В Лепельском районе в 2018 году было 13 перемен фамилий

zagsВядомая ўсім абрэвіятура ЗАГС расшыфроўваецца як запіс актаў грамадзянскага стану. А за ёй — карпатлівая праца, пачынаючы ад рэгістрацыі нараджэння чалавека і заканчваючы апошнім запісам на шляху грамадзяніна. Кожны дзень як пазітыўныя эмоцыі, так і вельмі сумныя. Увогуле, міма аддзела ЗАГС не праходзіць ні адзін чалавек у сваім жыцці. Па традыцыі ў пачатку года ідзе падвядзенне вынікаў года мінулага. Аб гэтым і многім іншым гутарым з начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Аленай Бельскай.
— Кажуць, што шлюбы нараджаюцца на нябёсах, аднак афіцыйнымі адносіны двух людзей, якія кахаюць адзін аднаго, становяцца пасля запісу акта рэгістрацыі. Алена Канстанцінаўна, якая колькасць шлюбаў зарэгістравана за перыяд 2018 года?
— Усяго ў Лепельскім раёне за мінулы год зарэгістравана 183 шлюбы, з іх 156 — у горадзе. Калі параўноўваць з папярэднім годам, то меней на 33 шлюбы. Сумна адзначаць, аднак з 2016 года рэзка скарацілася колькасць жадаючых уступаць у шлюб. Да гэтага перыяду было больш за дзвесце.
— На якія месяцы выпадае пік рэгістрацыі шлюбаў?
— Традыцыйна гэта летнія месяцы — ліпень і жнівень, калі працуем у асабліва напружаным рэжыме.
— Ці адзначалі ў мінулым годзе юбілейныя даты?
— Так, тры залатыя вяселлі і адно брыльянтавае, гэта калі пара пражыла разам 60 гадоў.
— З якімі складанасцямі сутыкаюцца маладыя людзі, жадаючыя падаць заяву на ўступленне ў шлюб?
— Не ўсе дакументы прыносяць. Многія, хто ўжо знаходзіўся ў шлюбе, не ведаюць, што трэба мець пры сабе дакументы аб скасаванні папярэдняга шлюбу. Калі працэдура адбывалася ў Лепельскім раёне, то вялікіх клопатаў няма. Аднак былі выпадкі, калі развод адбываўся ў Брэсцкай вобласці. Чалавеку даводзілася ехаць некалькі соцень кіламетраў за судовым рашэннем, і толькі потым падаваць заяву. Бываюць і праблемы, калі нашы грамадзяне жадаюць уступіць у шлюб з чужаземцам. Людзі папросту не ведаюць пералік патрэбных дакументаў.
— Ці былі ў 2018 годзе выязныя рэгістрацыі? Законам у нашай рэспубліцы дазваляецца такая форма заключэння шлюбу…
— Так, пасля ўступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і» дазваляецца праводзіць рэгістрацыю шлюбу за межамі памяшкання ЗАГСа. Напрыклад, каля помнікаў архітэктуры, на прыродзе, у іншых месцах. За мінулы год такіх рэгістрацый праведзена шэсць. Работнік ЗАГСа выязджае толькі на саму цырымонію шлюбу. Не адказвае за музычнае суправаджэнне, афармленне. Зарэгістраваны шлюбы на тэрыторыі пансіяната “ЛАДЭ”, на пірсе ля берага возера Лепельскае, а таксама на тэрыторыі гасцінічных комплексаў “Плаўна” і “Сергуч”. Маляўнічыя месцы, прыгожая прырода.
— Ці ёсць складанасці пры такіх рэгістрацыях?
— Вялікіх складанасцяў няма, аднак пэўныя нязручнасці бываюць. Адна з іх — непрадказальнасць надвор’я. Здараліся выпадкі, што ішоў дождж, і прыходзілася скарачаць час рэгістрацыі. Ад ветру падалі ўпрыгажэнні. Многае залежыць ад надвор’я і месца. Вялікую ролю адыгрывае і арганізацыя мерапрыемства. Калі ўсё прадугледжана, цырымонія праходзіць прыгожа, цікава і незвычайна. Аднойчы нават жаніх вёў каня, на якім сядзела нявеста. Рэгістратар выязджае з пакетам дакументаў.
— Як вы лічыце, якія прычыны таго, што зменшылася колькасць шлюбаў?
— Прыкладна з 1992 года рэзка зменшылася нараджальнасць. Цяпер мы адчуваем гэта на колькасці шлюбаў. Крыху змяніліся і ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў. Раней некаторыя маладыя наймалі па два аператары, было шмат гасцей, пад’язджалі на лімузіне. Цяпер усё адбываецца прасцей. У большасці прысутнічаюць на рэгістрацыі маладыя, бацькі і блізкія сябры.
— Ці змяніўся ўзрост жадаючых пабрацца шлюбам?
— Так, сярэдні ўзрост з часам павялічыўся. Магчыма, моладзь стала шмат увагі ўдзяляць атрыманню адукацыі і павышэнню кваліфікацыі. Жанчыны сталі больш рэалізоўваць сябе не толькі ў якасці гаспадыні, а і прафесійна. Нельга апускаць той факт, што маладыя людзі сталі больш пільна падыходзіць да пытання стварэння сям’і. У 2018 годзе сярэдні ўзрост жадаючых уступіць у шлюб складае для мужчыны 30 год, для жанчыны — 28.
Самая маладая пара па ўзросце ў 2018 годзе — 17-гадовыя муж і жонка, у самай дарослай пары мужчыне споўнілася 68 гадоў, а жанчыне — 63.
Зацікавіла гісторыя кахання, расказаная Аленай Канстанцінаўнай. Калісьці ў маладосці было першае каханне паміж дзяўчынай і хлопцам, аднак штосьці не склалася, і яны разышліся. Стварылі сем’і, ішлі кожны па сваёй жыццёвай сцяжынцы. У сталым узросце аўдавелі, нават у адзін год, зноў сустрэліся і пачалі сумеснае жыццё. Урэшце, пабралі шлюб.
— Як справы са скасаваннем шлюбу?
— Мы разводзім толькі тыя пары, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці. За мінулы год было 29 разводаў. У параўнанні з мінулым годам больш на дзесяць.
— Колькі маленькіх жыхароў атрымалі пасведчанне аб нараджэнні ў мінулым годзе?
— 287 дзяцей зарэгістравана ў аддзеле ЗАГС у 2018 годзе, з іх 147 хлопчыкаў. Лічба такая ж, як і ў папярэднім годзе.
— Якія самыя распаўсюджаныя і, канечне, рэдкія імёны ў нашым раёне?
— Самыя распаўсюджаныя сярод хлопчыкаў былі Ягор, Мікіта, Іван, Арсеній, Мацвей і Міхаіл. Сярод дзяўчынак — Ксенія, Вікторыя, Аліса, Анастасія, Паліна і Сафія.
Раней папулярныя імёны, такія як Таццяна, Вольга, Надзея, рызыкуюць трапіць у спіс рэдкіх. З’явіліся на свет у 2018 годзе ў нашым раёне Натаніэль, Даўлат, Джаванна, Радаслава, Святаслава, Магдаліна, Міліна…
Сама неаднаразова чула на дзіцячай пляцоўцы ў парку не зусім звыклыя імёны. Хтосьці спасылаецца пры выбары імя на рэлігійны каляндар, іншыя — на тэндэнцыю моды. Называюць немаўляці і ў гонар свайго куміра.
Нараджэнне дзіцяці — вельмі важная падзея ў сям’і. Не менш сур’ёзнае выпрабаванне для бацькоў — гэта выбар імя для свайго малога. Добра, калі яно ўзгоднена паміж мамай і татам, але часам у пары адбываецца канфлікт на гэтай глебе.
— Не заўсёды даводзіцца вам рэгістраваць толькі шлюбы і нараджэнні…
— Так, рэгіструем і сумныя моманты. За мінулы год зарэгістравана 508 актаў аб смерці. Сярэдні ўзрост для мужчын, што пайшлі з жыцця, — 68 гадоў, жанчын — 77. Акрамя гэтага, за мінулы год паступіла ад грамадзян 3119 заяў, выдадзена 3129 дакументаў.
— А ці звяртаюцца грамадзяне ў аддзел ЗАГС, каб змяніць прозвішча?
— Так, за мінулы год было трынаццаць перамен прозвішча, і не заўсёды гэта звязана са скасаваннем шлюбу. Немілагучнасць, не падабаецца — такія прычыны ўказваюцца. Жадаюць некаторыя і змяніць імя.
Дзейнасць аддзела ЗАГС мае вялікае значэнне ў жыцці грамадства і ахове сямейных правоў грамадзян. Тут праводзяць рэгістрацыю нараджэння, заключэння і скасавання шлюбу, усынаўлення, устанаўлення бацькоўства і мацярынства, перамены прозвішча, імя, імя па бацьку. Змяняюць, выпраўляюць, дапаўняюць запісы актаў грамадзянскага стану, анулююць і аднаўляюць іх на падставе рашэння суда, выдаюць паўторныя пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
Работнікі аддзела ЗАГС адказваюць за тое, каб усе рэгіструемыя акты былі аформлены ў адпаведнасці з законам, каб у выніку памылак у афармленні таго ці іншага акта не пацярпелі інтарэсы асобных грамадзян, іх дзяцей і грамадства ў цэлым.
Інтэрв’ю правяла
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.