Ежегодно участвуют в «Городе мастеров» и никогда без призов оттуда не возвращались

img_4892 Вось дык мастацтва! Не адразу і выгаварыш. А гэта ж трэба ўсё паспрабаваць зрабіць рукамі – памацаць, ацаніць, прыкінуць, уключыць фантазію, урэшце старанна падрыхтаваць матэрыял і затым выканаць, не абы як – акуратна, прыгожа, творча. Проста не верыцца, што гэтым займаюцца дзяўчаткі класе ў пятым, шостым, сёмым. Пытаюся ў Ірыны Кунчэўскай, настаўніцы працоўнага навучання, якая ў СШ №3 вядзе гурток “Творчасць юных”, ці праўда, што дзеці выконваюць работы не па гатовых эскізах і малюнках, а так, як руку павесці. Аказалася, сапраўды, часта гатовых трафарэтаў не прытрымліваюцца. А як жа хораша выходзіць! І роўненька, і сіметрычна, і прыгожа. Як у сапраўдных майстроў.

Дваццаць сем гадоў працуе настаўніца ў школе і недзе каля чвэрці стагоддзя вядзе творчы гурток. Працуюць з тканінамі. Як чалавек творчы, Ірына Маратаўна не церпіць пастаянства. Увесь час у творчым пошуку. Захапіліся пэчворкам (от англ. patchwork). Гэта від рукадзелля, пры якім з рознакаляровых лапікаў тканіны па прынцыпе мазаікі сшываецца цэльны выраб з пэўным малюнкам.
Можа, памятаеце бабульчыны дыванкі, сшытыя з такіх вось рознакаляровых лапікаў? І ля ложка такі дыванок можна пакласці, і ля парога. А як жа бераглі і ганарыліся імі нашы бабулькі!
— Цяперашнім дзецям дыванкі мала цікавыя, а вось падушкі на канапу робяць з задавальненнем, — кажа настаўніца.
Наступнае, чым займаюцца ў гуртку дзяўчаткі, — тэхніка кінусайга.
Японцы любую працу ўзводзяць у ранг мастацтва. Нездарма ж арыгамі, ікебана, канзашы — усе словы японскага паходжання. Дык вось, старыя кімано жыхары краіны ўзыходзячага сонца ніколі не выкідвалі, а рабілі з іх сапраўдныя творы мастацтва — цудоўныя карціны і пано. Кінусайг яшчэ завецца па- пэчворкам без іголкі. Рабілі эскіз малюнка на паперы, які затым пераводзілі на дошчачку. На дошцы праразалі канаўкі глыбінёй дзесьці каля двух міліметраў і туды па краях запіхвалі шаўковыя лапікі.
Бачылі б, як атрымліваецца прыгожа! З цікаўнасцю разглядваю работы гурткоўцаў і па-добраму ім зайздрошчу. Робяць тое, што не кожны дарослы зрабіў бы.
І нарэшце работа з паперай — квілінг. Здавалася б, чаго прасцей! Папера — не тканіна, слухаецца. Аказваецца, і тут з наскоку не зробіш. Ірына Маратаўна паказвае мне спецыяльнае шыла, з дапамогай якога каляровую паперу, разлінееную на камп’ютары і парэзаную стужкамі, скручкаюць у “рог”. Кожнаму такому ражку прыдаюць адмысловую форму і затым ужо з іх фарміруюць кампазіцыю. Карунак замацоўваюць з дапамогай клея, альбо проста фрагменты ўтыкаюць у мяккі пластык.
— Колькі ж часу займае такая работа? — пытаюся.
— Як пойдзе, які настрой і як тэрмінова трэба зрабіць. Так атрымліваецца, што часта працуем пад заказ — то на конкурс, то да якога свята. Хуценька і ахвотна рабілі дзяўчаты свае пано да Дня маці — матулям у падарунак. Потым да юбілею школы стараліся. Увогуле ж, працуюць над работай у сярэднім ад тыдня да месяца.
masyukЧалавек дзесяць-дванаццаць займаюцца ў гуртку, у асноўным дзеці з шостага-сёмага класаў. Зараз актыўна наведваюць творчую майстэрню Кацярына Нікіціна, Вольга Мазго, Карына Тухта, Арына Усцінава, Анастасія Шубнік. Аднак ёсць і такія, хто застаўся гурткоўцам і ў адзінаццатым класе — напрыклад, Анастасія Масюк. Дзяўчына захапляецца тэхнікай кінусайга і ўжо не можа без таго творчага асяродку, які створаны ў гуртку.
Штогод удзельнічаюць у “Горадзе майстроў” і ніколі без прызоў адтуль не вярталіся, часта займалі першае месца. Прымаюць удзел таксама і ў “Каляднай зорцы”, і ў конкурсах “Выратуем зялёную елку”, “Ратаўнікі вачыма дзяцей”.
Часам гурток становіцца нават сямейнай справай. Напрыклад, у Карыны тут спачатку займалася старэйшая сястра Ангеліна, а ў Каці спрабаваў штосьці “тварыць” нават маленькі брацік Стас, які з сястрой прыйшоў аднойчы на заняткі. Не кажучы пра саму настаўніцу. Для Ірыны Кунчэўскай творчасць стала справаю жыцця. Закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта. Пачынала швачкай у КБА, працавала майстрам вытворчага навучання ў вучэбна-вытворчым камбінаце. І ўжо амаль тры дзесяцігоддзі знаходзіць прымяненне ў школе сваёй багатай творчай фантазіі — вучыць іншых. Зрэшты, творчасці немагчыма навучыць, яе можна толькі развіць у тых, хто нарадзіўся з творчым пачаткам.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: у гуртку “Творчасць юных” СШ №3; работа ў тэхніцы кінусайга старэйшай удзельніцы гуртка Анастасіі Масюк.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.