В деревне Губино живут настоящие хозяева

Вёску Губіна, адзін з самых аддаленых населеных пунктаў Лепельшчыны, можна назваць сапраўднай сельскай глыбінкай. Вартасці вёскі — цішыня, спакой і прастор. У руплівых гаспадароў ёсць магчымасць абуладкаваць тут камфортнае жыллё са зручнасцямі, якія маюць гараджане. Аднак трэба шмат папрацаваць, прыкласці рукі. Па гэтай прычыне моладзь будуе жыццё ў гарадах.

Раіса і Аляксандр Пушкаровы — адны з тых гаспадароў, якія не баяцца працы і не шукаюць лёгкага жыцця. Пасля прыезду ў 1991 годзе з Узбекістана яны асталяваліся ў Губіне, так і засталіся тут жыць. Муж шчыраваў у калгасе “Чырвоны сцяг”, а потым уладкаваўся на працу стралком у ваенізаваную ахову артбазы. Жонка ж спачатку была загадчыцай мясцовага клуба, потым — бібліятэкарам, затым — загадчыцай аддзялення паштовай сувязі, а пасля яго закрыцця стала паштальёнкай.

Аднак маю ўвагу прыцягнуў іншы факт — Пушкаровы і ў цяперашні час трымаюць вялікую гаспадарку, маюць 2 кароў. Аляксандр кажа:

— У Губіне ў людзей засталося 4 каровы, сярод якіх 2 — нашы.

Моладзь не вельмі добра ведае, а людзі больш сталага ўзросту могуць расказаць, што значыць трымаць адну карову, а тым больш — некалькі, колькі трэба нарыхтаваць корму на зіму, насушыць сена. Аднак у апошнія гады руплівыя гаспадары карыстаюцца сродкамі малой механізацыі, у іх няма праблем па прымальнай цане набыць міні-трактар, касілку, граблі, а пры жаданні — і прэс-падборшчык. Так і Аляксандр Пушкароў паступова набывае тэхніку. Спачатку ў яго зявіўся трактар Т-25, куплены з рук. Побач з трактарам на двары стаяць прычэп, касілка і граблі-сонейка. Мужчына распавядаў, што для набыцця тэхнікі ў банку нават давялося ўзяць крэдыт, які паступова выплачваецца.

— Скажыце, калі ласка, ці ёсць праблемы з нарыхтоўкай кармоў у сёлетні сезон, які вызначаецца анамаліямі надворя? — звяртаюся да гаспадара.

— Сёлета я на некалькі дзён спазніўся з пачаткам касавіцы, крыху перарасла трава. Замінка атрымалася з-за рамонту трактара і касілкі. Аднак пры гэтым усё роўна адну пуню ўжо запоўніў, засталося другую — і да зімы падрыхтуюся.

— А якім чынам збываеце малако — здаеце ў філіял “Лепельскі МКК” або рэалізуеце мясцовым жыхарам, дачнікам?

— Рэалізуем больш за палову надою, — кажа Раіса Пятроўна. — У асноўным здаём малако на малочнакансервавы камбінат. Вядома, нам было б выгадней, калі б малако, тварог, смятану, іншую прадукцыю ў нас набывалі б дачнікі, але яны чамусьці не праяўляюць цікавасці да натуральнай вясковай прадукцыі. Чаму — не ведаю.

Калісьці ў вясковым статку Губіна налічвалася 80 галоў. У іншых вёсках Лепельшчыны сітуацыя была аналагічная. Ветэраны філіяла “Лепельскі МКК” памятаюць, што значная доля сыравіны паступала на прадпрыемства менавіта ад прыватных гаспадароў. Аднак час змяніўся — сталі іншымі і прыярытэты людзей.

— Усё стала даступна, — дзеліцца думкамі Аляксандр. — Можна без праблем у любой краме набыць мяса, масла, каўбасу, гародніну, не трэба так шчыраваць на агародзе…

— Вы адны спраўляецеся з усім справамі? Дзеці дапамагаюць?

— Адна дачка жыве ў Сочы, прыязджае нячаста. Другая дачка і сын жывуць у Лепелі, маюць свае семі, але перыядычна прыязджаюць дапамагчы, асабліва сын. Дарэчы, папрасіў яго, каб знайшоў у інтэрнэце прэс-падборшчык па сходнай цане…

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымку: Аляксандр Пушкароў з унучкамі Дашай і Жэняй.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.