зліваецца з мелодыяй рамансу… Пранікнёныя радкі песні глыбока кранаюць сэрца і, здаецца, запавольваюць плынь часу… Спявае Таццяна Ермаловіч. Яркія выступленні гэтай жанчыны становяцца ўпрыгажэннем многіх святаў і мерапрыемстваў. Педагог па прызванні, Таццяна Мікалаеўна не адзін дзясятак год была кіраўніком аддзялення фартэпіяна і скрыпкі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, шаснаццаць год паспяхова кіруе Народным інструментальным ансамблем выкладчыкаў школы мастацтваў “Сустрэча”. Акрамя таго, яна вучыць дзяцей ігры на фартэпіяна і вакалу. Рабоце ў галіне культуры творца прысвяціла амаль сорак год.
Спяваць Таццяна пачала ў пяць год. Любоў да музыкі прывіў дзядуля, музыкант-самавучка, які па-майстэрску настройваў музычныя інструменты. У шэсць гадоў дзяўчынка паступіла ў музычную школу па класе фартэпіяна. Скончыўшы восем класаў сярэдняй школы, навучалася ў Варкуцінскім музычным вучылішчы, дзе атрымала падрыхтоўку на двух аддзя­леннях — дырыжыравання харавога і тэарэтычных дысцыплін.
Свой працоўны шлях Таццяна Мікалаеўна пачала ў сяле Айкіна Комі АССР. Чатыры гады вучыла дзетак музычнай тэорыі і ігры на фартэпіяна. Тут жа яна ўпершыню стала кіраўніком музычнага ансамбля.
Праз пэўны час бацька Таццяны вярнуўся на сваю Радзіму — у вёску Вялі­кае Поле Лепельскага раёна. Так творца прыехала жыць у наш блакітнавокі край. У 1979 го­дзе выкладала ў музычнай школе ігру на фартэпіяна. Работа ў школе была для жанчыны не проста прафесіяй, а любімай справай. Хутка Таццяна Мікалаеўна стала кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамб­ля, які выступаў і на танцавальных вечарах для моладзі ў раённым Доме культуры, і на летняй танцпляцоўцы ў парку.
Таццяна Мікалаеўна экстэрнам скончыла фартэпіяннае аддзяленне Наваполацкага музычнага вучылішча. Перадаючы дзецям навыкі ігры на фартэпіяна, яна падарыла сваім вучням бясконцае захапленне музыкай і мастацтвам. Многія з іх па прыкладзе любімага педагога сталі прафе­сійнымі музыкантамі. Вераніка Падасінавік зараз працуе выкладчыкам па класе фартэпіяна ў Стайскім філіяле Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Алеся Цімаховіч у Лепельскай школе мастацтваў выкладае тэарэтычныя дысцыпліны, Інга Бельская кіруе хорам. Вольга Александровіч, якая скончыла Беларускую Акадэмію музыкі, зараз працуе кіраўніком аддзялення фартэпіяна і скрыпкі Лепельскай дзіцячай школы мастацт­ваў.
Акрамя ігры на фартэпіяна, дзеці спасцігаюць у Таццяны Мікалаеўны майстэрства вакалу. Імёны многіх з іх сталі добра вядомымі не толькі жыхарам Лепельшчыны, а і рэспублікі. Юныя артысты паспяхова выступалі за мяжой. Яна Стрэльчанка, на творчым рахунку якой шэраг перамог у прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, у канцы мінулага года была ўдастоена Грын-пры ў намінацыі “эстрадны вакал” на Пятым Міжнародным конкурсе-фестывалі Tallinn-Fest. Ганарыцца Таццяна Мікалаеўна таксама поспехамі Даві­да Дымана, які не так даўно стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”, удала прайшоў адборачны тур ад Віцебскай вобласці на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2015” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”, заняў прызавыя месцы ў рэспубліканскіх творчых конкурсах. З задавальненнем займаюцца вакалам у любімага педагога таксама Марыя Захарынская і Ліза Дыман.
Любоў да музыкі Таццяна Мікалаеўна перадала і сваім дзецям. Старэйшая дачка Анастасія скончыла Наваполацкае музычнае вучылішча і стала выкладчыкам па класе фартэ­піяна Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Малодшая дачка Наталля набыла спецыяльнасць інжынера ў Маскоўскім універсітэце. Хоць яе прафесія і не звязана з творчасцю, дзяўчына выдатна спявае.
Па выніках работы за мінулы год Таццяна Ермаловіч прызнана перадавіком у галіне культуры.
Творчая, апантаная і рамантычная асоба, Таццяна Мікалаеўна ні на хвіліну не развітваецца з творчасцю і ў гэтым бачыць сэнс свайго жыцця. Бо менавіта музыка, шчырая песня, лічыць творца, здольныя падарыць невыказную асалоду, якая ўпрыгожвае і працягвае жыццё.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: Таццяна Ермаловіч (трэцяя злева) разам з удзельнікамі Народнага інструментальнага ансамбля выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў “Сустрэча”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.