В коллективе слободской фермы «Лепельагросервиса» кипит работа

img_9782 img_9789Ферма адкрытага акцыянернага таварыства “Лепельскі райаграсэрвіс” у
вёсцы Слабодка лічыцца лепшай у гаспадарцы. Яна была пабудавана і
ўведзена ў эксплуатацыю ў калгасе імя Чапаева (так тады называлася
гаспадарка) ў канцы 1970-ых гадоў. Аснашчаная па апошнім слове
тагачаснай тэхнікі, на ёй адной з першых у раёне было прыменена даенне
ў малакапровад. У савецкія часы працаваць даяркай, прычым не толькі на
такой сучаснай ферме, лічылася, калі не прэстыжнай, то вельмі добрай
справай. На некаторыя фермы можна было ўладкавацца хіба што толькі па
камсамольскай пуцёўцы. У 1980-ых гадах пры сярэдняй заработнай аплаце
ў Савецкім Саюзе каля 100 рублёў даяркі маглі атрымліваць па 300 і
больш рублёў за месяц. А заможныя калгасы ў дадатак выдзялялі для
лепшых работнікаў і жыллё, якое з цягам часу магло перайсці ў поўную
ўласнасць.
Як жа зараз працуе калектыў слабадской фермы? За адказам на гэтыя і
іншыя пытанні аўтар гэтых радкоў прыйшоў пад час чарговай абедняй
дойкі. Жанчыны якраз заканчвалі раздачу мукі камбікорму жывёле.
Як распавяла загадчыца фермы Валянціна Шавалда, штодня на корм цялятам
выдзяляецца каля сямі мяхоў камбікорму, кароў жа кормяць мукой,
змеленай са збожжа, якое летам вырасцілі і ўбралі механізатары
гаспадаркі. Для дапамогі жанчынам ёсць пара тачак, але даяркі і
даглядчыцы ў сваёй большасці па прывычцы пераносяць мяхі самі.
З-за пагрозы, выкліканай каранавірусам, на ферме апошнім часам
працуюць у вельмі напружаным рэжыме. Некалькі даярак, як кантакты
першага ўзроўню, накіраваны на самаізаляцыю, а замяніць іх у
гаспадарцы няма кім. У выніку тыя работнікі, што засталіся, працуюць
ужо на працягу 20 дзён без выхадных. Свой тыпавы працоўны дзень
апісвае Таццяна Ачапоўская:
— На ранішнюю дойку трэба прыбыць а пятай гадзіне раніцы, таму
прачынаюся дома а чацвёртай. Пакармілі, падаілі, прамылі даільнае
абсталяванне – дадому прыходзім дзесьці да васьмі гадзін. На абеднюю
дойку прыбываем да 12 гадзін, працуем да 14-ці. Вячэрняя – з 19-ай да
21-ай. Час кажу прыблізна, бо можа здарыцца рознае, з-за чаго мы можам
затрымацца на ферме. Працоўны дзень такім чынам разарваны, дома па-
добраму, мала што паспяваем зрабіць.
— Добра, калі ёсць пральная машынка-аўтамат, якая возьме на сябе
важную ў сям’і і побыце справу мыцця бялізны, — дадае даярка Наталля
Шалбанава.
Летам жа праца становіцца яшчэ цяжэйшай, з-за менш прадукцыйнага
даільнага абсталявання працэс даення зацягваецца, вольны час у даярак
яшчэ больш скарачаецца. Добра, калі на ферме поўны камплект
работнікаў, тады падменная даярка дае выхадныя асноўным.
Які ж заробак у работніц? Адразу скажам, невысокі. Напрыклад, Зоя
Уладзіміраўна Бяссонава, якая мае больш за 40 гадоў працоўнага стажу і
даглядае адну з лепшых груп, а таксама раздойвае цялушак, апошнім
часам мела заробак каля 800 рублёў у месяц. Многія ж яе сяброўкі не
могуць пахваліцца і гэтым. Прычым умовы працы даволі цяжкія. Так, па
некалькі кароў у кожнай групе абавязкова трэба даіць не ў
малакапровад, а ў бачкі. Прычыны, як правіла дзве: карова або лечыцца,
або нядаўна ацялілася. Дарэчы, масавы расцёл павінен пачацца праз два
месяцы, у лютым, але ўжо ў снежні на ферме з’явіліся чацвёра цялятак.
Не дзіўна, што пры ўсіх пералічаных умовах моладзь не жадае працаваць
на фермах. Напрыклад, самай маладой работніцы слабадской фермы 45
гадоў, тут працуюць шмат работніц пенсійнага ўзросту. Нават загадчыца
фермы Валянціна Анатольеўна – пенсіянерка. Расказвае:
— Я ж была загадчыцай фермы ў Казіншчыне, потым – тут. Пайшла на
пенсію. Летам звярнуліся да мяне намеснік старшыні Уладзімір Кудзін і
галоўны заатэхнік Людміла Верташонак, маўляў, дапамажы ў гарачую,
напружаную пару, папрацуй месяц. І вось ужо пяць месяцаў так працую,
дапамагаю роднай гаспадарцы.
Зоі Уладзіміраўне Бяссонавай 67 гадоў. На пытанне, што вас трымае на
ферме, кажа:
— Група ў мяне надзвычай добрая, я яе працяглы час збірала. Зараз у
ёй 58 кароў, за суткі ад яе атрымліваю па 700 літраў малака. У
бліжэйшы час, праўда, яны ў запуск перад ацёлам пойдуць, надоі
знізяцца, але пасля масавага ацёлу зноў узрастуць. Каму я групу
пакіну? Хто іх будзе гэтак жа даглядаць і берагчы? Знішчыць групу
можна і за месяц, а вось зноў сабраць, выгадаваць – тут і года можа не
хапіць.
Усяго за суткі са слабадской фермы на малочна-кансервавы камбінат
адпраўляецца па 2500-2600 кілаграмаў малака. Яшчэ каля 500 кілаграмаў
накіроўваецца на паенне цялятаў. Статак забяспечаны кормам: побач
размешчаны траншэі з сенажом, складзены запасы сена і саломы ў
рулонах, а сілас прывозяць са сховішча на тэрыторыі былога льнозавода.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.