Старалядненская СШ

Папулярны садзік

Дзіцячы садзік у Старым Лядне карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Тут працуюць дзве групы, у якіх займаюцца дваццаць шэсць дзяцей. І яшчэ знаходзяцца ахвотнікі адправіць сваіх дзяцей менавіта ў гэты дзіцячы сад. Пададзена ўжо пяць падобных заяў.
Сёлета набылі інвентар для спартыўных гульняў, абсталявалі дзіцячую пляцоўку, плануюць пафарбаваць фасад будынка, дзе ён размешчаны.

 

Трапілі “на аловак”

На школьным уліку ў Старым Лядне — дзевяць дзяцей з шасці сем’яў, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Двое дзяўчат-адзінаццацікласніц не так даўно “трапілі на аловак” у інспекцыі па справах непаўналетніх за тое, што былі заўважаны ў кафэ за распіццем спіртных напояў. У школе вырашана ўзмацніць працу па ранняй дыягностыцы праблемных сем’яў і выяўленні патэнцыйных правапарушальнікаў. З дзецьмі працуе сацыяльна-псіхалагічная служба.

Працоўны дэсант

Больш як сорак старшакласнікаў Старалядненскай школы пройдуць за лета вучэбна-доследную практыку на школьных сотках. Яны дапамогуць вырасціць гародніну і павучацца агародніцтву.
Зараз, пакуль працуе летнік і курсіруе школьны аўтобус, практыку праходзяць дзеці з Забароўя, якім пайшлі насустрач, улічваючы аддаленасць тых мясцін і цяжкасці з праездам.
Андрэй і Аляксей Барысёнкі, Аляксандр і Кірыл Плігаўкі, Арцём Салімаў, Віталь Губіч (на здымку) зграбаюць скошаную траву і вывозяць яе на тачцы. Працуюць дзеці старанна і зладжана.

Тры даследчыя работы
У Старалядненскай СШ на базе пачатковай школы створаны два інтэграваныя класы, у якіх поруч з вучнямі, якія займаюцца па агульнай праграме, вучацца таксама дзеці па праграме спецыяльнай, гэта два хлопчыкі з адной забароўскай сям’і.
Разам з тым кожны вучань мае магчымасць развіваць свае здольнасці. Юныя даследчыкі напісалі сёлета тры даследчыя работы — па матэматыцы, біялогіі і нямецкай мове. Дзеці прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі міжкультурных камунікацый. Спартсмены выйгралі першынство на круглагадовай спартакіядзе школьнікаў. Школа лідзіруе на многіх раённых конкурсах.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.