В Лепеле прошел месячник по выявлению самовольной перепланировки квартир

oformlenie-dokumentaciiУ горадзе праводзіўся месячнік мерапрыемстваў па выяўленні самавольных перабудоў і перапланіровак у жыллёвым фондзе. Пра яго вынікі гутарым са спецыялістам КУВП “Бароўка” Вольгай Шарафутдзінавай.
— Вольга Аляксандраўна, якія мэты ставіліся пры правядзенні месячніка?
— Хаця ў мерапрыемстве галоўным было заяўлена выяўленне самавольных перабудоў і перапланіровак у жыллёвым фондзе, паралельна з гэтым значны ўпор рабіўся на прафілактыку, навучанне грамадзян. Многія лічаць так: паколькі кватэра — мая прыватная ўласнасць, у ёй магу рабіць усё, што захачу.
— А хіба гэта не так? Калі я не замінаю і не ствараю нязручнасцяў суседзям…
— Любая перабудова і перапланіроўка, няўзгодненая з адпаведнымі кампетэнтнымі органамі і службамі, — незаконная. І не важна, мае чалавек адабрэнне суседзяў ці не.
— Што часцей за ўсё імкнуцца перабудоўваць, у чым найбольшая небяспека?
— У імкненні зрабіць праёмы ў нясучых сценах. У шматкватэрных дамах, дарэчы, як і дамах індывідуальных, сцены дзеляцца на дзве катэгорыі: нясучыя і перагародачныя. Першыя ўяўляюць сабой элементы, на якіх трымаюцца канструкцыі. Аслабленні іх могуць выклікаць разбурэнні суседніх сцен, усяго дома. І вось, уяўляеце сабе, засяляецца чалавек у кватэру і тут жа прыдумвае перапланіраваць яе для таго, каб яму жылося зручней: “Аконны праём у сцяне паміж кухняй і балконам зраблю больш шырокім, балкон засцяклю і ўцяплю — атрымаецца лоджыя, у сцяне паміж кухняй і суседнім пакоем зраблю праём — будуць асобна кухня і сталовая, перагародку паміж прыбіральняй і ванным пакоем убяру — зраблю сумешчаны санвузел”. Пры гэтым не спрабуе нават разабрацца, якія сцены нясучыя, капітальныя. У выніку ствараецца рэальная пагроза самім жыхарам кватэры, суседзям. Бо калі жалезабетонныя пліты абрынуцца, пацерпяць усе жыхары дома.
— І ўсё ж такі, як чалавеку паступаць правільна і разам з тым паляпшаць якасць свайго жылля?
— У першую чаргу — звярнуцца да спецыялістаў, якія вызначаць, ці можна рабіць праёмы ў канкрэтных сценах, капітальныя яны ці перагародачныя. Напрыклад, можна звярнуцца і да нас, у КУВП “Бароўка”. Мы маем планы ўсіх новапабудаваных шматкватэрных дамоў, усіх дамоў, дзе мы рабілі капітальны рамонт. У планах указана, дзе якія канструкцыі. Мы ж можам растлумачыць далейшы парадак дзеянняў. Калі ў сцяне можна зрабіць праём, то параім, куды пісаць заявы, якія трэба збіраць дакументы. Адразу скажу, што для перапланіроўкі трэба будзе заказваць асобны праект, на што спатрэбіцца затраціць пэўныя час і грошы.
— Мы гаварылі аб праёмах у існуючых сценах, але ж бываюць і іншыя выпадкі, калі жыхары з аднапакаёвай захочуць зрабіць двухпакаёвую кватэру шляхам узвядзення лёгкай перагародкі з гіпсакардону або фанеры.
— Парадак дзеянняў той жа самы: заява, праект, дазволы і толькі потым можна будзе брацца за справу.
— Колькі парушэнняў было выяўлена за час правядзення месячніка?
— На балансе КУВП “Бароўка” больш за 350 дамоў і збудаванняў. Мы камісіяй, у якую, акрамя мяне, уваходзілі прадстаўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, абыходзілі ў першую чаргу шматкватэрныя дамы. За гэты час выявілі адзін факт незаконнага ўзвядзення перагародкі з гіпсакардону і некалькі фактаў пра-бівання праходаў у сценах. Па ўсіх выпадках былі складзены пратаколы, выдадзены прадпісанні. Каб усвядоміць сур’ёзнасць справы, скажу, што штраф за самавольную перапланіроўку налічваецца ад 30 базавых велічынь. І пры гэтым уладальнік абавязаны вярнуць сцены ў зыходны стан, гэта значыць, разабраць незаконную перагародку, замураваць праходы.
— Вельмі суровыя меры…
— Але ж, паўтаруся, і небяспека ад падобных парушэнняў не маленькая. Таму яшчэ раз нагадаю жыхарам кватэр аб уважлівасці. Калі хтосьці жадае зрабіць перапланіроўку, няхай звяртаецца спачатку да спецыялістаў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.