У ачмурэлым тумане нянавісці

Кажуць, ад кахання да нянавісці ўсяго адзін крок. Не ведаю, наколькі моцна кахалі адзін аднаго фігуранты нашага аповеду, але ў адзін з чэрвеньскіх дзён іх сужыцельская лодка дала моцную цечу. Гэта вобразна сказана. На самой справе трагедыя разыгралася пад дахам дома па вуліцы Цэнтральная. А пачыналася гісторыя, здаецца, на мірнай ноце. Сужыцелі В. Буловіч і А. Любачка выпівалі. Аднак градусы часта туманяць розум і развагу. Туманяць так, што на вочы набягае неўтаймаваная ачмурэлая злосць.
Нешта падобнае адбылося і ў той лістападаўскі вечар. Па словах пацярпелай, завіравала нечакана спрэчка. Васіль пачаў зневажаць кабету, папракаў нявернасцю. Слоў сужыцелю падалося мала. Як тут сілу не прымяніць! І прымяніў. Біў без жалю. Жанчына намагалася ўхіліцца ад удараў, не ўдавалася. Раз’юшаны мужчына схапіў яе за валасы і сцягнуў з ложка. Звалілася тварам уніз. Катаванне працягвалася.
Паводле паказанняў на судовым пасяджэнні пацярпелай, яна прасіла сужыцеля зміласцівіцца, спыніць бойку. Васіль Буловіч пакурыў, падумаў і зноў пачаў біць. Рукі, мусіць, стаміліся, нагамі пачаў дубасіць ахвяру.
І такое адбывалася не адзін раз. Сведка Т. Лагуновіч паведаміла, як увечары да яе зайшла акрываўленая А. Любачка. Увесь твар яе крываточыў. Выклікалі міліцыю.
Другі сведка Т. Лявонаў на судзе паказаў, што 20 лістапада мінулага года да яго забегла пацярпелая А. Любачка. Сказала, што яе збіў В. Буловіч. Выклікалі хуткую дапамогу. Кабету забралі ў бальніцу, там наклалі швы на рассечаныя вусны.
Такое вось ”каханне”.
Васіль Буловіч меў на тую пару непагашаную і не знятую судом судзімасць за злачынства супраць жыцця чалавека. Высноў не зрабіў.
Па сукупнасці злачынстваў суд вынес рашэнне пазбавіць В.В. Буловіча волі на два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах суровага рэжыму. У сувязі з амністыяй ён вызвалены ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год.
Ці адумаецца мужчына, ці пераасэнсуе свае паводзіны і далейшае жыццё? Хацелася б. Нельга ўзнімаць руку на слабейшага. І наогул злосць у ачмурэлым алкагольным тумане да дабра не прыводзіць. Як і ў нашым выпадку…
Дзяніс ЖУРКО,
намеснік пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.