Зеляноўскія з Зялёнага завулка

3— Вунь за тою зялёнаю хатаю будзе завулак Зялёны, — тлумачыць нам кабета, якую сустрэлі на вуліцы Зялёнай, як знайсці хату Зеляноўскіх.
Суцэльная зялёная містыка. І толькі бялюткі сняжок, што ўпрыгожыў зямлю гэтай каляднай парою, прыдае рэчаіснасці крышачку іншага адцення. І хата ў Віктара Зеляноўскага, у адрозненне ад яго суседа, колеру не зялёнага, але ж прывабная! Асабліва ўсярэдзіне. Ступаеш — і ўжо з парога боязна парушыць гармонію яго ўтульнай, з гарадскім каларытам, кватэры, якая некалі была вясковай хатаю і стаяла ў Дабрамыслях. Там Віктар яе купіў і перавёз у Лепель, калі ўжо ажаніўся з Раісай і паявіліся ў галаве сталыя думкі сямейнага чалавека.
Вы ж толькі зірніце — усё падагнана міліметр да міліметра, усё надзейнае і блішчыць. Столь сайдынгам падшытая, дзверы шкляныя празрыстыя, вокны пластыкавыя, плітка дэкаратыўная на падлозе. А падлога цёплая, каб унукам добра было басанож гуляць. Гэта ж колькі труб трэба было схаваць пад тою пліткаю за бетонам ды ўцяпляльнікам. Нават у істопачку, што побач, за сценкаю, гаспадар трубы запусціў. Добра, што ацяпленне газавае. І бульбачцы цёпла, і самі цешацца. Люба сабе — ні дроўцаў насіць не трэба на старасці гадоў, ні з брыкетам паскудзіцца. Дарагавата, праўда, ды грашыма ў печцы паліць не будзеш.
Раіса і Віктар Зеляноўскія разам вось ужо сорак гадоў. Гадзіннік часу не адкруціш назад. Адкруціў бы — пабачыў бы Віцьку Зеляноўскага з Валатовак, які бегаў у школу ў Замошша за дзесяць кіламетраў праз лес ды праз хуткаплынную Эсу. Разальецца рэчка паводкаю ўвесну — стаіць хлопец разгублены на разводдзі, куды ступіць, не ведае. Усе іх Валатоўкі пад вадою, як на востраве. Па кладачках, па жэрдачках падымаўся хлопец да навукі.
І калі ўрэшце трапіў у войска, у Еўропу, не паверыў, што ёсць іншы свет, чым той, дзе жывуць людзі на балоце. Служыў у Германіі ў ракетных войсках. Быў запраўшчыкам ракеты. А на пуск ездзілі… аж у Казахстан. Была багатая вялізная краіна, якой салдацкія камандзіроўкі з Германіі ў Казахстан былі па кішэні. І ніхто ніколі ў той кішэні капеек не лічыў. І гэтую краіну ён абараняў два гады. Акурат трапіў на той час, калі трохгадовая служба замянялася двухгадовай. І паспрабуй было скажы якому «дзеду», што праслужыў у войску «траяк», а хто нават і болей, што ты таксама «дзед». Мала не падасца. А хлопцы там з Масквы служылі, плячыстыя, фактурыстыя…
І вось ён зноў дзед, толькі ўжо не ў войску, а ў жыцці. Паміж гэтымі дзвюма жыццёвымі кропкамі адліку праплылі, як крыгаход па Эсе, важнейшыя падзеі яго жыцця: вучоба ў Віцебску на гальваніка (гальванікі пакрываюць бранзалеты, гадзіннікі рознымі дарагімі металамі), праца на гадзіннікавым заводзе (Віктар працаваў на золаце). Урэшце — вяртанне ў Лепель. Зноў жа, на гальваніцы працаваў на рамзаводзе. Ён у Віцебску жыў, а пра Лепель марыў. Дзівак-чалавек! Ірваўся сюды на паляванне, быў жа па маладосці хвацкім паляўнічым. Туліўся з братамі па кватэрах. Мяняў працу на больш заробкавыя. Так пасля рамзавода апынуўся на экскаватарным, адкуль перакачаваў на «шасцяронкі». Тут ужо затрымаўся аж на чвэрць стагоддзя і ў дваццаць сем нарэшце будучую жонку сустрэў у адной з камандзіровак у Мінску. Хоць Раіса сама з Будзяўцоў, ды на той час у сталіцы працавала.
Купілі хату, паставілі на пасёлку, пачалі дабудоўваць, да ладу даводзіць. Як пачалі даводзіць сорак гадоў таму, так і зараз працягваюць. Што б ні рабілі, а ўсё, здаецца, недастаткова. Яно і зразумела — сям’ёй жывуць, дачка Вольга з імі. Унукам трэба, каб і цёпла было, і ўтульна. І другая дачка, Таццяна, недалёка. Яе Ягорка бегае да дзядулі, як дадому. Вунь і зараз прыбег узрушаны, расчырванелы на марозе. На каляды сабраліся з хлопцамі «казу вадзіць», ажыўлена абмяркоўвае з дзедам калядны сцэнарый. Трэба сказаць, што язык у абодвух падвешаны — па слова ў кішэню не лезуць. Старэйшы ўнук ужо ў дзявятым, неўзабаве на свой хлеб пойдзе, добры дзядулю памочнік, спрытны. І на гарышча скокне, і са шрубавёртам, і з абцугамі — рукасты, як сам дзед.
А з сынам Лёшкам дзед Віктар у грыбочкі паездзіў ды рыбкі палавіў. У сына машына. Завядзе — і яны ўжо ў Валатоўках. Шчыміць у Васільевіча сэрца, калі бачыць сённяшнюю вёску сваёй радзімы. Дзе «сцены мохам параслі, вясёлкай адліваюць шыбы». Затое грыбы ў апусцелых Валатоўках пайшлі расці па агародах. Летась натрапілі на паляну, дык дзед багажнік баравікамі адразу і набудаваў, і гэта ў негрыбным годзе. Аж вочы разыходзіліся.
У свае шэсцьдзясят шэсць Віктар Зеляноўскі мае вялікі імпэт да жыцця. І хоць здароўе ўжо не аднойчы яго падводзіла, але пажылым назваць язык не паварочваецца. Ён аптыміст, бо ёсць дзеля каго жыць, ёсць чаму радавацца і каго радаваць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Віктар Зеляноўскі з жонкай Раісай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.