У пачатку сезона

402У пачатку красавіка на водазаборным канале Лукомльскай ГРЭС на працягу двух дзён праходзілі спаборніцтвы першынства Віцебскай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ. У іх прынялі ўдзел каманды Віцебска, Полацка, Оршы, Новалукомля і Лепеля. За перамогу змагаліся больш за 70 юных спартсменаў. Для бяспекі ў час правядзення заездаў плаўныя сродкі перамяшчаліся па воднай паверхні ў суправаджэнні спецыяльна падрыхтаваных людзей, якія рухалі­ся следам за спартсменамі на належным чынам абсталяваным катары з падвясным маторам.
— У першы дзень спаборніцтваў выяўляліся мацнейшыя на дыстанцыі 2000 метраў, — паведаміла трэнер-метадыст Лепельскага аддзялення абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў “Альбатрос” Іна Харкевіч. — Вельмі ўдала на ёй выступілі лепельскія спартсмены. На байдарках-адзіночках сярод дзяўчат 1998 — 1999 гадоў нараджэння першае месца заняла Елізавета Аношка, трэцяе — Наталля Ланько, а сярод юнакоў таго ж узросту на другую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся Аляксей Юшко. Змагаючыся на каноэ-адзіночцы сярод юнакоў 2000 года нараджэння і маладзей, першым на фініш прыйшоў Ілья Дзёмка, другім — Ілья Харкевіч. Пераможным стала пераадоленне гэтай дыстанцыі на каноэ-адзі­ночцы сярод юніёраў 1997 года нараджэння і старэйшых па ўзросце для нашага земляка Ільі Палонскага, а таксама трэці вынік прынесла яго сябру па камандзе Дану Харкевічу.
— Што цікавага было ў другі дзень спаборніцтваў?
— Разыгрываліся прызавыя месцы на дыстанцыі 500 метраў. Зноў на байдарцы-адзіночцы першай на фінішы была сярод дзяўчат 1998 — 1999 гадоў нараджэння наша Елізавета Аношка, трэцяй — Наталля Ланько. Пацвердзіў свае лідарскія пазіцыі сярод юнакоў 2000 года і маладзей пры выступленні на каноэ-адзіночцы Ілья Дзёмка, які заняў першы радок у турнірнай табліцы спаборніцтваў. Не горш як напярэдадні і 2000 метраў праплыў паўтысячы метраў на каноэ-адзіночцы і яго паплечнік Ілья Харкевіч, што фінішаваў трэцім. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзняўся па выніках змагання ў каноэ-адзіночцы сярод юнакоў 1998 — 1999 гадоў нараджэння Аляксей Юшко. Другое месца заваяваў ў веславанні на каноэ-адзіночцы сярод юніёраў 1997 года нараджэння і старэйшых Дан Харкевіч, трэцяе — Максім Міснік.
Лепяльчане-пераможцы і прызёры першынства вобласці былі ўзнагаро­джаны дыпломамі.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: прызёр спаборніцтваў Ілья Харкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.