Зафиксировано несколько случаев недоразумений при спиливании деревьев

Апошнім часам зафіксавана некалькі выпадкаў непаразуменняў пры частковым абпілоўванні, поўным спілоўванні дрэваў. За тлумачэннямі карэспандэнт раёнкі звярнуўся да начальніка аддзела будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама Наталлі Кляшторнай.

slide_02 — Наталля Леанідаўна, чытачы перыядычна звяртаюцца і да нас з пытаннямі, як законна спілаваць тое ці іншае дрэва, галіны, паправіць крону? Што б вы маглі парэкамендаваць?
— Па-першае, я хацела б раздзяліць дрэвы, якія растуць на ўчастках, якія належаць грамадзянам на розных формах уласнасці, уладання, і тыя, якія растуць у населеных пунктах за межамі выдзеленых участкаў, на землях агульнага карыстання. З дрэвамі, якія растуць на прыватным участку, уладальнік можа рабіць усё, што заўгодна: расціць далей, бяліць ствол, падпілоўваць галіны, а можа і ўвогуле спілаваць пад корань. І не важна, якое гэта дрэва: пладовая яблыня, груша, вішня ці дэкаратыўная ліпа, бяроза ці таполя. Аднак ад сябе заўважу, што ўсе расходы і рызыкі, звязаныя са спілоўваннем, нясе гаспадар участка. Таму калі спатрэбіцца дапамога спецыяліста, выклік і аплата яго паслуг цалкам кладзецца на плечы ўладальніка зямлі.
— Не раз станавіўся сведкам спрэчак паміж суседзямі з-за дрэваў. Адзін прад’яўляе прэтэнзіі да другога, маўляў, сонца засланяюць, лісцем закідваюць і гэтак далей. Тыя, хто лічыць сябе пакрыўджаным, спрабуюць прымусіць суседзяў спілаваць свае дрэвы…
— Паступалі і да нас такія заявы, у якіх грамадзяне прасілі прымусіць суседзяў спілаваць дрэвы. Аднак мы ім адказваем, што не маем на гэта права, калі дрэвы растуць у межах дапушчальных нарматываў. Калі насаджэнне мае вышыню да двух метраў, яно павінна расці не бліжэй за адзін метр ад мяжы ўчастка, дрэва да трох метраў — за два метры, звыш трох метраў — за тры метры ад мяжы. У такім выпадку, гаворачы канцылярскай мовай, суседзі — суб’екты права, якія маюць абсалютна роўныя правы і нясуць аднолькавыя абавязкі перад законам. Раім ім вырашаць падобныя непаразуменні шляхам перамоваў. На крайні выпадак бок, які лічыць сябе пакрыўджаным, мае права звярнуцца ў суд з грамадзянскім іскам. А рашэнне суда — абавязковае да выканання.
— Аднак вернемся да дрэваў на землях агульнага карыстання. Як правільна дзейнічаць грамадзянам, якія заўважылі аварыйнае дрэва каля свайго ўчастка, пабудоў ці ліній электраперадач?
— Паведаміць у дыспетчарскую КУВП “Бароўка”, калі такое дрэва заўважана ў горадзе, і ў свой сельвыканкам — калі ў вёсцы. Самім спілоўваць дрэвы за межамі сваіх участкаў строга забараняецца. Далей дзеянні ідуць па адпрацаванай працэдуры. Выклікаецца спецыяліст з ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, які дае заключэнне аб стане дрэва, прызнанні яго аварыйнанебяспечным або не аварыйнанебяспечным. Гэтае заключэнне з’яўляецца абгрунтаваннем для выдалення, спілоўвання дадзенага дрэва. У горадзе яго праводзіць КУВП “Бароўка”, у вёсках гэтым займаюцца сельвыканкамы, яны могуць наймаць спецыялістаў як з дзяржаўных прадпрыемстваў, так і прыватнікаў.
— А калі дрэва ў населеным пункце не будзе прызнана аварыйным, але жыхары пры гэтым будуць патрабаваць яго спілоўвання?
— Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Пры райвыканкаме дзейнічае камісія, куды, акрамя нашых спецыялістаў, уваходзяць прадстаўнікі лясгасу, прыродаахоўных, камунальных службаў. З выездам на месца вырашаем, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі: спілоўваць дрэва пад корань ці падпраўляць крону, ці ўвогуле пакідаць без зменаў.
— З якіх крыніц фінансуецца абпілоўванне або спілоўванне дрэваў?
— Вы задалі вельмі актуальнае пытанне, бо спілоўванне толькі аднаго дрэва каштуе ад 100 рублёў і вышэй. А калі запатрабуецца прымяненне вышкі або спецыяліст па вышынным абпілоўванні, то тут ста рублямі не абыдзецца. Згодна з Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі №16 ад 20 красавіка 2005 года “Аб добраўпарадкаванні населеных пунктаў”, выдаленне, абпілоўванне расліннасці на землях агульнага карыстання ў населеных пунктах праводзіцца за кошт бюджэту. Дрэвамі, якія пагражаюць лініям электраперадач, займаюцца работнікі раёна электрасетак.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.