В деревне вообще немного таких семей, а может и вовсе считанные

90 У Мацюшынай Сцяне ёсць сям’я Мазго. Сорак пяць гадоў жывуць разам Васіль Іванавіч і Лідзія Аляксандраўна. У вёсцы ўвогуле няшмат такіх сем’яў, а можа і зусім лічаныя. Апошнім часам вёска значна абмялела. Хто ў горад падаўся, балазе тут рукой падаць, скаціўся з гары і ўжо Пясчанка, а хто, як кажуць тутэйшыя, перасяліўся ў Шчучча. У Шчуччы — мясцовыя могілкі, дарэчы, не такія і старыя, кажуць, пасляваенныя, а як жа разрасліся! У Мацюшыне (гэтак па-іншаму называюць вёску) жыхароў засталося няшмат, і калі хто застаўся, дык у асноўным пажылыя жанчыны. А такія сем’і, як у Васіля і Лідзіі Мазго, можна на пальцах пералічыць.
Гэткія яшчэ лічацца сярэднім пакаленнем мацюшынцаў. І гаспадару, і гаспадыні яшчэ няма і сямідзесяці. На плечы іх пакалення, якое ўжо вайны не бачыла, лягла вялікая і адказная місія — аднаўляць разбураную краіну. І трэба сказаць, што пакаленне з гэтай місіяй справілася выдатна. Ніхто не кажа, што ім было лёгка. Памятаеце, за што працавалі ў калгасах у шасцідзясятыя гады? За працадні, за “палачкі”, як тады казалі. А на тыя “палачкі” атаварвалі якім-небудзь пудам аўса ўперамешку з гірсою (хто не ведае — трава такая палявая, пустазелле). І сысці з вёскі было не так проста. Гэта не зараз, што захацеў і паехаў, куды толькі хочаш. А ў той час у вяскоўцаў не было пашпартоў. Куды без пашпарта паедзеш!
Аднак не нылі, не шукалі лягчэйшага хлеба, ураблялі той, які лёс наканаваў. І гадавалі дзяцей. І дзецьмі поўніліся вясковыя школы, што не было там дзе яблыку ўпасці, і класы былі запаралелены. І гаманіла вёска, і смяялася, і гармонік граў, і песні спявалі.
Вось у тую аптымістычную эпоху станавілася на ногі і сям’я Мазго. Васіль пасля школы паступіў у тэхнікум у Навагрудак на агранома, дзе таксама вучылася і Ліда. Сама яна з Любаншчыны. Сваё роднае Хацінава і дагэтуль успамінае, толькі ўжо бываць там даводзіцца крайне рэдка. А Мацюшына памяняла б на чашніцкі саўгас “Сабалі”, куды размеркавалі пасля тэхнікума. Менавіта там, як ёй здаецца, прайшлі іх з Васілём лепшыя гады. Яно зразумела, маладыя гады заўсёды здаюцца лепшымі.
Васіля прама з тэхнікума забралі ў войска на два гады. Акурат у той час службу скарацілі з трох да двух гадоў, што, як мяркуюць многія, і спарадзіла “дзедаўшчыну”. Трохгадавікі не маглі прымірыцца, што новы прызыў будзе служыць на год меней. Вось і пачаліся здзекі з навабранцаў. Пад жорсткі прэс трапіў і Васіль. Служыў на кітайскай граніцы, яшчэ да вядомых падзей на паўвостраве Даманскім. Аднак ужо тады былі неціхоты. Іх часта абстрэльвалі з таго боку мяжы, а страляць у адказ было забаронена. Хлопец быў наводчыкам-аператарам БМП. Дадому вярнуўся сяржантам.
Пасля пайшоў заканчваць тэхнікум. Там і пазнаёміўся з Лідай.
На Чашніччыну паехалі разам, ён у “Сабалях” быў начальнікам участка, затым дырэктарам свінакомплексу, а яна па спецыяльнасці не працавала, бо нараджаліся дзеці — Наташа, Анжэла, Артур. У дэкрэтным, вядома, у той час гадамі не сядзелі, але ж і працаваць у полі, меўшы малых дзяцей, таксама не выпадала. Уладкавалася ў дзіцячы садзік.
1111 Пераехаць на радзіму мужа ў Мацюшыну Сцяну змусілі жыццёвыя абставіны. Свякроў ужо была пажылая, хваравітая, трэба было даглядаць. Выкупілі домік у Кальніках. Перавёз, паставіў Васіль у Мацюшыне побач з матчыным. Ліда тут нейкі час загадвала клубам, пасля працавала ў магазіне. А калі дачцэ спатрэбілася кватэра, мусіла пайсці ў калгас даяркаю. Акурат будавалі калгасныя домікі і была магчымасць атрымаць. Пятнаццаць гадоў даяркаю працавала. Хто памятае тыя часы, ведае, якая гэта была праца. Ніякай механізацыі не было. Даілі ўручную, у бітоны. І ў полі даілі, вёдрамі цягалі малако. Чысцілі стойлы, даглядалі кароў.
Васіль працаваў начальнікам участка і тут, у “Салюце”, доўгі час узначальваў ільнаводчае звяно. Лён, вырашчаны ў калгасе, атрымаў найвышэйшую адзнаку ў вобласці. Васіль Іванавіч стаў лаўрэатам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і атрымаў медаль “За працоўнаю адзнаку”. А перад пенсіяй быў вартаўніком, даярак падвозіў на поле — не грэбаваў ніякай працаю.
Заўсёды хапала працы і дома. Трымалі па дзве каровы, свіней, птушку. Трэба ж было “круціцца”, асабліва ў дзевяностыя, калі зарплату па тры месяцы не плацілі. Хацелася ж і дзецям дапамагчы, ды і самім трэба было неяк жыць.
У вёсцы ніколі не жылі надта заможна, але менавіта ў сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады вёска перажывала перыяд эканамічнага ўздыму і рэнесансу. Думаецца, што дзякуючы такім людзям, як Васіль і Лідзія Мазго — працавітым, цягавітым, практычным, аптымістычным. Вёскі адбудоўваліся, пашыралася сетка аб’ектаў сацкультбыту, было шмат моладзі, былі і танцы, і песні, гучала музыка. Самае галоўнае, што людзі адчувалі ўпэўненасць у заўтрашнім дні, таму іх не палохалі цяжкасці. А мо і наадварот: таму што цяжкасці не палохалі, дасягнулі яны ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
У агульным музычным вясковым хоры чуўся і гармонік Васіля Мазго. Бацька граў, дзядзькі, браты стрыечныя. Васіля Іванавіча часта можна было ўбачыць на вяселлях, на іншых гулянках.
Валодае і Ліда майстэрствам — ад маці пераняла. Вяжа шапкі, шалікі, швэдары. Вунь якое прыгожае на канапу пакрывала звязала!
Чалавек працавіты ніколі не будзе скардзіцца, што рабіць няма чаго. Улетку запрагалі Малыша (па-іншаму Сіўчыка) і адпраўляліся пад Забыліны ў лес у ягады ці ў грыбы. Шкада, конь прапаў, старэнькі ўжо быў. І на агародзе заўсёды спраў хапае. Перац вунь ужо ўзыходзіць на падаконніку, неўзабаве пойдуць памідоркі, якія затым пасадзяць пад дугі. І не сумна нашым працаўнікам у Мацюшыне. Хто што шукае ў жыцці, той тое і знаходзіць.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Лідзія і Васіль Мазго; запрэглі Сіўчыка.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Мазго.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.