В зоне внимания — преступность несовершеннолетних

huge_ff89fb55-7b42-484c-85ae-c1aaaeecf336Будучыню стварае моладзь, і тое, якія каштоўнасці стануць для яе прыярытэтнымі, у многім залежыць ад нас, дарослых. Выхаваць маладое пакаленне сумленным, мэтанакіраваным, адказным за свае ўчынкі — агульная задача бацькоў, педагогаў і шэрага адказных службаў. Таму злачыннасць непаўналетніх з’яўляецца адной з найбольшых праблем усяго цывілізаванага грамадства.

Аб тым, як у нашым раёне вядзецца работа па прафілактыцы злачынстваў непаўналетніх, асноўных накірунках прафілактычнай работы пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з пракурорам Лепельскага раёна Віталем Жыгімонтам.
— Віталь Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, аб рабоце па прафілактыцы злачыннасці непаўналетніх, якая вядзецца адказнымі службамі.
— Як сведчаць праведзеныя органамі пракуратуры праверкі і аналіз даных, праваахоўнымі органамі ў раёне ва ўзаемадзеянні з мясцовымі выканаўчымі і распараджальнымі органамі, камісіяй па справах непаўналетніх, установамі па адукацыі, аховы здароўя, службай занятасці насельніцтва, іншымі арганізацыямі вядзецца адпаведная работа па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў, іншых антыграмадскіх дзеянняў непаўналетніх і моладзі, выяўленні і ўхіленні іх прычын і ўмоў, ахове правоў дзяцей.
Разам з тым статыстычныя даныя за мінулы год сведчаць аб наяўнасці праблем у галіне прафілактыкі правапарушэнняў і злачыннасці непаўналетніх. За 2018 год непаўналетнімі ў раёне ўчынена пяць злачынстваў, што на адно больш, чым у папярэднім годзе. Іх удзельная вага ў агульнай структуры злачыннасці склала 3,1 працэнта пры сярэднеабласным паказчыку 2,5 працэнта.
— Якія ж віды злачынстваў непаўналетніх найбольш распаўсюджаныя?
— Па-ранейшаму асноўнымі відамі супрацьпраўных пасягальніцтваў з’яўляюцца злачынствы карыснай накіраванасці: чатыры крадзяжы маёмасці, у тым ліку адно хуліганства. Ва ўчыненні злачынстваў удзельнічала двое падлеткаў, навучэнцаў установы адукацыі “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж”. Адзін непаўналетні пераступіў мяжу закону чатыры разы. Аднойчы непаўналетнімі грамадзянамі злачынствы былі ўчынены на тэрыторыі г. Лепеля і чатыры разы — на тэрыторыі Валосавіцкага сельсавета.
Трэба адзначыць, што ўсе злачынствы непаўналетніх адбыліся ў першым квартале 2018 года. Прынятымі мерамі суб’ектаў прафілактыкі, у тым ліку па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду, удалося стабілізаваць крымінагеннае становішча, і фактычна на працягу другога —чацвёртага квартала мінулага года злачынствы не ўчыняліся.
Аднак не ўсімі дзяржаўнымі органамі, суб’ектамі прафілактыкі ўдзялялася належная ўвага пытанням прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, выканання заканадаўства аб непаўналетніх. Асноўнымі відамі правапарушэнняў непаўналетніх на тэрыторыі раёна па-ранейшаму застаюцца правапарушэнні, прадугледжаныя артыкулам 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва ў грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення). У 2018 годзе такіх злачынстваў было ўчынена 47, а ў 2017-м — 45, што складае больш за палову ўсіх правапарушэнняў. Паколькі большасць непаўналетніх, якія ўчынілі адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца навучэнцамі Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, можна зрабіць выснову аб праліках прафілактычнай дзейнасці ў гэтай установе адукацыі. Трэба таксама адзначыць, што чатыры з пяці злачынстваў адбыліся ў начны час — з 24 да шасці гадзін, а большасць правапарушэнняў непаўналетнімі ўчыняецца ў перыяд часу з 18 да 24 гадзін (па арт.17.3 КоАП — усе). Таму лічу мэтазгодным звярнуць асаблівую ўвагу на занятасць непаўналетніх у вячэрні час і знаходжанне без нагляду ноччу.
Нельга прызнаць здавальняючай і работу Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў, накіраваную на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Выяўленне большай колькасці непаўналетніх, якія ўчынілі правапарушэнні па арт.17.3 КоАП, сведчыць аб нізкай прафілактычнай і растлумачальнай рабоце сярод падлеткаў і іх бацькоў. Таксама, нягледзячы на тое, што большасць гандлёвых аб’ектаў абсталявана сістэмай відэаназірання, у мінулым годзе выяўлена толькі шэсць фактаў рэалізацыі непаўналетнім алкагольных напояў і піва.
— Вядома, што пракуратурай Лепельскага раёна перыядычна вядуцца праверкі заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Раскажыце, калі ласка, аб рабоце ў гэтым накірунку.
— У мінулым годзе пракуратурай раёна было праведзена пяць праверак выканання заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, у тым ліку аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў, злачынстваў сярод непаўналетніх, аб абароне правоў дзяцей і моладзі. Па выніках праверак унесена пяць прадстаўленняў, вынесена шэсць прадпісанняў, прынесена тры пратэсты, дванаццаць асоб прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.
Работнікамі пракуратуры праведзена 41 лекцыя, выступленне, прафілактычная гутарка ва ўстановах адукацыі горада, у час якіх непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам было нагадана аб адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні.
Работа каардынацыйнага савета па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18 не ў поўнай меры адказвае патрабаванням дзеючага заканадаўства. У час правядзення праверак былі выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства. У прыватнасці, пракуратурай раёна ў час ажыццяўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх выяўлены парушэнні заканадаўства ў дзейнасці ўстановы адукацыі “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж” і інспекцыі па справах непаўналетніх Лепельскага РАУС. У час праведзенай праверкі ўстаноўлены шматлікія парушэнні.
Аналіз пратаколаў пасяджэнняў савета паказаў, што пытанні, якія выносяцца на абмеркаванне, разглядаюцца на належным узроўні, з запрашэннем зацікаўленых органаў, да пратаколаў далучаюцца тэксты выступленняў запрошаных прадстаўнікоў зацікаўленых органаў і арганізацый. Пры вынясенні рашэнняў каардынацыйнага савета даюцца даручэнні, указанні канкрэтным выканаўцам, прадастаўляецца тэрмін для інфармавання савета аб праведзенай рабоце.
Так, на тэрыторыі раёна пражывае абавязаная асоба — грамадзянка П., 1973 года нараджэння. З сёмага лютага 2017 года яна не знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Супрацоўнікамі Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў жанчына была дастаўлена ў Лепельскі РАУС і пастаўлена на ўлік. 28 лютага 2017 года ёй было выдадзена заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, згодна з якім яна не мае захворванняў, пры наяўнасці якіх бацькі не могуць выконваць свае абавязкі. Жанчына з’яўляецца інвалідам трэцяй групы бестэрмінова. Да цяперашняга часу пытанне аб працаўладкаванні грамадзянкі П. не вырашана, спагнанне сродкаў на ўтрыманне дзіцяці вядзецца з яе пенсіі па інваліднасці. Лепельскім РАУС гэта інфармацыя неаднаразова накіроўвалася на імя начальніка УТЗ і СЗ райвыканкама, таксама для разгляду старшыні каардынацыйнага савета. УТЗ і СЗ райвыканкама быў дадзены адказ, што працаўладкаванне грамадзянкі П. праблематычнае па прычыне абмежаванняў да работы па стане здароўя. Нягледзячы на вышэйзгаданыя факты і наяўнасць праблемы (нізкі памер сродкаў, якія кампенсуюцца, у сувязі з чым расце запазычанасць па расходах на ўтрыманне дачкі), пытанне аб магчымасці працаўладкавання грамадзянкі П. на каардынацыйным савеце не разглядалася ні ў 2017, ні ў 2018 гадах. І, нягледзячы на вышэйзгаданыя факты, на пасяджэнні каардынацыйнага савета 29 сакавіка намеснік начальніка УТЗ і СЗ прадаставіла лжывую інфармацыю аб тым, што ў 2017 годзе працаўладкавана дзевяць абавязаных асоб, што складае сто працэнтаў ад колькасці грамадзян, якія маюць патрэбу ў працаўладкаванні.
Не ва ўсіх выпадках каардынацыйным саветам забяспечваецца належная каардынацыя дзейнасці органаў і арганізацый па рэалізацыі Дэкрэта №18 у частцы арганізацыі работы з абавязанымі асобамі.
У пракуратуры раёна на пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”, перыядычна вядуцца праверкі па гэтым пытанні.
Праверка выканання заканадаўства ў галіне стварэння бяспекі адукацыйнага працэсу і гатоўнасці ўстаноў адукацыі да навучальнага года выявіла шэраг парушэнняў. У райвыканкам унесена прадстаўленне, па выніках якога віноўныя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.