Увлечения разные, а дружба одна

img_9269 Калі я сустрэўся з Ільёй Бумагам, мне адразу ўспомнілася казка пра Снежную каралеву, і я прыгадаў Кая. Не таго, пазней зачараванага Снежнаю каралеваю халоднага злога цыніка, а добрага, шчырага хлопчыка, які весела гуляў з Гердай і светла марыў. Юны, адкрыты, прамяністы, здавалася б, празрысты і крыштальны. Ну, зусім не падобны да сваіх шаснаццацігадовых равеснікаў, нават і да сябра па каледжы Пашы.

Ды не будзем прыспешваць падзеі. Для пачатку раскажу, як мы ўвогуле з Ільёй пазнаёміліся. А проста. Падлеткі не любяць адзіноты і звычайна праводзяць час у кампаніях. Вось і мы — ледзьве толькі пазнаёміўся з гімназістам Данілам Багдановічам, як тут жа з’явіўся на даляглядзе лепшы яго сябар Ілья Бумага. І Вось мы ўжо актыўна перапісваемся з Ільёй “Укантакце”, але ж ні разу не бачыліся. Непарадак. Трэба выпраўляцца.
Вось я і накіраваўся ў каледж. Цікава, што менавіта тут раней абыякавы Ілья ажыў, акурат як той Кай. Нібы хто з яго зняў чары. І стаў Ілья тут сапраўдным актывістам, чаго не сказаць было, калі вучыўся ў школе. Праўда, былі і ў раннім дзяцінстве пэўныя імкненні рэалізаваць сябе. Напрыклад, сябры прапанавалі разам займацца веславаннем. Пайшоў, і нават захапіўся спортам. Два гады займаўся, наведваў спаборніцтвы, граматы і дыпломы атрымаў. А затым раптам вяслярства скончылася. Ілья паламаў абедзве нагі з-за няправільнай паставы. Захапіўся ў сёмым-восьмым класе на ўроках працоўнага навучання вырабам розных падсвечнікаў, драўляных палачак — бліны пераварочваць. Яшчэ адна спроба знайсці сябе была таксама ў гэты час, калі ў Раinte намаляваў карцінку. На гэты раз справы пайшлі ўдала, малюнак трапіў на выставу, і аўтар заняў другое месца.
Ды які ж Ілья вясляр! Ён — танцор. У каледжы пазнаёміліся з аднагрупнікам Пашам Байковым — і пасябравалі. А калі настаў час “шукаць таленты” — традыцыйна такое мерапрыемства праводзіцца сярод першакурснікаў каледжа — Паша ўспомніў, што яны танцавалі на выпускным вечары ў дзявятым класе. І вырашылі зноў выканаць гэты танец. Атрымалася ўсё на высокім узроўні. Гэта быў сінтэз: танец маленькіх качанят, эба, макарэла і мала палавін. Для нас гэта нязвыклыя назвы, а для іх, падлеткаў, — частка сцэнічнага жыцця. Выступленне вельмі спадабалася гледачам і педагогу-арганізатару Святлане Стэльмах. А далей — пайшло-паехала. Дакладней, паехалі хлопцы на рэспубліканскі фестываль “Студэнцкая аграрная вясна”. І хоць у прызёры не трапілі, але ж галоўнае — не вынік, а ўдзел. Выступалі ў складзе каманды ў гульнях Клуба вясёлых і знаходлівых, іншых мерапрыемствах. Пагулялі па Віцебску, пабачылі выступленні іншых удзельнікаў, пажылі ў інтэрнаце, уражанні ад якога засталіся надоўга. Адным словам, тыдзень на “аграрцы” не прайшоў дарэмна.
А пасля выступалі ў РДК, рэкламавалі вопратку. Тут я не вытрымаў: маўляў, на модным подыўме ўжо выступаеце? Хлопцы засмяяліся, сказалі, што не распраналіся, а, наадварот, хадзілі ў кажухах ды вышыванках, рэкламавалі народныя касцюмы.
Дружба ў каледжы стала дружбаю і ў жыцці. Яны дастаткова розныя — Паша і Ілья. У розных вёсках адпачываюць улетку. Карані Пашы — у Юркоўшчыне, бабуля Ільі жыве ў Дзямешкаве. Паша любіць футбол. Выступаў за зборную горада, і каманда нават заняла трэцяе месца ў вобласці. Хацеў вучыцца ў Мінску на вадзіцеля-дальнабойшчыка. Ужо і дакументы паехаў здаваць, але зразумеў, што не хопіць балаў, і вярнуўся ў Лепель. Зрэшты, ён і павандраваў ужо з бацькам, які працуе дальнабойшчыкам у Расіі. Палавілі рыбку на возеры Ладажскае. Праўда, аднойчы заснуў у лодцы і, калі б не бацька, патануў бы. Ільі ж вельмі падабаецца гатаваць — пельмені падсмажыць, макароны адварыць, трэба — і дранікі спячэ. Бацькі нямала часу аддаюць працы: тата — у ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, маці — у лясніцтве, хто ж будзе дагаджаць. Хіба што на выхадных сям’я збіраецца дома. Тады можна і пра прысмакі падумаць.
Сябры маюць розныя інтарэсы, але ж рознае ў жыцці прыцягваецца, вось і яны знайшлі і добра дапаўняюць адзін аднаго.
На здымках: Ілья Бумага і Паша Байкоў — на сцэне .

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.